
Цяпер у мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага раёна стаіць яго пустая хата. І сэрца шчымiць ад болю, што нас, маладых, больш нiколi не сустрэне яго гаспадар Пётр Мікалаевіч Марціноўскі (1932-2006) — надзвычай культурны, адукаваны i iнтэлiгентны чалавек, настаўнік і публіцыст. Яго не стала 1 лютага 2006 года. Але здаецца, што зараз ён выйдзе на панадворак, сустрэне, абдыме, мы сядзем у яго “Жыгулi” i паедзем у вандроўку па роднай Гарадзеншчыне. Нас, маладых, ён вельмі любiў і паважаў, пра нас пiсаў, друкаваў нашы творы на старонках Зэльвенскай раёнкi, прапагандаваў нашу творчасць, ладзiў творчыя сустрэчы. Гэта быў апантаны чалавек, улюбёны ў жыццё, лiтаратуру, у Бацькаўшчыну і родную мову.

Магіла Пятра Марціноўскага на вясковых могілках у Дзярэчыне
Дом Пятра Мiкалаевiча мясцовыя iнтэлiгенты жартам называлi “домам лiтаратараў”. Калi б ты нi прыехаў у старажытны Дзярэчын — ноччу цi днём, у святадзень цi гарачы будзень — ён з усмешкаю i цеплынёй запрашаў у сваю светлую, прасторную хату. Частаваў кумпячком цi вэнджанай каўбаскай, налiваў самаробнага вiнаграднага вiна, якому мы невыпадкова далi назву Marcini (ад слова Марцiноўскi). I за гэтым частаваннем гадзiнамi лiлася гутарка, то жартаўлiвая, то сур’ёзная: пра нашу гiсторыю, лёс роднай мовы, Беларусi.
У гэтым гасцiнным доме пабывала шмат вядомых пiсьменнiкаў, мастакоў, журналiстаў, музыкантаў. Але часцей за ўсё сюды наведвалiся землякi — Павел Сцяцко, Уладзiмiр Мазго, Юрка Голуб, Уладзiмiр Ягоўдзiк, Сяргей Чыгрын, Валянцiн Дубатоўка, Міхась Скобла… У бiблiятэцы гаспадара зберагалiся кнiгi з аўтографамi Максiма Танка, Янкi Брыля, Нiла Гiлевiча, Дануты Бiчэль, Сяргея Законнiкава i iншых выдатных пiсьменнiкаў.
Пра цiкавыя сустрэчы, знаёмствы Пётр Мiкалаевiч меркаваў напiсаць кнiгу. На жаль, не паспеў. Бог яму адмераў 74 гады.
Пётр Марціноўскі быў родам з вёскi Катчыно Мастоўскага раёна, хаця большая частка жыцця была пражыта ў Дзярэчыне — у “малым Версалi”, як назваў яе некалi беларускi эмiгрант у ЗША Ян Пятроўскi.
Бацькi Пятра Марцiноўскага былi сялянамі. Мацi непiсьменная, бацька ж — самы адукаваны чалавек на вёсцы. Ён меў прыгожы почырк, ведаў добра беларускую, расейскую i польскую мовы. Яшчэ быў майстар на ўсе рукi, так бы мовiць, вясковым рацыяналiзатарам. Сам зрабiў тры веялкi для ачысткi насення ад мякiны пасля абмалоту, змайстраваў станок для вырабу прасяной крупы i шмат чаго iншага. “Бацька выпiсваў газеты i часопiсы, — згадваў часта Пятро Марцiноўскi. — У нашым доме збiралiся вяскоўцы, за газавай лямпай ён чытаў людзям пра тое, што адбывалася ў свеце. А мы з братам, седзячы за сталом, рыхтавалi ўрокi. Было тое ў канцы саракавых гадоў мiнулага стагоддзя…”
Яшчэ ў школе ён пачаў пiсаць замалёўкi, вершы, iнфармацыi ў Зэльвенскую раённую газету, захапляўся музыкай. Нават марыў з адной дзяўчынай паступаць у кансерваторыю. Любоў да музыкi захаваў да апошнiх дзён, бо яна ўзвышае духоўна, робiць чалавека больш мiласэрным, гуманным.

Студэнт першага курса Пётр Марціноўскі (стаіць каля акна і дзвярэй на заднім плане) Гарадзенскага педінстытута, 1955 г.
Пасля службы ў войску Пятро Марціноўскі вярнуўся на радзiму, стаў працаваць настаўнiкам у Дзярэчынскай сярэдняй школе. Завочна скончыў Гарадзенскi педiнстытут. Аж да пенсii працаваў у гэтай жа школе намеснiкам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце.

З вучнямі Дзярэчынскай школы, 1957 г.
Першыя селькараўскiя карэспандэнцыi Пятра Марцiноўскага былi надрукаваны ў пачатку 1950-х гадоў у зэльвенскай “раёнцы”. Пасля матэрыялы на самыя розныя тэмы з’яўлялiся на старонках рэспублiканскiх газет “Звязда”, “Гродненская правда”, “Лiтаратура i мастацтва”, “Наша слова” i iншых. Усё свядомае жыццё дзярэчынскага настаўнiка хвалявалi пытаннi нацыянальнага адраджэння.
Самымi светлымi старонкамi ў яго жыццi былi сустрэчы i сяброўства са слыннай беларускай паэткай Ларысай Генiюш. З ёю ён пазнаёмiўся яшчэ ў канцы 1950-х, пасля таго, як Ларыса Антонаўна ў 1956 годзе вярнулася з ГУЛАГу ў Зэльву. “Гэта была шчырая, надзвычай таленавiтая жанчына. З трывогай i надзеяй думала яна пра будучыню роднай Беларусi, — згадваў Пётр Марцiноўскi. — Прыкладам бескарыслiвага служэння людзям з’яўляецца яе паэзiя, яе жыццёвы подзвiг. Мне пашчасцiла быць першым чытачом многiх яе вершаў”.

У 2002 годзе выйшла з друку яго невялікая кнiжка ўспамiнаў пра Ларысу Генiюш “Наша Лорка”. Пачынаецца яна з успамiнаў пра тое, як паэтка i аўтар кнiгi, у кампанii з Алесем Траяноўскiм ездзiлi на матацыкле ў Гудзевiчы да Алеся Белакоза, i на радзiму Ларысы Антонаўны — у засценак Жлобаўцы i ў вёску Палаўкi на Ваўкавышчыне. Землякi Ларысы Генiюш ласкава называлi яе “наша Лорка”. У кнiзе змешчаны тэксты пiсем i паштовак Ларысы Генiюш да Марцiноўскiх i ўрыўкi з яе “Незакончанай паэмы”. Паэма распавядала пра рэпрэсii на Беларусi ў 1930—1950-я гады мiнулага стагоддзя, падчас якiх загiнула шмат беларускiх творцаў, грамадскiх дзеячаў. У гэтых пранiкнёных, падобных на ўдары ўсхваляванага сэрца, радках шмат аўтабiяграфiчнага.

Цягам чвэрцi стагоддзя (!) Пётр Марцiноўскi кiраваў зэльвенскiм раённым лiтаб’яднаннем “Зоры над Зальвянкай”. Сам рыхтаваў вершы да друку, наладжваў лiтаратурныя сустрэчы, вечарыны. Па запрашэннi лiтаб’яднання на Зэльвеншчыне пабывалi Васiль Быкаў, Аляксей Карпюк, Алег Лойка, Алесь Асiпенка, Мiкола Гроднеў i шмат хто яшчэ. Усiх i не пералiчыць. Незадоўга да канчыны Пётр Мiкалаевiч падрыхтаваў том вершаў зэльвенскiх паэтаў, збiраўся выдаць iх асобнаю кнiжкай.
Пётр Марцiноўскi ўсё жыццё пражыў у глыбiнцы. Але нiколi не быў правiнцыялам, не старэў душою, не заставаўся абыякавым да падзей у краiне i за яе межамi, меў шырокi кругагляд. Калi надаваўся вольны час, ён ехаў у Менск, Гародню, удзельнiчаў у рэспублiканскiх i абласных лiтаратурна-мастацкiх мерапрыемствах, быў актыўным сябрам ГА “Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны”. Лiтаратура i педагогiка ўсё жыццё крочылi з iм побач, як i добрыя людзi, якiх ён прыцягваў, бы магнiт.

У 2022 годзе ў Менску выйшла з друку кніга “Каб не пагаслі зоры”, прысвечана памяці Пятра Марціноўскага. У выданне ўвайшлі ўспаміны пра настаўніка, яго творы і фотаздымкі.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя






