BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Ян Збажына

Пазнаёміўся я з Янам Збажыном (сапраўднае прозвішча Іван Савіцкі, 1964-2011) дзесьці напачатку 2000-х гадоў у Гародні. Збіраліся мы там па краязнаўчых справах. Адных хлопцаў і дзяўчат я добра ведаў, іншых — не. Не быў знаёмы і з Янам. Ён першы да мяне падышоў, павітаўся, расказаў пра сябе.

Потым ён мне часта тэлефанаваў, распавядаў пра новыя кнігі, літаратурныя справы, пра пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Казаў шчыра і ў размовах быў справядлівы, даволі трапны і адкрыты. Аднойчы Ян Збажына сабраў вязанку кніг баранавіцкіх аўтараў і выслаў мне. Нават некаторыя баранавіцкія аўтары напісалі аўтографы на сваіх выданнях для мяне, а я ў сваю чаргу дасылаў яму кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі, якіх ён не меў.

У 2006 годзе група краязнаўцаў з Беларусі ад асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» пры падтрымцы цэнтра Фонду развіцця лакальнай дэмакратыі ў польскім Шчэціне наведала гэты прыгожы горад. Мы знаёміліся з гісторыяй горада, справамі мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў, сумесна з палякамі распрацоўвалі метадычныя парады і дыдактычныя матэрыялы па турызме і краязнаўстве і г. д. Быў разам з намі і Ян Збажына з Баранавіч. Ён вылучаўся сваёй актыўнасцю, адукаванасцю, працавітасцю і, вядома ж, нейкай авантурнасцю. Сапраўды, з Янам сумаваць не даводзілася. У яго было столькі энергіі, што, здавалася, яму далёка не 40, а ўсяго 25 гадоў. Ён гарэў ідэямі, роздумамі, планамі. Неяк мне кажа: «Разумееш, Міхась, мне не пашанцавала ў жыцці, хаця я сам ва ўсім вінаваты. Але я ўмею пісаць вершы, прозу. Я ведаю, якую і пра што трэба напісаць кнігу, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію. Кажу табе без жартаў, бо маю на гэта творчую сілу і веды».

Веды і талент баранавіцкі літаратар сапраўды меў. Пасля вяртання са Шчэціна мы, краязнаўцы, напісалі разам кнігу «Краязнаўства і адукацыя», якая пабачыла свет на беларускай мове ў 2006 годзе ў Шчэціне. Быў там змешчаны і вялікі артыкул Яна Збажыны «Беларускі досвед краязнаўства як адукацыі для насельніцтва». Хачу сказаць, што пісаў ён хутка, разумна, умеў разважаць, ставіць пытанні і адначасова адказваць на іх. У сваім цікавым краязнаўчым артыкуле аўтар прыйшоў да высновы, што «дэнацыяналізацыя і расеізацыя, згортванне суверэнітэту, фармаванне свядомасці сучасных беларусаў адлегласцю ад вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў, усталяванне постбэсэсэраўскага семантычнага асяроддзя, утварэнне культу адзінай (“правільнай і чэснай”) асобы загнала сёння беларускае краязнаўства па сутнасці ва ўмовы падполля». І з аўтарам сёння можна пагадзіцца, бо яно сапраўды так.

Генадзь Праневіч і Ян Збажына, 2006 год

Ян Збажына вярнуўся ў Баранавічы. Ён мне па-ранейшаму часта тэлефанаваў, прасіў дасылаць кнігі, бо купіць ён не меў магчымасці — не было грошай. Я дасылаў яму розныя новыя выданні, якія прывозілі адусюль сябры. Прасіў прывозіць па некалькі асобнікаў, каб хапіла і Яну. Калі высылаў яму кнігі, між старонак заўсёды клаў 20, 50 ці 100 тысяч рублёў (на тыя грошы) адной купюрай. Ён атрымліваў, дзякаваў і знікаў на тыдзень-другі. У 2008 годзе мы сустрэліся. Ян падараваў мне баранавіцкі літаратурны альманах «Вечнасць… А там? Што там?..», які ён рэдагаваў. Я яму сказаў, што назва альманаха няўдалая. Ён пагаджаўся, але радаваўся, што альманах з’явіўся на свет. У ім была змешчана і падборка твораў Яна пад агульным загалоўкам «Альтанка на завулку Паўночным». Добрая падборка, якая складалася з хоку, танка, версэтаў, верлібраў і афарызмаў. Многія, якія прачытаў тады, запомніліся надоўга:

* * *

Абыякава

Пазірае фасоля,

Як спеюць вішні.

* * *

Дождж ліў як з вядра.

Парасону ўсё роўна.

Ён спаў на шафе…

Пра раптоўную смерць Яна Збажыны даведаўся ад сяброў з Баранавіч, а таксама з Інтэрнэту, што памёр ён у Берасці ў шпіталі. Да слёз шкада стала Яна, якому было толькі 47 гадоў. А было ў яго сотні творчых задумак і планаў.

Нарадзіўся Ян Збажына 31 сакавіка 1964 года ў Баранавічах. У 1993 годзе скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Як гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплінаў, ён працаваў выкладчыкам у баранавіцкіх школах і ў ВНУ. Быў адным з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х гадоў, пачынальнікам скаўцкага руху ў Баранавічах. Яго творы друкаваліся ў розных беларускіх літаратурных выданнях. У 2004 годзе Ян Збажына выдаў адзіную кнігу паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў». Яна была даволі станоўча ацэненая крытыкамі.

Днямі зноў перачытаў ягоны «Пыл саркафагаў» — філасофскі роздум пра нашыя жыцці і смерці. Магчыма, хуткую смерць ён прадчуваў, бо радкоў пра яе было напісана шмат. Смерць проста нахабна лезла ў яго паэтычныя вобразы і строфы: «Нават смерць пакідае мёртвае», «Ні на вокамгненне не губляй адчуванне смяротнасці, інакш смерць сама згадае аб табе», «Пасля смерці кожны сустракае самога сябе… Жахліва?», «Разважанні пра смерць прыемна супакойваюць тым, што і сама смерць падуладная ім» і г. д.

Але Ян Збажына, як і ўсе мы, любіў жыццё і хацеў жыць. Сваім сябрам ён заўсёды казаў: «Для творчасці мне патрэбна “хімізацыя мозгу”: гарбата, кава, тытунь, алкаголь і… жанчыны». Гэтага ўсяго ў яго жыцці хапала, магчыма нават — было зашмат. А яшчэ ў апошні час паэт часта пісаў пра сваю альтанку на завулку Паўночным у Баранавічах, дзе ён жыў. Толькі альтанка яму не здраджвала ніколі, а ён не здраджваў ёй. Цяпер альтанка засталася адна, засталася без свайго філосафа і паэта:

Плача альтанка

Кароткімі начамі.

Як леташні снег,

На завулку Паўночным

Адцвілі язмін і бэз.

А ёй паэт нібы адказвае, суцяшае, спадзяецца:

І ўзыдзе сонца.

Вернецца твой матылёк,

Не плач, альтанка…

31 сакавіка 2024 года Яну Збажыну споўнілася б толькі 60. Магчыма, у гэты дзень да яго альтанкі прыляцеў матылёк і нагадаў усім, што зусім нядаўна з намі побач жыў шчыры беларус і цудоўны паэт, якому ў жыцці так і не ўдалося стрэсці пыл з саркафагаў.

Міхась Крупнік, Беларускае Радыё Рацыя