BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Янка Хвораст

Беларускі танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору Янка Хвораст (1902-1983) сёння ў Беларусі амаль забыты. Яго асабісты архіў захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад № 27 і складаецца з 357 адзінак захавання. Гэта творчыя матэрыялы Янкі Хвораста, кнігі, распрацоўкі танцаў і балетаў, лісты 1940-х-1980-х гадоў, п’еса, артыкулы, афішы, фотаздымкі, артыкулы пра Янку Хвораста і г.д. Усё гэта трэба рыхтаваць і выдаваць асобнымі кнігамі. Толькі хто гэта і калі ажыццявіць – цяжка сказаць.

Янка Хвораст нарадзіўся 24 лютага 1902 года ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павета. Яго маці, Захвея Васілеўна Хвораст (1875–1944), была вядомай на ўсё наваколле спявачкай, глыбокім знаўцам народнай песні. Стрыечны брат, Рыгор Шырма (1892–1978), запісаў ад яе шмат беларускіх народных песень, якія потым увайшлі ў рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Беларусі пад яго кіраўніцтвам.

Пасведчанне настаўніка Віленскай беларускай гімназіі

Сваю адукацыю Янка Хвораст атрымліваў спачатку ў польскай гімназіі. У 1926 годзе паступіў у Віленскую беларускую гімназію, якая давала грунтоўныя веды, дапамагала моладзі ў вызначэнні далейшага жыццёвага шляху. Акрамя вучэбных заняткаў Янка Хвораст з цікавасцю наведваў гімназійныя гурткі, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры, якім кіраваў Рыгор Шырма, але юнака ўсё больш вабіла мастацтва танца. Захапленне танцамі, жаданне зразумець азы харэаграфіі, вывучыць яе законы прывяло ў прыватную балетную школу, дзе ён займаўся ўвесь вольны ад вучобы час. З 1928 года Янка Хвораст быў салістам танцавальнай групы хору Славянскай песні Віленскай беларускай гімназіі.

Янка Хвораст стаіць сёмы справа сярод беларускай творчай інтэлігенцыі Вільні, 1930-я гады

Па заканчэнні гімназіі Янка Хвораст у 1929 годзе паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Ва ўніверсітэце, як і ў гімназіі, арганізаваў і кіраваў студэнцкім танцавальным гуртком. У 1935 годзе, атрымаўшы дыплом магістра філасофіі, цягам амаль трох гадоў ніяк не мог уладкавацца на працу. Толькі ў 1938 годзе пашчасціла атрымаць месца настаўніка польскай і лацінскай моў, а таксама настаўніка псіхалогіі і логікі ў Вялейскай гімназіі.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР па даручэнні беларускага ўрада Рыгор Шырма ў Беластоку стварыў Беларускі ансамбль песні і танца. Арганізацыя танцавальнай групы ансамбля была даручана Янку Хворасту, які адначасна стаў яе салістам і балетмайстрам. У гады Другой сусветнай вайны Янка Хвораст быў удзельнікам фронтавых канцэртных брыгад. У канцы 1943 года ансамбль вярнуўся ў Беларусь, у вызваленую ад ворага Навабеліцу. Янка Маркавіч у складзе ансамбля і як саліст выступаў на заводах і фабрыках, у ваенных шпіталях, на перадавой і ў партызанскіх атрадах.

Злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч, 1932 г.

Балетмайстар Янка Хвораст сістэматычна пашыраў рэпертуар ансамбля, прыдумваючы ўсё новыя і новыя пастаноўкі танцаў, з энтузіязмам займаўся падборам новых маладых кадраў, адточваў сваю ўласную танцавальную тэхніку і клапаціўся пра прафесійны ровень сваіх калег. У выніку 10-гадовай працы ў гэтым калектыве славуты балетмайстар распрацаваў і паставіў звыш 60 танцаў, танцавальных кампазіцый, мініяцюр. Але ў 1951 годзе танцавальная група ансамбля спыніла сваё існаванне.

Злева направа Юльян Саковіч, Янка Хвораст, Марыя Скурко. 1931 г.

У 1953 годзе Янку Хвораста запрасілі як саліста балета ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе да 1960 года ён уваходзіў у склад балетнай групы эстраднага ансамбля.

Па заканчэнні сцэнічнай кар’еры Янка Хвораст больш увагі змог удзяліць педагагічнай і шэфскай дзейнасці. Некаторы час працаваў выкладчыкам у Менскім харэаграфічным вучылішчы, кансультантам Рэспубліканскага Дома народнай творчасці, шмат дапамагаў самадзейным калектывам: народнаму ансамблю песні і танца імя Агінскага (Смаргонь), народнаму ансамблю песні і танца «Свіцязь» (Наваградак), «Маладосць» (Ваўкавыск), «Лянок» (Дзятлава), «Лідчанка» (Ліда) і іншым. За значны ўклад у развіццё беларускага танцавальнага мастацтва быў узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі, а ў 1977 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Янка Хвораст быў нястомным збіральнікам беларускага танцавальнага фальклору. Ён запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі «Беларускія танцы» (1974, 1977), «Танцы Янкі Хвораста» (1991). Стварыў шэраг сцэнічных варыянтаў многіх традыцыйных беларускіх танцаў: «Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка», карагодаў: «Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны», «Вішанька» і шмат іншых.

Святлана Канапніцкая, Беларускае Радыё Рацыя