BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

Гэта цяпер у Нясвіжы прадаюць яе прыгожа выдзеныя кніжкі, прысвечаныя Нясьвіжу, скарбам, музам і паданням Нясьвіжа, чорнай даме Нясвіжскага замка і яго таямніцам, роду Радзівілаў. А пры жыцці Клаўдзію Шышыгіну-Патоцкую (1935-2005) мясцовыя вертыкальшчыкі асцерагаліся і, неяк стараліся не заўважаць, не запрашаць на розныя мерапрыемствы і сустрэчы. Тым больш, што яна была не толькі настаўніцай роднай мовы і літаратуры, музыкі, замежнай мовы, краязнаўцам, але і сябрам Беларускага Народнага фронту “Адраджэньне”.

Краязнаўствам Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая пачала займацца на пачатку 1980-х гадоў. Мясцовыя жыхары і госці Нясьвіжа мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца і пагутарыць з даследчыцай. Справа ў тым, што недалёка ад уваходу ў замак у яе была свая гандлёвая кропка, дзе Клаўдзія Якаўлеўна прадавала кнігі, у тым ліку і свае, прысвечаныя Нясьвіжу.

Магчыма ў Беларусі і па-за яе межамі ёсць шмат даследчыкаў гісторыі Нясьвіжа і роду Радзівілаў, але наўрад ці хто з іх так моцна любіў Нясьвіж і яго герояў, як яна. Пра Нясвіж Клаўдзія Якаўлеўна магла распавядаць бясконца. І ўсё, што ёй удавалася адшукаць у старых выданнях, архівах, бібліятэках, пачуць ад людзей – даследчыца занатоўвала, а пасля пісала кнігі.

У 1986 годзе ў Мінску ў выдавецтве “Полымя” ў серыі “По родному краю” на рускай мове Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая выдае кнігу “Музы Нясвіжа”. Кніга выйшла пад рэдакцыяй Адама Мальдзіса. Яна была прысвечана гісторыі Нясьвіжа, яго знакамітым людзям, бібліятэчным і архіўным скарбам, музеям. Выданне мела вялікі поспех.

Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая была не толькі сябрам БНФ, але прымала ўдзел у сацыял-дэмакратычнай Грамадзе, калі яна стваралася. Яна заўжды перажывала за Беларусь, за лёс беларускай мовы. А калі была вядомая галадоўка дэпутатаў у парламенце, дык яна хацела ехаць туды і галадаць разам з дэпутатамі.
Клаўдзія Якаўлеўна заўжды перажывала душою за ўсё беларускае. Неяк прыязджаў у Нясьвіж на сустрэчу Вячаслаў Кебіч і была сустрэча з інтэлігенцыяй у палацы. І яе не маглі не дапусціць туды. І яна прыйшла і запытала пра ўсё, што хацела. Такіх асобаў у Беларусі вертыкальшчыкі пабойваюцца і, нават іх, ігнаруюць.

Але краязнаўца і грамадская актывістка з Нясьвіжа на ўсё гэта не звяртала ўвагі. Яна даследавала родны край і выдавала пра яго кнігі. У 1993 годзе з друку выходзіць кніга даследчыцы “Скарбы Нясвіжа”. У выданні распавядаецца пра памятныя мясціны Нясвіжа, яго ўклад у культурную скарбніцу Беларусі, пра помнікі архітэктуры, паркі, музеі, дзеячаў літаратуры і мастацтва, чыё жыццё і творчасць звязаны з унікальным горадам. Чытачы змогуць нібы вярнуцца на некалькі стагоддзяў назад, у тыя часы, калі ў Нясвіжы і яго ваколіцах гаспадарылі магутныя магнаты Радзівілы, даведацца пра драматычныя старонкі жыцця горада, акунуцца ў свет паданняў і легендаў старажытнай Нясьвіжскай зямлі. Кніга Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай пасля выхаду адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю.

У 1990-м і ў1992-м гадах у менскім выдавецтве “Полымя” выйшлі яшчэ дзве кніжкі краязнаўцы – “Паданні Нясвіжа” і “Чорная дама Нясвіжскага замка”. Кнігі, прысвечаныя легендам і паданням Нясвіжа. Потым пісаліся новыя даследаванні “Тры каханні Сыракомлі”, “Замкі Мірскі і Нясвіжскі”, “Легенды Нясвіжа”, “Каханне стагоддзя”, “Нясвіж і Радзівілы”. Апо шняя з іх перавыдавалася некалькі разоў па-беларуску і на расейскай мове…

Пражыла Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая 70 гадоў. На вялікі жаль, шмат сваіх задумак ажыццявіць ёй не ўдалося. Памерла яна ў 2005 годзе і пахавана ў Нясьвіжы. Яе імем назвалі адну з вуліц старажытнага горада.

Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя