BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ціхія адраджэнцы»: Міхась Карпечанка

У дзень нараджэння пісьменніка, краязнаўца і журналіста Міхася Карпечанкі (1959-2021) — 14 лістапада – сябры заўсёды з самай раніцы тэлефанавалі яму ў Бялынічы і віншавалі з ягонымі ўгодкамі. Міхась дзякаваў усім і ўсміхаўся: «Ну, што ж, пастарэў яшчэ на адзін год…».

Праходзяць месяцы, праляцяць гады… А краязнавец і журналіст з Бялынічаў Міхась Карпечанка (1959-2021) застанецца 61-гадовым назаўсёды, які яшчэ не паспеў нават пайсці на заслужаны адпачынак і не ажыццявіць дзесяткі сваіх літаратурна-краязнаўчых планаў. А іх было шмат.

Яшчэ тады, калі Міхась вучыўся на філфаку Белдзяржуніверсітэта, ён спрабаваў пісаць вершы. Многія аднакурснікі нават пра гэта і не ведалі. Ён пісаў для сябе, таму не вельмі часта наведваў універсітэцкае літаб’яднанне «Узлёт», якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Але ў 1985 годзе выйшаў з друку зборнік «узлётаўцаў» пад назвай «Вусны», дзе былі апублікаваныя і два вершы-верлібры Міхася Карпечанкі. Адзін з іх прысвечаны маці, а другі – вайне:

Каб я хоць крышачку

Валодаў пэндзлем

І мог адрозніць

Дваццаць мільёнаў адценняў

Чорнага колеру,

Я б намаляваў тваё гора,

Вайна!..

Да паступлення ў БДУ Міхась яшчэ скончыў Барысаўскае ПТВ №62 будаўнікоў, але будаўнік з яго не атрымаўся, бо юнак хацеў вучыцца далей і меў, як кажуць у народзе, гуманітарную схільнасць. Таму потым быў філфак БДУ і праца ў райгазетах Магілёўшчыны.

Родную Магілёўшчыну Міхась ведаў добра і шчыра яе любіў. Асабліва сваю Краснапольшчыну, дзе нарадзіўся ў вёсцы Болін. На вялікі жаль, гэтай вёскі ўжо не існуе, бо яна трапіла ў чарнобыльскую зону і яе даўно знішчылі. Засталіся толькі могілкі ад вёскі, куды прыязджаюць вяскоўцы два разы на год да сваіх памерлых сваякоў. Пра гэта Міхась заўсёды прыгадваў з сумам і горыччу, бо там, у Боліне, прайшлі яго дзіцячыя і школьныя гады. Там знаходзяцца магілы яго бацькоў і сваякоў. Адтуль ён, прыхапіўшы стары чамаданчык, некалі паехаў здабываць адукацыю. А потым вярнуўся на зямлю бацькоў і дзядоў. Спачатку працаваў у Чэрыкаўскай райгазеце, а потым назаўсёды асеў у Бялынічах.

Міхась заўсёды любіў казаць, што ён паходзіць з самай звычайнай сялянска-калгаснай сям’і, у якой нарадзіўся 14 лістапада 1959 года.

Сапраўды, калі сёння пазнаёміцца з біяграфіямі нашых краязнаўцаў, то, бадай, усе яны – дзеці беларускай вёскі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо кожная наша вёска – асобны свет, асаблівы сусвет: са сваёй гісторыяй, сваімі паданнямі ды традыцыямі, са сваімі таямніцамі, з уласнымі сакральнымі мясцінамі.

