BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Іван Вярбіцкі

Іван Вярбіцкі выступае ў Бярозаўскай гімназіі, 2002 г.

У Карэлічах на Гарадзеншчыне жыў цікавы і ўлюбёны ў родны край чалавек. Звалі яго Іван Вярбіцкі (1931-2018). Сем гадоў, як яго не стала, але жыхары Карэліччыны гэтага цудоўнага чалавека, настаўніка, краязнаўца памятаюць да сённяшніх дзён. Іван Вярбіцкі заўсёды размаўляў на роднай мове і пісаў на ёй свае даследаванні да самай смерці.

Іван Вярбіцкі (справа) з аднакурснікам Казімірам Стэфановічам. Наваградскае педвучылішча, 1950 г.

Некалі ён задумаў серыю гісторыка-краязнаўчых кніг пра свой Карэліцкі раён. Ён напісаў і выдаў асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы свайго раёна. І пісаў пісьменнік па-свойму змястоўна, грунтоўна, паказваючы гістарычны шлях развіцця таго ці іншага прадпрыемства, гаспадаркі, лёсы людзей, якія там працавалі, іх справы, дапаўняючы лічбамі, фактамі, здымкамі. Атрымалася, дарэчы, вельмі цікавая серыя. Мне здаецца, што Іван Вярбіцкі — гэта быў адзіны чалавек у Беларусі, які так дасканала даследаваў сваю мясцовасць, сваю маленькую радзіму, жыццё вяскоўцаў, бо там жыў і працаваў.

Іван Вярбіцкі (справа) і Іван Жук.

Нарадзіўся Іван Вярбіцкі 8 студзеня 1931 года ў вёсцы Куравічы на Наваградчыне. Яго вёска там, дзе канчаецца Наваградскае ўзвышша і пачынаецца Прынёманская нізіна. Калі зойдзеш на вяршыню мясцовай Маленскай гары, то ў пагодны дзень можна ўбачыць палоску нёманскай вады.

Пасучы кароў, юнак заўсёды насіў з сабой кніжку і чытаў. Сястра Соня з 1946 года вучылася ў Наваградскай сярэдняй школе і адтуль яна прывозіла яму кнігі. Іван іх чытаў і знаёміўся з рускай класікай, з беларускай літаратурай. Хутка і сам пачаў пісаць вершы. Залазіў на гарышча і пісаў пра вясну, пра вецер, пра дождж. А калі вучыўся ў Наваградскім педвучылішчы, мясцовая раёнка 5 снежня 1948 года апублікавала яго першы верш. Потым юнака забралі ў войска, служыў у Расеі ў Забайкаллі. Закончыў вучылішча пасля войска. Стаў працаваць настаўнікам. А потым скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Ажаніўся. Жонка ўсё жыццё працавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры, а ён працаваў і настаўнікам, і дырэктарам школы, і ў аддзеле адукацыі райвыканкама, але ніколі не пакідаў пісаць па-беларуску вершы, апавяданні, нарысы, займаўся краязнаўствам.

Аднойчы Іван Іванавіч сустрэўся са старшынём гаспадаркі “Лукі-Агра” Карэліцкага раёна Мікалаем Гавінам. І кажа яму: давайце напішам пра вашу гаспадарку кніжку для гісторыі нашым нашчадкам? І спадар Мікалай пагадзіўся. Вярбіцкі пачаў працаваць. Кніга напісалася хутка і выйшла з друку пад назвай “Луцкі мерыдыян”.

А потым пісаліся новыя кнігі і адна за адной выходзілі ў свет. Ён напісаў і пакінуў для свайго раёна асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі Карэліччыны. У 2004 годзе выйшлі з друку дзве кнігі: “Ручнічком дарожка” (пра ААТ “Карэлічы-Лён”) і “Гарызонты “Маяк-Заполля” (пра СВК “Маяк-Заполле”), у 2005  — “Шырокае поле здзяйснення” (пра племзавод “Карэлічы”), у 2006 — “У сэрцы з клятвай Гіпакрата” (пра Карэліцкую раённую бальніцу), а ў 2009 годзе свет пабачыла яго кніга “Край Карэліцкі мой”. А кнігу “Ад мінуўшчыны  — дарогай…” Іван Вярбіцкі прысвяціў гісторыі Карэлічаў…

Акрамя краязнаўства Іван Іванавіч пісаў вершы. Яго мясцовыя людзі-землякі ў Карэлічах часам называлі паэтам. Але ён сябе ніколі паэтам не лічыў. Ён з маленства любіў сваю краіну — родную Беларусь. Вось ёй і прысвячаю ўсе свае кнігі і вершы:

Паклон, радзімая зямля.

