BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Леанід Богдан

У апошні дзень красавіка 2017 года трагічна загінуў адзін з таленавітых людзей Слоніма – Леанід Богдан, якому ад нараджэння Бог надарыў яго талентам мастака. Загінуў ён трагічна, ад рук роднага ўнука. Гэта трагедыя шакавала ўсю Беларусь…

У школе Лёня быў звычайным хлопчыкам, нават трохі сарамлівым. Але, калі пачынаў нешта рабіць – майстраваць ці маляваць – то атрымлівалася лепш за ўсіх школьнікаў і нават настаўнікаў.

Праўда, пасля школы лёс яго закінуў не ў мастацкае вучылішча, а ў чыгуначны тэхнікум. Аднак жаданай рамантыкі ў тэхнікуме і на чыгунцы ён не знайшоў. Таму хутка паступіў у Маскоўскі завочны народны універсітэт мастацтваў. Вучыўся на факультэце жывапісу і графікі. Вучоба падабалася і Леанід шмат даведаўся новага і цікавага пра скульптуру. Таму пасля сесій і працы, з радасцю браўся за гліну і пластылін, з якіх ён ляпіў знаёмых сяброў і суседзяў.

Калі скончыў універсітэт, Леанід нікуды не паехаў, а назаўсёды свой лёс звязаў з родным Слонімам, які вельмі моцна любіў і хацеў, каб ягоны горад над Шчарай быў самым прыгожым у Беларусі, і каб яго штогод наведвалі тысячы турыстаў з усіх краін свету.

У 1970-х-1980-х гадах Леанід Богдан працаваў у Слоніме на розных работах, але найбольш падабалася мастаком-афарміцелем у кінатэатры “Мір”. Ён не толькі выконваў мастацкія працы ў кінатэатры, але сур’ёзна захапіўся скульптурай, а потым – і гісторыяй роднага краю, біяграфіяй яго знакамітых людзей. Ён стаў шмат чытаць, знаходзіць матэрыялы па гісторыі Слонімшчыны, Беларусі, па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. І вядома ж, ствараць партрэты знакамітых людзей.

Першымі яго самастойнымі бюстамі былі партрэты касманаўта Юрыя Гагарына і паэта Валянціна Таўлая. Калі працаваў над бюстам Валянціна Таўлая – шмат перачытаў літаратуры пра яго, вершаў паэта. Кансультаваўся ў слонімскага пісьменніка Анатоля Іверса (Івана Міско), які некалі сябраваў з Таўлаем. Менавіта ад Анатоля Іверса Леанід даведаўся і пра гісторыю Слонімшчыны, пра дзейнасць у першай палове ХХ стагоддзя Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Зрабіў у 1987 годзе і выдатны бюст паэта Анатоля Іверса, які цяпер захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы.

А потым слонімскі мастак зацікавіўся творчасцю Адама Міцкевіча. Перачытаў яго паэмы. А адна – “Гражына” – проста зачаравала скульптара. Пасля гэтага Леанід стварае скульптурны вобраз Гражыны – наваградскай князёўны. Гэта адна з найвыдатнейшых ягоных прац.

Леанід ствараў бюсты сваіх сяброў, пісьменнікаў, дзеячаў грамадскага руху 1920-х-1930-х гадоў. Ён выліваў іх з гіпсу і дарыў бясплатна не толькі сябрам і знаёмым, але і школам, бібліятэкам, музеям.

Шчыра сябраваў Леанід Богдан са сваім земляком доктарам філалагічных навук, прафесарам Алегам Лойкам. І яго бюст таксама зрабіў.

Ён стварыў вялікі герб Слоніма. І дзесяткі маленькіх. Марыў вялікі герб Слоніма паставіць у цэнтры горада.

Леанід Богдан быў, як кажуць, майстрам на ўсе рукі. Але ён быў сціплым чалавекам, не кожнаму ён мог расказаць пра свае творчыя планы, а тым больш паказаць, як ён працуе, шліфуе, перарабляе. З ім трэба было сябраваць доўга і шчыра, бо толькі тады ён мог па-сяброўску распавесці пра свае творчыя задумкі.

У яго майстэрні заўсёды ішоў творчы працэс. Шмат часу ён аддаў, працуючы над помнікам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Леанід планаваў гэты помнік ўсталяваць у Слоніме ў цэнтры горада каля музея замест бюста арла, які там стаіць, бо той арол зусім не пасуе. На спецыяльным пастаменце, распавядаў пры жыцці Леанід Леанідавіч, будзе ляжаць сам вялікі Статут. На Статуце – адціснутая далонь. Кожны слонімец ці госць горада зможа падыйсці да гэтага помніка-кніжкі, прачытаць яе і даведацца, што гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага, гэта значыць – звод законаў нашай дзяржавы, помнік беларускай пісьменнасці, мовы і юрыдычнай думкі, і прыкладзе ў адціснутую далонь сваю, нібыта зложыць клятву перад Статутам у любові да сваёй Бацькаўшчыны.

Гэта дзякуючы Леаніду Богдану ў Слоніме ўстаноўлена мемарыяльная шыльда, прысвечаная заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму, якая прымацавана на будынку музея. Гэта Леанід зрабіў шыльду піянеру-герою Васю Крайняму. І яго заслуга ў тым, што ён стварыў і прымацаваў на будынку Слонімскага драмтэатра шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1730-1800) – пачынальніку тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. І ўсё гэта Леанід Богдан зрабіў і падараваў Слоніму.

Незадоўга да смерці Леанід паказваў сябрам сваю новую працу, прысвечаную Агінскім. На барэльефе быў адлюстраваны слонімскі староста Міхал Казімір Агінскі, які сядзіць за піяніна, а побач стаіць яго пляменнік Міхал Клеафас Агінскі са скрыпкай, аўтар шматлікіх паланэзаў, у тым ліку і паланэз ля мінор «Развітанне з Радзімай». На вечцы піяніна напісаныя словы: «Слонім. Агінскія. Паланэз». А воддаль, нібы праз вакно, віднее стары Слонім з ягонымі архітэктурнымі храмамі XVIII—XIX cтагоддзяў. Цудоўная задума і твор скульптара – яшчэ адзін помнік славутым Агінскім, лёс якіх быў звязаны і са старажытным горадам над Шчарай.

На вуліцы Савецкай у Слоніме захаваўся будынак другой паловы XVIII стагоддзя, пабудаваны архітэктарам Боем, які ён праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага. Пры палацы Агінскага ў гэтым будынку была аўстэрыя (заезны дом). Ён сёння нагадвае слонімцам і гасцям горада пра Міхала Казіміра Агінскага. Некалі свой Слонім Агінскі ператварыў у “сядзібу музаў”, вядомую ва ўсёй Еўропе, але сёння амаль забытую ў Беларусі. Слонімскі скульптар Леанід Богдан стварыў бюст Міхала Казіміра Агінскага. Ён марыў яго ў адмысловай арцы прымацаваць на былой аўстэрыі Агінскага. Каб слонімцам і гасцям горада над Шчарай было бачна, хто быў некалі яго гаспадаром. 

Леанід Богдан. Мастак Пятро Бурсевіч

На вуліцы Опернай у Слоніме быў пастаўлены вялікі валун. На ім выбіты тэкст: “Замчышча і гады: XI-XVIII ст.ст.”. Гэта таксама праца Леаніда Богдана. Пры сустрэчах скульптар Леанід Богдан распавядаў пра свае новыя планы, найперш звязаныя з каналам Агінскага і з праектам па ўпарадкаванні канала, удзел у якім ён ужо актыўна прымаў. Але трагічны лёс ўсе яго планы раптоўна перакрыжаваў. На вялікі жаль, сёння Леаніда Богдана ў Слоніме ніхто не прыгадвае, хаця зрабіў ён для горада над Шчарай шмат. Варта было б хоць шыльду адкрыць ці назваць вуліцу ў яго гонар.

Наталля Шкляр, Беларускае Радыё Рацыя