Міхась Карпечанка (крайні справа) з аднакурснікамі, пачатак 1980-х гадоў

Каб заняцца любімай справай, павінен быць нейкі першаштуршок, паўстаць нейкая першапрычына, якія і прабуджаюць цікаўнасць. Міхасю Карпечанку пашанцавала, што ў свой час на сваім жыццёвым шляху ён сустрэў апантаных краязнаўцаў, журналістаў Сямёна Сямёнава і Анатоля Ярохіна. Калі б не яны, наўрад ці заняўся б ён краязнаўствам. Менавіта гэтыя таленавітыя людзі і абудзілі ў ягоным сэрцы любоў да роднай старонкі, цікаўнасць да лакальнай гісторыі, за што ён вельмі быў удзячны і Сямёну Апанасавічу, і Анатолю Паўлавічу. Іх светлай памяці прысвяціў Мікась Карпечанка і адну з першых сваіх краязнаўчых кніг «Галоўчын» (Мн., 2001).

У ёй аўтар выклаў гісторыю гэтага самага старэйшага на Бялыніччыне паселішча, прывёў невядомыя раней факты, паказаў саперніцтва яго з Бялынічамі. Як казалі чытачы, што Карпечанка «бачыць» скрозь зямлю.

Пра гісторыю Бялыніччыны і Краснапольшчыны Міхась Карпечанка мог распавядаць бясконца. Толькі пачні, і Міхася Аляксеевіча немагчыма было спыніць. Ён добра яшчэ ведаў тэатральнага рэжысёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі Валянціна Ермаловіча (1925-2004). У 2014 годзе ў суаўтарстве ён склаў кнігу ўспамінаў пра яго, якая называлася “Ачышчэнне душы” ((Мн., 2014). Ды і з Краснаполлем, а таксама з Бялынічамі шмат было звязана з гэтым таленавітым чалавекам, дзе Валянцін Іванавіч кіраваў народнымі тэатрамі.

Той самы Валянцін Ермаловіч у снежні 1996 года паставіў у Бялынічах спектакль па п’есе Міхася Карпечанкі “Канвеер”. Потым гэты спектакль гледачы ўбачылі ў Магілёве і ў Менску ў Доме літаратараў. Пасля “Канвеера” Валянцін Іванавіч паставіў спектаклі па п’есах Міхася Карпечанкі “Дачка волі”, “Першы пацалунак”, “Ёй захацелася жыць” і іншыя.

Пісаў журналіст не толькі вершы, апавяданні, аповесці, п’есы, газетныя нататкі, але найбольш любіў займацца краязнаўчай справай. Міхась Карпечанка – гэта цэлая эпоха ў краязнаўчым жыцці Магілёўшчыны. Дзякуючы яму ў 2011 годзе ў Менску пабачыў свет краязнаўчы энцыклапедычны даведнік “Бялыніччына”. Унікальнае выданне, якое застанецца назаўсёды. Дзякуючы яму свет пабачыла вялікая кніга літаратурных твораў бялыніцкіх аўтараў “Васільковае поле Айчыны” (Мн., 2020).

Пры сустрэчах Міхась усім заўсёды казаў, што краязнаўства, валодае невытлумачальнай здольнасцю засмоктваць, зацягваць, калі ўжо не зважаеш ні на грошы, ні на нейкія матэрыяльныя выгоды, ні на вядомасць. Проста цябе неадольна цягне зазірнуць за далягляд, што чарнеецца за тваёй спіной палоскаю ці шырокай шырмаю. І нярэдка атрымліваецца так, што праз тыя пацёмкі прамінулых дзесяцігоддзяў, стагоддзяў і тысячагоддзяў, ты пачынаеш выразна бачыць ружавата-ліловы світанак дня, які толькі яшчэ мае нарадзіцца.

І, сапраўды, Міхась знаходзіў час, каб “зазірнуць у той далягляд” краязнаўства. Аднойчы ён высветліў, што ў адной галоўчынскай сям’і захоўваецца старадаўні спіс абраза Маці Божай Бялыніцкай. Выкананы ён быў напачатку ХХ стагоддзя. З царкоўных і гістарычных крыніц вядома, што ў 1904 годзе па заказе ў Маскве была зроблена копія цудатворнай іконы Маці Божай Бялыніцкай, з якой штогод 25 красавіка бялыніцкія вернікі ішлі хрэсным ходам у Магілёў.

Ён даведаўся таксама, што настаяцель бялыніцкага Раства-Багародзіцкага манастыра архімандрыт Аліпій (Аляксей Рыгоравіч Кабанаў) у перыяд з красавіка 1904 па студзень 1907 напісаў шэраг ікон – святога Георгія Пераможцы, свяціцеляў Мітрафана, Ціхана, Арсенія, зрабіў таксама і копію з абраза Маці Божай Бялыніцкай. Мажліва, што аўтарам знойдзенага ў Галоўчыне спіса з’яўляецца і выбітны царкоўны дзеяч, у 1920-я гады мітрапаліт Менскі і Беларускі Мелхіседэк (Міхаіл Львовіч Паеўскі), які з 24 студзеня па 19 верасня 1907 года служыў настаяцелем бялыніцкага Раства-Багародзіцкага манастыра. Міхаіл Львовіч займаўся іканапісам і таксама ў ягоным жыццяпісе прыгадваецца, што ён вырабіў копію гэтага цудатворнага абраза.

У 2020 годзе да свята беларускага пісьменства і друку, якое адбылося ў Бялынічах, Міхась Карпечанка напісаў і выдаў цудоўную кнігу “І Маці Божай памалюся…”. Яна прысвечана гісторыі Бялыніччыны, якая, як і гісторыя самога горада, сваімі каранямі сягае ў старажытыя часы. Аўтар апавядае пра гісторыю Бялынічаў, пра канфесійных узаемадачынннях на працягу іх існавання, пра рэлігійных і царкоўных дзеячах, якія пакінулі свой след у духоўным жыцці Бялынічаў. І, вядома ж, пра лёс цудатворнай іконы Бялыніцкай Маці Божай.

Крыху раней з друку выйшла кніга Міхася Карпечанкі “Імёны ў кантэксце эпох” (Мн., 2018). Гэта своеасаблівая энцыклапедыя з жыццяпісаў 63 асоб з Бялыніччыны, якія праславілі родны край і краіну.

Напісаны і выдадзены ў Міхася і кнігі “Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі” (у суаўтарстве), “На скрыжаванні болю і надзеі”, “Повязь пакаленняў” (два выданні) і іншыя. І дзе Міхась знаходзіў час і сілы – дзіву ўсе даваліся.

А яшчэ ён быў журналістам. 11 гадоў узначальваў Бялыніцкую раённую газету “Зара над Друццю”. Газета пры ім заўсёды выдавалася толькі па-беларуску.

Да ўзнагародаў Міхась Карпечанка адносіўся абсалютна раўнадушна і спакойна. Заўважылі, адзначылі – дзякуй. Перад дзвярыма, аніводнага кабінета, як казаў ён, выпрошваючы пахвалы, яго ногі не тое, што дзіркі не працёрлі на падлозе, але і следу не пакінулі на ёй. Для яго найвялікшай ўзнагародай было тое, калі хтосьці, пачытаўшы кнігу ці артыкул, патэлефануе, напіша, выкажа сваё стаўленне, падкажа тэму. Гэтаму ён радаваўся і гэтым шчасліва жыў.

Тым не менш, Міхась Аляксеевіч за свае пражытыя гады, стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Бялыніцкага райвыканкама імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года-2010», ганаровым знакам «Выдатнік друку Беларусі», меў званні «Журналіст-настаўнік» і «Заслужаны журналіст», узнагароджваўся граматамі і падзякамі. Пад кіраўніцтвам Міхася Карпечанкі, яго раённая газета «Зара над Друццю» двойчы станавілася пераможцай абласнога спаборніцтва сярод СМІ. Шкада толькі, што ў Беларусі няма ўзнагарод па краязнаўстве. Бо і тут ён меў бы вялікі поспех і ўшанаванне.

14 лістапада Міхасю Карпечанку споўнілася б 65 гадоў. Прыгадалі Міхася ў гэты дзень толькі яго сябры, знаёмыя і родныя людзі. І, магчыма, яшчэ землякі.

Міхась Крупнік, Беларускае Радыё Рацыя