Паклон вам, нівы залатыя!

Люблю і зблізку, і здаля,

Вас не пабачу — сэрца ные

Іван Іванавіч ўдзельнічаў у конкурсах па напісанні гімнаў для Карэліч і Цырына. І ў абодвух конкурсах яго вершы перамаглі і сталі гімнамі.

Іван Вярбіцкі з жонкай Марыяй з вучнямі вёскі Макрэц Наваградскага раёна, 1960-я гады

Пры сустрэчах настаўнік часта распавядаў, успамінаў пра сваіх сяброў. Шчыра сябраваў Іван Вярбіцкі з вядомым беларускім “букварыстам” Анатолем Клышкам. Яны разам некалі вучыліся ў Наваградскім педвучылішчы. Сябраваў некалі і з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём. Апошні раз ён разам з журналістамі карэліцкай раённай газеты “Полымя” пабываў на летніку Янкі Брыля ў Крынічным. Заспелі яго на агародзе, ён займаўся праполкай морквы. Скардзіўся Іван Антонавіч, што вельмі моцна баляць ногі.

Іван Вярбіцкі з настаўніцамі. Наваградак, 1954 г.

Спрабаваў сябе Іван Вярбіцкі і ў прозе. Напісаў апавяданні і апублікаваў іх невялікую вязанку. “Нешта цяжка даецца, узрост ужо не той. Вельмі захапілі мяне і байкі. Маю ўжо пару дзесяткаў, некаторыя ўжо апублікаваў. На жаль, цяпер мала пішуць байкаў. А яны сёння былі б дарэчы”, – казаў у апошнія гады жыцця Іван Іванавіч.

Іван Вярбіцкі часта выступаў перад студэнтамі і вучнямі Гарадзеншчыны, 1980 г.

На Карэліччыне Івана Іванавіча Вярбіцкага ведалі амаль усе. І ставіліся землякі да яго вельмі шчыра, звычайна, проста, без ніякай злосці, зайздрасці і насмешкі. Яны вельмі паважалі гэтага чалавека, а ён пра добрых людзей, пра іх справы і жыццё вёскі, пісаў і выдаваў кнігі.

Паэт Гаўрыіл Шутэнка з жонкай і крайні справа Іван Вярбіцкі,1970-я гады

Іван Вярбіцкі меў сваю вялікую прыватную бібліятэку. Калі аднойчы я пра яе запыталася, то ён адказаў так: “Ведаеце, я маю сваю прыватную вялікую бібліятэку рускай і беларускай літаратуры, якая налічвае некалькі тысяч кніг. Таму найчасцей карыстаюся кнігамі са сваёй уласнай бібліятэкі. Ёсць і старыя выданні. Напрыклад, байкі Крылова, выдадзеныя ў 1948 годзе, вершы Лермантава таксама 1948 года, ёсць такое выданне, як “Воспоминание Брусилова”, 1939 года, шмат пасляваенных выданняў беларускіх аўтараў. Стаяць на маіх паліцах і кнігі сяброў з аўтографамі, многіх якіх, на жаль, ужо даўно няма. Напрыклад, Іван Жук на сваёй кнізе напісаў: “Паэту Карэліччыны, сябру па пяру Івану Іванавічу Вярбіцкаму ад аўтара. Жадаю моцнага здароўя і новых вершаў і кніг у імя роднага краю. 4 студзеня 2007 года”.

У адным са сваіх вершаў Іван Вярбіцкі напісаў:

Пакуль яшчэ хапае сіл,

Зямлі сваёй не пакідайце,

І будзе край для сэрца міл,

Утульнасць застанецца ў хаце.

Ахайваць лёгка, праклінаць,

Куды цяжэй ствараць даброты…

Сябры мае, давай спяваць,

Калі паплакаць ёсць ахвота.

Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя