
Беларускі патрыёт Кастусь Рамановіч (1927-2005) вельмі хацеў пабачыць свае ўспаміны асобнай кніжкай, але не паспеў. Найперш, ён іх пісаў для сваёй сям’і, каб нашчадкі ведалі і памяталі, за што змагаўся, праз што прайшоў іх бацька і дзед. Успаміны Кастуся Рамановіча пра сябе і сваіх сяброў “За волю Беларусі” пабачылі свет у 2005 годзе праз некалькі месяцаў пасля яго смерці.
Нарадзіўся Кастусь Рамановіч 1 студзеня 1927 году ў вёсцы Лозкі на Наваградчыне ў беднай беларускай сям’і. Адукацыю пачаў атрымліваць у 1934 годзе ў польскай школе. У той час у Польшчы не было беларускіх школ, а ў польскіх беларускую мову і літаратуру не выкладалі. Нават на перапынках паміж урокамі дзецям забаранялі размаўляць па-беларуску. Яго цётка па бацьку Аляксандра Аляшкевіч, настаўніца пачатковай школы пры “першых” саветах, аднойчы сказала: “Дык Беларусі, як дзяржавы, ніколі не было”. Кастусь ёй адказаў: “Не было — дык будзе!”.
У 1939 годзе Кастусь перайшоў у 6 клас сямігадовай польскай школы ў вёсцы Лозкі, потым пры саветах яго адсадзілі назад на адзін клас. А 22 чэрвеня 1941 года Нямеччына напала на Савецкі Саюз. Першыя нямецкія жаўнеры ўвайшлі ў яго вёску без адзінага стрэлу. Немцы ў адукацыю не ўмешваліся. У 1941-1942 навучальным годзе Кастусь Рамановіч вучыўся ў 7-м класе школы ў Лозках. Усе прадметы выкладаліся выключна на беларускай мове. Замежнай мовай была нямецкая. Расейскай мовы і літаратуры зусім не было.
Кіраўніком школы і класным апякуном Кастуся Рамановіча быў Мікола Клімец, які прывіў яму любоў да матэматыкі. Беларускую мову і літаратуру выкладала маладая настаўніца Галіна Бузук. Гэта яна заклала ў юнацкую душу плённае зерне беларускага патрыятызму, якое трапіла ў спрыяльную глебу. Галіна была амаль равесніцай перарослых вучняў сёмага класа. Яна здолела заахвоціць вучняў вывучыць на памяць амаль усю паэму Якуба Коласа “Новая зямля”, якая прывіла хлопчыку яшчэ большую любоў да нашай пяшчотнай, мілагучнай, лагоднай, ласкавай, роднай беларускай мовы. Галіна дапамагла дзецям палюбіць беларускую літаратуру, пазнаёміла з выдатнымі беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і іх творамі. З захапленнем школьнікі спявалі беларускія лірычныя і патрыятычныя песні. Бузук арганізавала драматычны гурток, ставіліся беларускія п’есы. Кастусь удзельнічаў у школьным хоры і драматычным гуртку. З канцэртам школьнікі ездзілі ў раённы гарадок Любча, куды іх коньмі вазілі бацькі. Пасля вайны настаўніца Галіна Бузук загінула ў сталінскім ГУЛАГу.
Пасля заканчэння сёмага класа беларускай народнай школы ў вёсцы Лозкі, у верасні 1942 году Кастусь паступіў на першы курс Наваградскай настаўніцкай семінарыі. Так вясковы хлапчук Косця Рамановіч апынуўся ў Наваградку.
Самым актыўным іх выхавацелем, закладчыкам беларускага патрыятызму быў настаўнік, малады таленавіты арганізатар, шчыры беларус, сапраўдны патрыёт Беларусі, палымяны прамоўца Барыс Рагуля. Ён быў роўна на 7 гадоў старэйшы за Кастуся. Барыс Рагуля актыўна арганізоўваў розныя гурткі, спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны.
У верасні 1943 года Кастусь Рамановіч стаў сябрам Саюза беларускай моладзі. Гэта была адна з важнейшых падзей у яго жыцці. У СБМ прымаў хлопца сам Барыс Рагуля, чым ён вельмі ганарыўся. СБМ з’яўлялася нацыянальнай беларускай патрыятычнай арганізацыяй моладзі.
Першага верасня 1944 года Кастусь стаў вучнем Наваградскай педвучэльні. Як студэнту III курсу педвучэльні, яму далі “бронь” ад службы ў войску. Пачаліся заняткі і стала відавочна, што ўсё беларускае ў педвучэльні “як карова языком злізала”. Зніклі ўсе беларускія настаўнікі, якія іх вучылі ў настаўніцкай семінарыі, застаўся толькі выкладчык спеваў Дыдышка. Кіраўніцтва, настаўнікі, нават многія студэнты былі прысланыя з усходу. Усе прадметы пачалі выкладацца па-расейску. У вучэльні арганізавалі камсамол, у які Кастусь не пайшоў, ды і яго туды ніхто і не запрашаў. Мабыць, ведалі, каго туды прымаць. Нягледзячы ні на што, у хлопца застаўся толькі беларускі дух. Пачалося новае студэнцкае жыццё.
У ноч з 13 на 14 снежня 1944 года Кастуся Рамановіча арыштавалі. Разам са ім у гэтую ноч арыштавалі іншых яго сяброў. У турме Кастусь прасіў, каб яго забралі на фронт у штрафную роту. Але яму адказалі: “Нам контрреволюционеры не нужны”. Арыштаваны ён быў за прыналежнасць да СБМ і за навучанне ў Беларускай афіцэрскай школе. Месяц трымалі ў наваградскай турме, а допытаў ніякіх не было. А ў канцы студзеня 1945 года, пад укрыццём начной цемры і пад строгім канвоем, павялі арыштантаў з турмы на вакзал. А адтуль – у Варкуту.
Пасля Варкуты напрыканцы верасня 1946 года Кастусь Рамановіч вярнуўся ў Беларусь на Наваградчыну. Там ён разам з сябрамі стварыў падпольную патрыятычную арганізацыю “Саюз Вызвалення Беларусі” (СВБ). У канцы траўня 1947 года Кастуся Рамановіча арыштавалі другі раз. У сваіх успамінах ён напісаў: “29-30 жніўня 1947 году Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласці асудзіў нас, 18 чалавек, па арт. 63-1 КК БССР на тэрміны ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, з адбыццём пакарання ў ППЛ (папраўча-працоўных лягерах). Дваццаць пяць гадоў далі кіраўніку СВБ Генадзю Казаку. Я быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ды на 5 гадоў пазбаўлення правоў з высылкай і з канфіскацыяй маёмасці. Маёмасці ў мяне ніякай не было, толькі падчас арышту забралі стары фотаапарат “Фотакор”, падарунак майго дзядзькі Гальяша Аляшкевіча, расстралянага немцамі за сувязь з савецкімі партызанамі”.

Адбыў гэты ГУЛАГ Кастусь Рамановіч. Пэўны час пражываў у Данецку, Макееўцы, скончыў Данецкі палітэхнічны інстытут. А з 1972 года жыў у Беларусі ў Пінску…
Як напісана ў прадмове да ўспамінаў “За волю Беларусі”, “гісторыя Кастуся Рамановіча – рэдкі прыклад таго, як чалавек, вярнуўшыся з савецкага канцлагеру, зноў пачынае рызыкаваць, уключаецца ў падпольную працу. Нездарма ён меў у СБВ псеўданім “Сокал”. Смелы, сумленны, рашучы, энергічны, моцны духова – такім запомніўся светлай памяці Кастусь Рамановіч. Сапраўдны змагар за вызваленне Беларусі”.
І апошняе. Калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, Кастусь Рамановіч далучыўся да дэмакратычнага незалежніцкага руху. Ён стаў сябрам ТБМ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, стварыў на Палессі дэмакратычную ветэранскую арганізацыю.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя