
Цяжка паверыць, што ўжо даўно няма ў Паставах Леаніда Трубача (1963-2009). Няма выдатнага чалавека, шчырага беларуса, сябра, філолага, педагога, калегі, бацькі і, вядома ж, цудоўнага паэта. Невылечная хвароба 46-гадовага мужчыну скасіла яшчэ ў 2009 годзе.
Леанід Трубач быў сярод юнакоў-філолагаў самым маладым, ён паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта ў 1980 годзе адразу пасля школы. І ў школе, і ў БДУ ён вучыўся добра, быў даволі адукаваным юнаком.
У вольны час Леанід разам з аднакурснікамі наведваў Нацыянальную бібліятэку, а таксама не прапускаў ніводнай футбольнай гульні на стадыёне “Дынама”, бо жылі студэнты-філолагі побач. Яны ведалі пра менскае “Дынама” усё, а некаторых футбалістаў асабіста з таго залатога складу “Дынама” 1982 года. У яго студэнцкім пакоі бывалі некаторыя слынная футбалісты менскага “Дынама”.

Разам з аднакурснікам Валерам Ткацэвічам, 1985 год
Леанід Трубач актыўна наведваў універсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Яго нават запрасілі на VIII з’езд пісьменнікаў, дзе ён упершыню ўбачыў амаль усіх беларускіх пісьменнікаў, а таксама Уладзіміра Караткевіча і Максіма Танка, Ларысу Геніюш і Янку Брыля.
Леанід Трубач шмат чытаў. Але найбольш ён захапляўся паэзіяй свайго земляка Уладзіміра Дубоўкі. Пра Дубоўку ён мог распавядаць суткамі. Ужо тады ў 1980-я гады ён расказваў аднакурснікам пра тое, што паэт 27 гадоў прасядзеў у сталінскіх лагерах, а пасля рэабілітацыі яму не дазволілі жыць у Беларусі і ён стала асеў у Маскве. Ды і дыпломная праца ў Леаніда Трубача была прысвечаная творчасці Уладзіміра Дубоўкі. А кіраўніком гэтай працы быў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
У студэнцкія гады Лёня Трубач, як і ўсе хлопцы з правінцыі, жыў у Менску сціпла. Калі што прывозілі з дому — частаваліся разам. Калі Лёня даставаў з сумкі матуліны пачастункі, то казаў: “Частуйцеся, гэта з радзімы Уладзіміра Дубоўкі!”. Радзіму сваю, Пастаўшчыну, ён дужа любіў.
Нарадзіўся Леанід Трубач 25 красавіка 1963 года ў вёсцы Гута Пастаўскага раёна. Скончыў Пастаўскую сярэднюю школу № 1 і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пасля заканчэння універсітэта малады, узнёслы, поўны мар і творчых ідэй, вярнуўся ён на родную Пастаўшчыну. Спачатку працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Цёплаўскай васьмігадовай школе, а потым — выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў СШ № 1 г. Паставы. У той самай школе, дзе вучыўся сам.
У гэтай школе працавала з ім і жонка Святлана, тут вучылася дачка Таццяна. Усё ў ягоным жыцці, здавалася, складвалася някепска. Тым не менш Леаніду Трубачу рэдка выпадалі дарункі лёсу. Рана не стала ў яго бацькі. Потым памёр айчым, а затым гэты свет пакінула і маці. За маці ён вельмі перажываў, думаў, трывожыўся. А яшчэ яго вельмі хваляў лёс роднай мовы, лёс краіны. За ўсё Лёня хварэў душой і сэрцам.
Вершы Леанід Трубач пісаў рэдка, больш пераапрацоўваў ранейшыя, перапісваў радкі, строфы. Жонка Святлана і дачка Таццяна раілі яму сабраць усе творы пад адну вокладку і выдаць асобным зборнічкам. Ён катэгарычна адмаўляўся і казаў, што сёння не да вершаў, ды і час на іх не прыйшоў. У апошнія гады Лёня пісаў беларускамоўныя сцэнарыі школьных мерапрыемстваў. Яму гэта падабалася, ён бачыў на школьнай сцэне, як сцэнарыст і рэжысёр, вынікі сваёй працы… Актыўна Леанід Трубач друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах, у рэспубліканскім альманаху “Дзень паэзіі”, у зборніках “Рунь” (1985, 1993), “Вусны” (1985), “Квадра” (1990) і іншых. Ён пачынаў збіраць і рыхтаваць матэрыялы да Пастаўскай раённай кнігі “Памяць”.
Аднакурснікі-філолагі Леаніда Трубача часта збіраюцца на сустрэчы выпускнікоў БДУ. Але сярод іх няма ўжо іх дарагога і любімага аднакурсніка. Светлага, інтэлігентнага, шчырага, таленавітага сябра. Ён нарадзіўся вясной і вясной 2009 года яго не стала. Ён яшчэ не паспеў пасеяць зерне сваёй паэзіі, яго літаратурная сяўба яшчэ не пачалася. Лёня збіраўся сеяць зерне вясной, якую чакаў, чакаў сваю вясну:
Ціша. Спакой. Не было быццам бруду,
Зерне збіраюся сеяць вясной…
Я не спяшаюся — некалі буду,
Сёння, жыццё, застаюся з табой.
Але жыццё яго рана скончылася. Успаміны пра яго жывуць толькі ў памяці яго родных людзей і блізкіх сяброў, вучняў, якіх ён вучыў, аднакурснікаў і творчай інтэлігенцыі Беларусі:
Тваё жыццё – як росны ранак
Ад промняў сонца да расы.
На свет глядзіш зачаравана,
Як на валошкі – каласы.

У 2010 годзе аднакурснікі сабралі лепшыя творы Леаніда Трубача і выдалі асобнай кнігай “Паміж песняй і болем”. Кніга выйшла з друку пры фінансавай падтрымцы яго аднакурснікаў-філолагаў. Настаўнікі Пастаўскага раёна пра Леаніда Мікалаевіча Трубача шчыра ўспамінаюць і сёння: “Ён быў сваім. Узгадаваны на пастаўскай зямлі, зачараваны яе прыгажосцю, абмыты вадой Гуцкага возера, чысты, як крыштальная кропля расы. І вершы яго былі такімі ж шчырымі, пранікнёнымі, душэўнымі, узнёслымі. І вучняў сваіх Леанід Мікалаевіч выхоўваў сапраўднымі беларусамі. Памяць пра яго, як зорка, яшчэ доўга будзе асвятляць наша жыццё”. І з гэтым не пагадзіцца нельга.
Ганна Ганькоўская, Беларускае Радыё Рацыя