BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Павел Лойка

Кандыдат гістарычных навук Павел Лойка (1958-2010) пражыў толькі 52 гады. Ён нарадзіўся ў сям’і доктара філалагічных навук, прафесара, пісьменніка Алега Лойкі. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ быў прыняты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (1980), дзе пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста па аграрнай праблематыцы Васіля Мялешкі падрыхтаваў кандыдацую дысертацыю, паспяхова абароненую ім у 1984 годзе і пазней апублікаваную ў выглядзе манаграфіі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII стст.” (Менск, 1991).

Добра інтэграваўшыся ў калектыў акадэмічнага інстытута, Павел Лойка з 1990 па 2000 гады кіраваў там аддзелам гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ стагоддзяў, будучы адначасна загадчыкам новастворанай кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў у БДУ. Пасля захаплення аграрнай гісторыяй, Павел Лойка пачаў вывучаць пытанні дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, якое стала яго найбольшай пасіяй. На падставе архіўных крыніц напісаў манаграфію “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI — першай трэці ХVII ст.” (Менск, 2002) і па гэтай жа тэме падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, якая цяпер ужо так і засталася неабароненай. Яго манаграфія пра шляхту беларускіх зямель застаецца ці не адзінай у Беларусі, прысвечанай гэтай важнай тэме.

Павел Лойка быў не толькі прызнаным вучоным-даследчыкам, але і нястомным папулярызатарам айчыннай гісторыі. Доўгі час яго выступленні былі вельмі запатрабаванымі ў прэсе, на радыё, тэлебачанні. Шырокая эрудыцыя, уменне прэзентаваць матэрыял, чалавечая абаяльнасць, беларускі патрыятычны настрой — усё гэта прыцягвала ўвагу, заахвочвала слухаць і верыць. Ён належаў да ліку сапраўды папулярных гісторыкаў, якіх у наш няпросты час вельмі мала.

Павел Лойка быў сярод тых, каму на пачатку 1990-х было даручана ствараць новыя школьныя падручнікі і праграмы па айчыннай гісторыі. За вельмі кароткі час ён здолеў падрыхтаваць рукапіс, які быў, бадай, найлепшым з усёй гэтай серыі (Гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік для 7 класа сярэдняй школы. Менск, 1993). З таго часу выкладанне айчыннай гісторыі і педагагічная праца рабіліся ўсё больш важным кірункам дзейнасці даследчыка.

У 1994 годзе Павел Лойка перайшоў на працу на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ўзначаліў зноў створаную кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Студэнты атрымалі магчымасць наведваць заняткі такіх вядомых спецыялістаў, як Генадзь Галенчанка, Валянцін Голубеў, Уладзімір Емяльянчык, Генадзь Сагановіч, якія пачалі супрацаваць з кафедрай. І, зразумела, заняткі самога Паўла Лойкі, выдатнага лектара.

Разам з Васілём Мялешкам Павел Лойка напісаў і выдаў кнігі пра паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. А гэта кнігі “Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы” (1988) і “І ўзняўся люд просты” да 300-годдзя з дня нараджэння Васіля Вашчылы – кіраўніка Крычаўскага паўстання 1740-1744 гадоў.

Аўтарытэт Паўла Лойкі сярод выкладчыкаў і студэнтаў быў непахісным.

Выкладчыцкая дзейнасць гісторыка суправаджалася не толькі стварэннем шэрагу навучальных дапаможнікаў і іншых навукова-метадычных выданняў як для студэнтаў, так і для школьнікаў, але і тым, што ён працягваў актыўна працаваць і ў навуковай галіне. Да ліку найбольш прыкметных публікацый, падрыхтаваных вучоным у гэты перыяд, належаць раздзелы ў многіх акадэмічных выданнях. Гэтыя раздзелы тэматычна вельмі розныя. У адным выпадку зроблена пэўнае падсумаванне ранейшых прац аўтара па сялянскай праблематыцы. У другім — акрэслены погляд гісторыка на пытанні, якія ён распрацоўваў цягам пазнейшага часу: органы ўлады і кіравання Вялікага Княства Літоўскага, склад і дзейнасць прадстаўнічых інстытутаў шляхты (сойм), унутраная палітыка вялікіх князёў літоўскіх. Аднак у абодвух выпадках была выразна заяўлена аўтарская пазіцыя, відаць пазнавальны аўтарскі стыль і г.д.

Шмат мог зрабіць яшчэ гэты таленавіты гісторык, але лёс не даў яму рэалізаваць усіх сваіх планаў. Павел быў узгадаваны ў атмасферы і на лепшых узорах беларускай гуманістыкі. Ён шчыра любіў Беларусь, людзей і вельмі многім дапамог. Цудоўна валодаў словам і меў талент суразмоўніка: умеў гаварыць і, што не менш важна, слухаць. Ён быў шчодра адораны артыстычнымі здольнасцямі, але справай яго жыцця была і засталася да смерці гісторыя роднай Беларусі.

Марыя Пятроўская, Беларускае Радыё Рацыя