BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Генадзь Праневіч

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт з Берасця Генадзь Праневіч (1950-2017) прыводзіў шэраг аргументаў на карысць таго, што аўтарам знакамітага “Слова аб палку Ігаравым” мог быць Кірыла Тураўскі. І многія даследчыкі з ім пагаджаюцца. А яшчэ Генадзь даследаваў літаратуру сярэднявечнай Беларусі, працэсы гісторыка-культурнага ўзаемадзеяння і развіцца рамантызму ў славянскіх літаратурах, біяграфіі і погляды Льва Сапегі.

Святлана Алексіевіч, Генадзь Праневіч і Алесь Разанаў

Наогул, Льва Сапегу Генадзь Праневіч вельмі любіў, шмат даследаваў яго, пісаў, наладжваў, прысвечаныя яму, навуковыя канферэнцыі. З яго добрай рукі з вялікай цікавасцю прайшлі Першыя, Другія і Трэція Берасцейскія і Віцебскія Сапегаўскія чытанні ў 1999, 2003 і 2007 гадах. Пасля чытанняў быў выдадзены зборнік матэрыялаў да 450-годдзя з дня нараджэння Льва Сапегі, рэдактарам і складальнікам якога быў Генадзь Праневіч. Зборнік называўся “Вялікі канцлер Вялікага княства”. На гэтых чытаннях і сам Генадзь выступаў і распавядаў пра Літоўскія статуты і духоўную спадчыну Льва Сапегі ў літаратуры і грамадска-палітычнай думцы Беларусі XIX- першай трэці ХХ стагоддзяў.

У 2003 годзе ў Віцебску Генадзь Праневіч выдаў асобнай кнігай сваё даследаванне “Леў Сапега: Жыццё дзеля Айчыны”. У ім у даступнай і сціслай форме раскрываецца палітычная і творчая біяграфія Льва Сапегі – палымяннага патрыёта і гуманіста, канцлера ВКЛ, аднаго са стваральнікаў знакамітага Літоўскага Статута 1588 года. Адрасавана гэта выданне было дэпутатам і дзеячам мясцовага самакіравання, сябрам грамадскіх аб’яднанняў, усім, хто цікавіцца выдатнымі людзьмі сваёй Айчыны.

Родам Генадзь Праневіч быў з вёскі Жарабковічы Ляхавіцкага раёна. Пасля школы працаваў токарам на Берасцейскім заводзе “Газаапарат”, рабочым у “Аблміжкалгаспраекце” ў Берасце. Потым скончыў філалагічны факультэт БДУ, вучыў дзяцей роднай мове, быў намеснікам дырэктара Берасцейскага СГПТВ-65 будаўнікоў.

У 1983 годзе Генадзь Праневіч закончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1983 года і да апошніх сваіх дзён працаваў у Берасцейскім універсітэце загадчыкам кафедры беларускага літаратуразнаўства. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Літаратура сярэдневяковай Беларусі і станаўленне класічнай мастацкай традыцыі ў паэзіі Янкі Купалы”. Выдаў кнігу “Славянскі рамантызм эпохі нацыянальна-вызваленчых рухаў і вобраз беларускага нацыянальнага адраджэння ў паэзіі Янкі Купалы” (Берасце, 1993). А ў 2000 годзе Генадзь Мікалаевіч скончыў дактарантуру Інстытута імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Стажыраваўся ў Інстытуце польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.

Генадзь Праневіч і Ян Збажына, 2006 г.

У Берасцейскім універсітэце і ў жыцці, наогул, Генадзь жыў пад дэвізам: “Сэрца аддаю людзям”. Ён аддаваў сваё сэрца найперш студэнтам, выкладчыкам, сябрам. Ён сабраў на кафедры ўніверсітэта сапраўдных прафесіяналаў. А яго лекцыі слухалі на адным дыханні. Ды і на розных канферэнцыях, семінарах, сустрэчах Генадзь заўсёды выступаў цікава, шчыра, адкрываў для ўсіх новыя факты з жыцця знакамітых беларусаў, з гісторыі і філалогіі Беларусі.

Па дарозе ў Слонім на вечарыну, прысвечаную 50-годдзю А.Лойкі. Стаіць крайні справа Генадзь Праневіч. Жыровічы, травень 1981 г.

Акрамя асноўнай працы Генадзь Праневіч дзесяць гадоў узначальваў Берасцейскае аддзяленне Грамадскай арганізацыі “Фонд імя Льва Сапегі”, быў адным з заснавальнікаў Міжнароднага фонда Янкі Купалы ў 1995 годзе…

У Генадзя Праневіча тры браты і дзве сястры. Пад апекаю бацькоў яны ўсе шчаслівыя пайшлі ў свет, у людзі. А яшчэ Генадзь пісаў вершы. Ён шмат іх прысвяціў сваім родным, блізкім і сябрам. А гэтыя радкі ён напісаў для маці:

Мама! Ты мыла падлогу

І рукі, патрэсканыя ад марозу,

Снавалі туды і сюды…

Ты мыла падлогу —

Здавалася, мыла дарогу,

Каб дзеці па чыстай

дарозе ішлі!

Усе дзеці пайшлі ў жыццё па чыстай дарозе, вельмі чыстай яна была і ў Генадзя. Толькі, на вялі жаль, надта кароткай. Трое яго дарослых дзяцей усё жыццё могуць ганарыцца сваім бацькам, а ўнукі і праўнукі – дзедам.

Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя