
Жывапісец і графік Юрась Герасіменка-Жызнеўскі (1948-1997) жыў і працаваў у Маладэчне. Родам ён быў з вёскі Даўгінава Вілейскага раёна. Скончыў мясцовую сярэднюю школу і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на графічным аддзяленні Васіля Шаранговіча.
Пасля вучобы юнак прыехаў у Маладэчна, дзе і жыў да апошніх гадоў свайго жыцця. А пражыў ён усяго 49 гадоў.
У Маладэчне Юрась Герасіменка-Жызнеўскі выкладаў у мясцовай мастацкай школе і ў Маладэчанскім музычным вучылішчы імя Міхала Клеафаса Агінскага. Гэта ён быў ініцыятарам стварэння ў музычным вучылішчы імя Агінскага аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У вольны ад асноўнай працы час Юрась працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Ён вельмі любіў Беларусь, яе гісторыю, мову, мастацтва, у сваіх творах адлюстроўваў партрэты вялікіх асобаў Бацькаўшчыны. Мастак удзельнічаў у розных выставах, пачынаючы з 1976 года. Быў дыпламантам многіх конкурсаў кнігі, узнагароджаны дыпломам імя Францыска Скарыны.

Кніга Васіля Віткі ў афармленні Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага
Да сённяшніх дзён яго вучні і калегі прыгадваюць пра мастака шчырымі і светлымі словамі. Напрыклад педагог Вольга Маслава згадала: “У той вечар падаў сняжок. Я бегла дамоў праз свой двор і сустрэлася з Юрасём Паўлавічам. Ён ішоў да мастака Кастуся Харашэвіча (у пад’ездзе, дзе я жыву на першым паверсе была майстэрня, у якой часта збіраліся маладзечанскія мастакі). Размова была нядоўгай, але вельмі кранула мяне. Юрась Паўлавіч запытаўся пра справы і майго сына. Я адказала, але ўбачыла, што ён сумны. Спыталася, што ў яго здарылася. Ён адказаў: “Хварэю… Вось ў дзверы стукаеш-стукаеш, а яны зачыненыя.І няма выйсця”. Мне стала ніякавата. Сказала яму: “Трымайцеся, побач з вамі родныя, дарагія людзі. Глядзіце, а надвор’е якое!”. На яго твары з’явілася ўсмешка, і вочы сталі жывымі. “Трэба не прапусціць такія моманты”, — сказаў ён. Мы развіталіся. А праз некалькі дзён Юрася Паўлавіча не стала. У апошні вечар ён намаляваў святога Георгія Перамоганосца, які забівае цмока”.

Паштоўка. Мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі
Да найбольш значных мастацкіх дасягненняў Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага трэба залічыць яго партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кастуся Каліноўскага, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Язэпа Драздовіча. У розны час у Маладэчне выйшаў шэраг паштовак, у аснову якіх увайшлі партрэты славутых беларусаў, якіх намаляваў мастак.

Якуб Колас. Мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі, 1972 г.
У Маладэчне Юрась Герасіменка-Жызнеўскі быў вельмі папулярным чалавекам, спакойным, ураўнаважаным, ён “заражаў” сваіх вучняў творчасцю і беларускасцю. З усімі ён меў сяброўскія адносіны, а для маладэчанскіх творчых людзей – вялікім аўтарытэтам. Пра яго заўсёды казалі, як пра значную асобу ў беларускім мастацтве. Ён вельмі любіў яшчэ займацца кніжнай графікай. Гэта Юрась Герасіменка-Жызнеўскі на самым высокім мастацкім роўні аформіў першае выданне аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”, дзе да сённяшніх дзён здаецца, кніга аформлена не звычайнымі выяўленчымі сродкамі, а святлом і ценем.

Арыгінальна і прыгожа мастак аформіў кнігі Васіля Зуёнка “Маўчанне травы”, “Выбранае” Якуба Коласа, “Казкі і краскі” Васіля Віткі, “Беларускі каляндар” на 1992 год і іншыя выданні. Ён – аўтар першага герба Маладэчна, гэты герб быў зацверджаны ў 1988 годзе.

Працы маладэчанскага мастака захоўваюцца ў Маладэчне, Вілейцы, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, у прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы.
Памёр Юрась Герасіменка-Жызнеўскі ў лютым 1997 годзе і пахаваны на мясцовых могілках у роднай вёсцы Даўгінава Вілейскага раёна.
Таццяна Лазоўская






