
З імем заслужанага работніка культуры Беларусі Ніны Ватацы (1908-1997) звязана амаль уся гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яна працавала ў аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі ўсё сваё сумленнае жыццё. Гэта быў прафесіянал, якому не было роўных за ўсю гісторыю бібліятэкі і ўсіх бібліятэк Беларусі.
Нарадзілася Ніна Ватацы ў 1908 годзе ў Вендэне Ліфляндскай губерні (цяпер г. Цэсіс, Латвія). Дзяўчынка была вельмі слабая, і тагачасныя лекары лічылі яе нежыццяздольнай: у яе ад нараджэння была атрафія ікраножнай мышцы абедзвюх ног. Маці, выслухаўшы парады нейкай знахаркі, рабіла ёй кампрэсы з цялячай парной пячонкай. І ў выніку адбыўся найвялікшы цуд: дзяўчынка стала на ногі і спакойна пайшла ў свой час у школу. Так ніхто і не даведаўся пра тое, што ў дзіцяці былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Праўда, апошнія гады жыцця старая хвароба ўспыхнула з новай сілай. Ніна Барысаўна пакутавала, але ўсё роўна сама хадзіла на працу і ў краму. Ужо пазней дзяўчаты-бібліятэкары, ідучы з працы, абавязкова забягалі да яе, па дарозе куплялі неабходныя прадукты. А яна лічыла сябе вінаватай у тым, што нагружае сваімі праблемамі былых супрацоўнікоў.

У 1933 годзе Ніна Ватацы выйшла замуж за аспіранта Аляксандра Саўчанку, але сямейнага шчасця амаль не зведала. Толькі паспелі адгуляць мядовы месяц, як Аляксандра рэпрэсавалі і ў 1941 годзе ён быў накіраваны, як вораг народа, ў штрафбат, на фронт, дзе і загінуў у 1942 годзе. Юрыдычна Ніна Барысаўна была замужам 9 гадоў, а насамрэч усяго толькі адзін месяц. Рэпрэсаваны Аляксандр Саўчанка быў па даносе сябра. Больш замуж Ніна Ватацы не выходзіла: рана засталася на ўсё жыццё. З гэтай прычыны ў Ніны Барысаўны не было дзяцей. Але яна не зламалася, не страціла дабрыню і павагу да людзей, дапамагала нават тым, хто пасадзейнічаў арышту яе мужа.

Напрыканцы 1950-х гадоў Ніна Ватацы звярнулася да даволі нераспрацаванай на той час тэмы — жыццё і творчасць цудоўнага песняра беларускага народа Максіма Багдановіча. Апантаная гэтай справай, яна пісала лісты да родных і знаёмых Максіма Адамавіча. Ялта, Уладзімір, Сочы — далёка не поўны пералік расейскіх гарадоў, куды ішлі лісты Ніны Барысаўны з адной толькі мэтай: знайсці рукапісы славутага песняра, яго фотаздымкі, архіўныя дакументы. Яе грунтоўныя доследы пачалі прыносіць адпаведныя здабыткі. У суаўтарстве з Алегам Лойкам быў створаны цудоўны альбом «Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць» (Менск, 1968). Пазней напісаліся кнігі «Шлях паэта» (1975), «Песня Максіма» (1981), «Шляхі» (1986). Ніна Ватацы сабрала столькі найкаштоўнейшых матэрыялаў, што на аснове яе фондаў у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музей Максіма Багдановіча, які паспяхова дзеіць і сёння.
Колькі гадоў таму супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча ў Менску стварылі выставу, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Ніны Ватацы, і запрасілі гасцей – былых і сённяшніх супрацоўнікаў бібліятэкі. Яны не проста прыйшлі, а прынеслі падарунак: простую кардонную папку для сшыткаў. У папцы былі каштоўныя матэрыялы, а зверху лісток у клетку, дзе рукой Ніны Барысаўны было пазначана: “Усё, што ёсць у гэтым сшытку, перадаць у Музей Багдановіча”. Што бібліятэкары і зрабілі.
Ніна Ватацы была ўпэўнена, што супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча будуць працягваць пошукавую, даследчую працу, будуць ісці яе шляхамі і адкрываць новыя.

Значнымі вехамі ў беларускай бібліяграфіі сталі складзеныя Нінай Ватацы навукова-дапаможныя паказальнікі: “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі” ў двух выпусках (1962, 1971), “Беларуская савецкая драматургія” (1967) і “Беларуская драматургія” (1993), “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка” (1964). Такога кшталту выданняў у беларускай літаратурнай бібліяграфіі дасюль не існавала. Яны адлюстроўвалі звесткі пра кнігі пісьменнікаў Беларусі на беларускай і рускай мовах, у тым ліку надрукаваныя за межамі рэспублікі, арыгінальныя выданні анталогій, альманахаў, зборнікаў і іх перакладаў на мовы народаў СССР; драматургічныя творы, у тым ліку і не надрукаваныя, але пастаўленыя тэатрамі; літаратуразнаўчыя і крытычныя выданні і іншыя. Бібліяграфічныя паказальнікі Ніны Ватацы адрозніваліся складанай структурай, многія з іх мелі грунтоўныя прадмовы, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя літаратуразнаўчыя працы, уключалі цэлы комплекс дапаможных паказальнікаў і прызначаліся даследчыкам, аспірантам, студэнтам, бібліятэкарам. У 1988 годзе ў Маскве выйшаў рэкамендацыйны паказальнік “Белорусская литература”, складзены ў сааўтарстве з Нінай Ватацы. Ніна Барысаўна рэдагавала рэтраспектыўны ўніверсальны паказальнік “Кніга Беларусі: 1517–1917” (1986), ёй належыць і ўступны артыкул да яго другой часткі “Выданні на беларускай мове, XIX – пачатак XX ст.”.

Праца Ніны Ватацы ў галіне айчыннай літаратурнай бібліяграфіі і яе літаратуразнаўчая дзейнасць былі высока ацэнены і адзначаны дзяржавай. Адной з першых сярод бібліятэчных работнікаў ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1963). Памяці вядомага бібліёграфа прысвечаны Першыя кнігазнаўчыя чытанні, праведзеныя ў 1998 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа па вывучэнні творчай спадчыны Ніны Барысаўны Ватацы працягваецца і сёння.
3 жніўня 1997 года года зямны шлях Ніны Ватацы скончыўся. Яна памерла на 90-м годзе жыцця і пахавана ў Менску.
Аксана Бельская, Беларускае Радыё Рацыя