
Да свайго 90-годдзя беларускі мастак, кераміст, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Несцярэўскі (1931-1921) не дажыў 6 дзён. Ён так шчыра і ўпэўнена рыхтаваўся да свайго 90-годдзя, юбілея, які меркаваў адзначыць і ў Менску, і ў Дзятлаве, і ў Беластоку. Да юбілею рыхтаваўся другі фотаальбом, некалькі выстаў у Менску і ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Ён ужо запрасіў сваіх землякоў і сяброў, але каранавірус не даў ажыццявіць планы гэтага таленавітага ва ўсім, светлага душой і сэрцам чалавека, шчырага беларуса, які родам быў з Беласточчыны. Вядома ж, юбілей яго адзначылі, але ўжо без Мікалая Лаўрэнцевіча. А ўсе яго сябры, мастакі, краязнаўцы так марылі зноў пабачыць гэтага прыгожага, высокага, мужнага, таленавітага і адкрытага чалавека, якога любілі ўсе, а ён любіў Беларусь і беларусаў.
Нават немагчыма ўявіць якім шчодрым, добрым і таленавітым быў Мікалай Нецярэўскі. Майстар на ўсе рукі… Ён быў не толькі вялікім мастаком, які займаўся дэкаратыўнай скульптурай, керамікай, жывапісам, ён іграў на многіх музычных інструментах, добра спяваў, ён умеў працаваць з дрэвам, ён умеў шчыра сябраваць, нягледзячы на розны ўзрост сваіх сяброў і тых, хто намнога быў за яго маладзейшы.

Мікалай Несцярэўскі, 1969 год
Мікалай Несцярэўскі родам з вёскі Бацюты, якая знаходзіцца недалёка ад Беластока. Там ён з’явіўся на свет 31 сакавіка 1931 года. Усё жыццё беларус прыгадваў свае родныя і дарагія Бацюты, дзе ў яго бацькоў было 24 гектары зямлі, з іх – 18 гектараў – ворнай, пад збожжа, а астатнія – сенакосы, паша і невялікі кавалак лесу. Да 1939 года ў Бацютах налічвалася каля 80 хат. Недалёка знаходзяцца вёскі Завады, Зарэчыны, Трыпуці, Бацечкі, Тапілец і іншыя. А побач працякае рэчка Нарва. Пра родныя мясціны ніколі мастак не забываў. І маленькая айчына заўжды прысутнічала ў яго жыцці, не адпускала яго нават на хвіліну. Ён бязмежна любіў родную Беласточчыну. Ён любіў яе бясконца такой любоўю, якая ў яго была да роднай зямлі… І да апошняга дыхання. Ён заўсёды сумаваў па Бацютах… І з вялікай радасцю распавядаў пра іх… Нават напісаў паэму, прысвечаную роднай вёсцы.

Царква св. Мікалая ў вёсцы Тапелец
Сын Сяргея Несцярэўскага распавядае: “Бацька змог перадаць мне многае, што ведаў і ўмеў. Назіраючы, як ён працуе па гаспадарцы, на лецішчы, на рабочым месцы (іншы раз і я дапамагаў яму), не раз пераконваўся ў тым, што бацька валодаў унікальным жыццёвым вопытам, вялікімі прафесійнымі навыкамі і спрытам. У адносінах з іншымі людзьмі ў яго праяўляўся рэдкі дар прыцягваць увагу акружаючых, выклікаць прыхільнасць суразмоўцаў, ды так, што яны доўга заставаліся зачараваныя ім. Ведаючы шмат анекдотаў, прыказак, былін, ён умеў цікава іх расказваць, заўсёды станавіўся душой нават самай вялікай кампаніі. Бацька ніколі не адмаўляў людзям у дапамозе. Часам і грашыма. Асабліва заўсёды былі каштоўнымі яго парады, якія ён з задавальненнем і бескарысліва раздаваў”.
Шмат гадоў беларускі мастак працаваў над бюстамі, партрэтамі, медалямі вялікіх асобаў Беларусі. З керамікі ім створаныя Францыск Скарына (бюст і пласт, шамот), Кастусь Каліноўскі (таніраваная кераміка), Адам Багдановіч (таніраваная кераміка), Міндоўг, полацкая князёўна Рагнеда, вялікі князь Гедымін, аўтапартрэт, бюст маці, розныя жаночыя і мужчынскія партрэты і дзесяткі іншых.

Мікалай Несцярэўскі стварыў вобразы Антона Аўсяніка, Палуты Бадуновай, Язэпа Варонкі, Тамаша Грыба, Пятра Крачэўскага, Аркадзя Смоліча, Браніслава Тарашкевіча, Макара Краўцова, Язэпа Лёсіка і іншых палітычных дзеячаў.

Мікалай Несцярэўскі. Партрэт Якуба Коласа
Не заставаліся па-за ўвагай мастака і нацюрморты. Бо вельмі любіў Мікалай Лаўрэнцьевіч маляваць і нацюрморты. Кожны прадмет на карціне мастака жыве сваім жыццём: ціхім, нерухомым, незаўважным, але часта вельмі прыгожым і паэтычным.
Працаваў мастак і над афармленнем вітражоў, над помнікамі і шмат-шмат яшчэ над чым. Пералічыць ўсяго зробленага ім немагчыма. Калі сабраць ўсе працы Мікалая Несцярэўскага ў адзін будынак – атрымаецца сапраўдны мастацкі музей. І гэта так. Бо талент у Мікалая Несцярэўскага быў вялікі і неабмежаваны, шырокі і шчодры.
Мастак ніколі не адпачываў. Пры жыцці ён паспеў яшчэ выдаць свой альбом твораў, які так і назваў “Я яшчэ не ўсё зрабіў…”. Прыгожы і змястоўны, унікальны і шыкоўны альбом мастака напрыканцы 2017 года пабачыў свет у Менску. Першая прэзентацыя яго адбылася ў Дзятлаве напачатку лютага 2018 года.

Маленькая айчына шчыра прысутнічае ў яго альбоме. На старонках альбома шмат фотаздымкаў беларусаў-перасяленцаў з Беласточчыны, якіх выгналі ў 1946-1948 гадах.
У спісе жывапісных твораў мастака ў альбоме змешчана карціна мастака “Царква св. Мікалая ў вёсцы Тапілец”. Прыцягвае ўвагу і партрэт беларускага самадзейнага разьбяра па дрэве Уладзіміра Мацюка, які родам быў з Беластока, але жыў у Дзятлаве. Надрукаваны ў альбоме і партрэт беларускага паэта Віктара Шымука, маці якога Ганна Валасовіч была родам з Беласточчыны. Яна нарадзілася ў 1896 годзе ў вёсцы Арэхавічы на Бельшчыне. Сярод твораў керамікі мастака таксама ёсць знакамітыя беларусы з Беласточчыны – гэта Язэп Варонка (1891-1952), родам з Кузьніцы, Яўген Хлябцэвіч, Зоська Верас і іншыя.
Прыгожа мастак маляваў алоўкам. У альбом увайшлі яго эскізы для керамічных работ. Найбольш тыя, якія былі намаляваныя ў 1988-1998 гады. У эскізах Мікалая Несцярэўскага адлюстраваны беларускія матывы і вобразы. У кожным творы мастака адчуваецца яго ўласная асаблівая рыса, каб адразу было бачна, што гэта зрабіў менавіта мастак Несцярэўскі, а не хто іншы.

Мікалай Несцярэўскі. Нацюрморт з яблыкамі
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Яўген Шыбнёў адзначаў: “Калі ў савецкі час мы за сваю працу атрымлівалі пэўны заробак, то ў нялёгкі наш час Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцяроўскі бескарысліва аддаваў усе сілы і талент для ўвекавечання памяці гістарычных персанажаў Вялікага Княства Літоўскага і дзеячаў культуры нашага часу”.
Ёсць у мастака і серыя медалёў і медальёнаў. Гэта медалі, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму, Адаму Багдановічу, Уладзіславу Галубку, аўтарскія юбілейныя медалі, медалі са знакамі задыяка і іншыя.
Жывапісныя карціны мастака здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і талентам. Адразу можна пазнаць на карцінах партрэты Казіміра Льва Сапегу, Станіслава Солтана, беларускага гісторыка Анатоля Валахановіча, паэта Віктара Шымука, заснавальніка Дзятлаўскага музея Міхася Петрыкевіча, паэта, выдаўца, грамадскага дзеяча ў Канадзе Сяргея Хмару, які родам быў з Дзятлаўшчыны, паэта Петруся Граніта, палітычнага дзеяча Мечыслава Грыба, празаіка Вячаслава Адамчыка, рэпрэсіраванага палітыка і літаратара Ігната Дварчаніна, беларускага фізіка Віктара Анішчыка, даследчыка беларускай літаратуры Вячаслава Чамярыцкага – усіх і не пералічыць. Толькі ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі налічваецца звыш 300 работ Мікалая Несцярэўскага, якія ён падараваў музею.

Мікалай Несцярэўскі з бюстам маці
Шмат гадоў Мікалай Несцярэўскі пражыў у Менску. Але вельмі часта прыязджаў у Дзятлава, якое таксама любіў. І правялі яго ў апошні шлях у Дзятлаве, дзе знайшлі свой апошні спачын яго родныя людзі і многія землякі. Ён і пайшоў да іх назаўсёды.






