BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Мікола Грышан

Калі не стала настаўніка і грамадска-культурнага дзеяча з Дзятлаўшчыны Міколы Грышана (1933-2017) Зянон Пазьняк пра яго напісаў так: “Пакуль што толькі сніцца майму народу лепшы лёс”. Гэта словы беларускага паэта Міколы Грышана. Па прафесіі ён быў настаўнікам. Працаваў у школах Дзятлаўшчыны, быў патрыётам Беларусі, абаронцам і прадаўжальнікам беларушчыны. Са з’яўленнем Народнага Фронту стаў яго актыўным удзельнікам і дзеячом. З 1999 года ў Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ. У апошні час меў клопаты са здароўем. Памёр 22-га верасня. Меў 84 гады. У памяці сяброў ён застаўся добрым разумным чалавекам, гарачым прыхільнікам Адраджэння Беларусі. На такіх людзях трымаецца традыцыя і добрае наша жыццё”.

Сапраўды Мікола Грышан быў шчырым беларусам, патрыётам, выдатным настаўнікам, дабрым сябрам. Нарадзіўся ён 12 снежня 1933 года ў вёсцы Чэрніхава Баранавіцкага раёна. У Баранавічах скончыў сярэднюю школу і Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. А ў 1960 годзе закончыў яшчэ Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы.

Усё жыццё Мікола Грышан працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры на Дзятлаўшчыне. А ў вольны час пісаў вершы, артыкулы на самыя розныя тэмы. Першы друкаваны верш з’явіўся ў “Баранавіцкай газеце” ў 1942 годзе. 3 1950 года пачалася супраца з многімі газетамі. Вершы друкаваў у дзятлаўскай раённай газеце «Перамога», «Настаўніцкай газеце», «Беластоцкай газеце», беларускім тыднёвіку «Ніва». Гэта Мікола Грышан шчыра прызнаваўся:

І хоць мяне кудысьці кліча даль –

Наперад я: няма мне перашкоды,

Бо сёння я – і сейбіт, і каваль,

Бо сёння я жыву душой з народам!

Калі ў Беларусі з’явіўся Беларускі Народны Фронт, настаўнік з Дзятлаўшчыны стаў яго актыўным удзельнікам і дзеячам. Напачатку 1990-х гадоў Мікола Грашан пачаў займацца пошукамі звестак пра рэпрэсаванага беларускага паэта Віталя Губарэвіча, удзельніка Саюза вызвалення Беларусі, а таксама прысвяціў яму свой верш.

Прафесар Аляксей Пяткевіч з Гародні пра Міколу Грышана казаў, што гэты чалавек “усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове, ён быў не проста настаўнік, а глыбока-творчы інтэлігент. Я яго ведаў даўно. Ён завочна вучыўся ў Гарадзенскім тады педінстытуце. Ён часта гасціў у мяне, нават начаваў, заўсёды чытаў свае вершы”.

Землякі Міколы Грышана і сёння прыгадваюць, што ён быў не толькі добрым настаўнікам, паэтам, але вельмі працавітым чалавекам. Ён не баяўся фізічнай працы, яго часта можна было сустрэць на агародзе, у полі, а ў вольны час пісаў вершы і вельмі любіў сваіх землякоў.

Вучні, якіх вучыў Мікалай Паўлавіч, называюць і сёння яго Настаўнікам ад Бога. Урокі Мікалая Паўлавіча былі цікавыя, запамінальныя і шчырыя. Акрамя педагагічнай нагрузкі ён яшчэ ўзначальвай Дзятлаўскую суполку ТБМ. Пры жыцці паспеў выдаць адзіны зборнік паэзіі “Вернасць”.

Пасля выхаду на пенсію Мікола Грышан жыў у Дзятлаве, а апошнія свае гады правёў у дачкі ў Менску. І пісаў паэтычныя радкі, прысвечаныя роднай мове, землякам, Айчыне. Вось як гучыць верш “Бацькаўшчына”, радкі з якога прыгадваў Зянон Пазьняк:

Боль за цябе лунае да нябёс

І прымушае сэрца моцна біцца,

Для нас ты – жыватворная крыніца,

Якую ў нашы сэрцы Бог прынёс.

Калі ж настане міг, каб мог пазбыцца

Мой край спрадвечных бед і слёз?

А то пакуль што толькі сніцца

Майму народу лепшы лёс.

Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя