
Педагог, краязнавец, даследчык гісторыі Наваградчыны, заснавальнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея ў Любчы Мікалай Вінар нарадзіўся ў горадзе Роўна ва Украіне. Рана асірацелага хлопчыка (бацька загінуў у 1916 годзе падчас Брусілаўскага прарыву, маці памерла, калі Мікалаю яшчэ не было 9 гадоў) забрала да сябе сястра маці, якая жыла ў вёсцы Заполле Наваградскага павета.
Пасля заканчэння польскай пачатковай школы ў вёсцы Стараельня Мікалай Вінар у 1928 годзе паступіў у 4 клас Наваградскай беларускай гімназіі. Добры вучань і актыўны ўдзельнік школьнай самадзейнасці, ён быў таксама актыўным дзеячам беларускай моладзі Заходняй Беларусі. 13 снежня 1933 года юнака арыштавалі польскія ўлады. У хуткім часе ён быў выключаны з навучальнай установы, а 17 студзеня 1934 года засуджаны на адзін год турмы і два гады пазбаўлення грамадзянскіх правоў.

Наваградская беларуская гімназія. Стаіць крайні справа Мікалай Вінар. 1930 г.
Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі савецкай улады, Мікалай Вінар пачаў педагагічную працу. У перадваенныя і першыя пасляваенныя гады настаўнічаў у вёсцы Зенявічы на Наваградчыне, а з 1947 года месцам яго працы становіцца мястэчка Любча. Тут Мікалай Вінар спачатку загадваў райпедкабінетам, а з 1949 года выкладаў гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе. У гэты ж час ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Баранавіцкі настаўніцкі педінстытут, які скончыў у 1951 годзе па спецыяльнасці “гісторыя”.

Артыкул Мікалая Вінара пра Любчу ў Наваградскай раённай газеце, 1977 г.
Мікалай Вінар нямала зрабіў, як арганізатар экскурсійнай і турысцка-краязнаўчай работы ў Любчанскай школе: акрамя традыцыйных турзлётаў, яна стала уключаць і велапрабегі па знакамітых мясцінах, і аўтобусныя падарожжы па Наваградку і ваколіцах з наведваннем міцкевічаўскіх мясцін, і паездкі ў Менск, у Берасцейскую крэпасць, нават за межы Беларусі.

Мікалай Вінар (сядзіць злева) з настаўнікамі і вучнямі.
Мікалай Вінар быў перакананым прыхільнікам адраджэння Любчанскага замка. Цікавыя былі і яго метадычныя распрацоўкі ўрокаў гісторыі.
Датай адкрыцця Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея лічыцца 1964 год. Аднак вядома, што ўжо ў 1961 годзе сябры краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Мікалая Андрэевіча распачалі збор экспанатаў.

Рукапсныя Працы Мікалая Винара
У першыя гады свайго існавання музей размяшчаўся ў двух пакоях Брамнай вежы Любчанскага замка (у новы школьны будынак ён пераехаў толькі ў сярэдзіне 1970-х гадоў) і меў два аддзелы: “Далёкае мінулае” і “Аб Вялікай Айчыннай вайне”. Самымі каштоўнымі экспанатамі першага з іх сталі археалагічныя знаходкі эпохі неаліту, рэдкія старажытныя манеты, бронзавы флюгер з выявай герба Любчы, які калісьці знаходзіўся на замкавай вежы, метрычная кніга Наваградскага касцёла 1601 года і г. д. У сваіх даследаваннях экспанаты музею выкарыстоўваў археолаг і доктар гістарычных навук Леанід Побаль. Мікалай Вінар шчыра сябраваў з заснавальнікам краязнаўчых музеяў у Валеўцы і Дзятлаве Міхасём Петрыкевічам, з калекцыянерам і мастаком Раманам Лецкам, з менскім збіральнікам рарытэтаў Лявонціям Клокам і іншымі цікавымі людзьмі свайго часу.
Шмат увагі адводзілася славутай любчанскай друкарні XVII стагоддзя. У аснову другога раздзела леглі экспанаты, якія сведчылі пра барацьбу супраць гітлераўцаў. Пазней у музеі з’явіліся стэнды “Барацьба працоўных за сваё вызваленне” (уключаў фотаздымкі ўраджэнцаў Наваградчыны удзельнікаў рэвалюцый 1905 і 1917 гадоў, мясцовых членаў КПЗБ, лістоўкі, друкаваныя выданні і іншыя дакументы пра дзейнасць падпольных арганізацый) і “Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі” (адлюстроўваў будаўніцтва гарадскога пасёлка).

Рукапіс Мікалая Вінара
З канца 1950-х гадоў Мікалай Вінар публікаваў краязнаўчыя артыкулы на старонках наваградскай раённай газеты “Новае жыццё”. У 1977 годзе ў газеце выйшла яго даследаванне “Любча: старонкі гісторыі”, якое было найпаўнейшым на свой час. У 1961 годзе ў артыкуле “Пасёлку Любча – 700 год” аднёс узнікненне мястэчка да 1241 году, бо паводле працы Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” ў гэтым годзе «рукою шматгрэшнага дзяка Мікіты з Любчы» быў перапісаны манускрыпт пад назвай «Написания Афанасия мниха к Панкови».
Пра Мікалая Вінара можна напісаць цэлую кнігу. Матэрыялы пра яго і яго краязнаўча-педагагічную дзейнасць захоўваюцца ў Любчы, Наваградку, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа ў Нацыянальнай Акадэміі Навук у Менску.
У 2010 годзе Наваградскі райвыканкам уключыў імя Мікалая Вінара ў раённую Кнігу славы. Праз 33 гады пасля смерці. На яго магіле ў Любчы помнік з напісамі па-беларуску.
Святлана Кучынская, Беларускае Радыё Рацыя






