
Педагога, краязнаўца і грамадска-культурнага дзеяча Івана Здановіча (1926-2022) паважалі і ведалі на Пружаншчыне амаль усе. А найбольш да гэтага сімпатычнага, адукаванага і смелага чалавека хінуліся настаўнікі, школьнікі, творчая інтэлігенцыя раёна.
Іван Юльянавіч Здановіч нарадзіўся ў вёсцы Доўгая на Шчучыншчыне. Спачатку скончыў польскую пачатковую школу ў сваёй вёсцы. У канцы 1930-х гадоў вучыўся ў пятым класе Баяра-Жалудоцкай школы і ў шостым класе Вялікасельскай школы. Тады гэта быў Жалудоцкі раён.
Падчас вайны Іван Здановіч вучыўся ў Жалудоцкай школе і ў Шчучынскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 года ён працаваў загадчыкам Баяра-Жалудоцкай пачатковай школы, затым настаўнікам у роднай вёсцы. У 1946 годзе завочна скончыў Лідскае педвучылішча. А ў 1947-1951 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Гарадзенскага педінстытута.
Пасля заканчэння вучобы Іван Здановіч быў накіраваны на працу ў Берасцейскую вобласць. Працаваў настаўнікам у вясковых школах, у Пружанах.
Аднойчы на школьным вечары ў Пружанскай СШ №1 Іван пазнаёміўся са студэнткай Вольгай, якая прыйшла ў школу пабачыцца з сябрамі. Сталі сустракацца. А падчас завяршэння вучобы Вольгі ў інстытуце аформілі шлюб.
На работу сямейная пара настаўнікаў паехала на малую радзіму Івана — Гарадзеншчыну. Аднак па настойлівай просьбе сваякоў жонкі неўзабаве маладыя зноў вярнуліся на Пружаншчыну. Выкладаючы родную мову і літаратуру, працавалі Здановічы ў розных школах.

Іван і Вольга Здановічы
Пружанскім настаўнікам даводзілася шмат працаваць. Дапамагала агульнасць інтарэсаў. Удвух лягчэй было спраўляцца і з сямейнымі справамі. Вырасцілі двух дзяцей. І, як заўжды заўважалі, нягледзячы на сваю прафесію, на “выхаваўчым працэсе” не зацыкліваліся. Проста, дзеці вучыліся на прыкладзе бацькоў заўсёды заставацца сумленнымі і справядлівымі людзьмі, з павагай ставіцца да іншых, дапамагаць тым, хто трапіў у бяду. Дачка, як і маці з татам, таксама стала настаўніцай беларускай мовы, а сын — хірургам-траўматолаг.
Калі ў Івана Юльянавіча пыталіся адкуль такая вялікая любоў да роднай мовы, да Бацькаўшчыны, ён заўсёды казаў: “З дзяцінства. Заўсёды даводзілася знаходзіцца ў асяродку, у якім паважалі беларускую культуру і літаратуру, зачароўваліся роднай мовай. Я ўжо тады ведаў, што таксама панясу па жыцці гэтую любоў да ўсяго нацыянальнага. І вельмі было прыемна, што мяне разумелі і падтрымлівалі і дзеці, і жонка. Нават у савецкія часы, выступаючы на розных актывах, я гаварыў па-беларуску“. Сваю пазіцыю выяўляў мовай, паводзінамі, ладам жыцця. Настаўнік з 1989 года быў першым кіраўніком і доўга ўзначальваў раённае Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
У 1974 годзе Іван Здановіч быў прызначаны дырэктарам Пружанскай школы-інтэрната, а пасля яе закрыцця ўзначаліў Пружанскую сярэднюю школу № 4. У 1986 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.
Усё жыццё Іван Здановіч займаўся краязнаўствам, пісаў і друкаваў гісторыка-краязнаўчыя артыкулы на самыя розныя тэмы. Але найпершым яго выданнем быў “Зборнік практыкаванняў па беларускай мове”. Ён перапрацоўваўся, дапаўняўся і выдаваўся ў 1966, 1969, 1979 гадах. Настаўнік таксама быў старшынём грамадскага аб’яднання “Спадчына”, сябрам Беларускага Народнага фронту. Ён з’яўляўся адным з ініцыятараў пабудовы помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Ружанскай пушчы ў 1989 годзе. А летам 2000 года арганізаваў аднаўленне помніка, бо ён быў разбіты, і яго ўрачыстае асвячэнне.

Віншаванне з 90-годдзем
У 2003 годзе Іван Здановіч выдаў грамадска-літаратурны даведнік “Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны”. У ім аўтар напісаў пра людзей, чый жыццёвы лёс так ці інакш быў звязаны з Пружаншчынай, хто ўносіў і ўносіць свой пасільны ўклад у агульную справу беларускага нацыянальнага адраджэння.

Пражыў Іван Здановіч 96 гадоў. Памёр і пахаваны ў Пружанах.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя