
Кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг Сцяпан Міско (1930-2010) усё сваё жыццё аддаў даследаванню гісторыі беларускага тэатра. Ён быў шчырым беларусам, патрыётам Бацькаўшчыны. Але пад кантролем Масквы ў Беларусі тады ажыццявіць усе свае планы не ўдалося. А гэтых планаў было шмат.
Сцяпан Міско нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Вучыўся ў пачатковай школе, пасля скончыў Менскі інстытут замежных моў. Пра сваё маленства Сцяпан Міско згадаў у часопісе “Полымя” у 1968 годзе: «Маленства прайшло ў панскай Польшчы. Мы не разумелі тады, што такое акупацыя. Бачылі, як ловяць людзей, гоняць у турмы, толькі мы не здагадваліся, што гэтыя людзі хацелі лепшай долі для ўсіх. У школе крышку разабраліся. Там з першага класа на пытанне: «Хто ты такі?» павінны былі адказаць:
Поляк малы.
Які знак твуй?
Ожэл бялы…
Беларускіх кніг у вёсцы было шмат. Мы іх чыталі дома, ведалі на памяць: «Я мужык-беларус, пан сахі і касы», «Ярка на камінку смольны корч палае», «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы». І пазней ужо адчулі, што ніякія мы не палякі, што тутэйшы – значыць, беларус. Некаторыя польскія песні і вершы нам падабаліся, бо ў іх расказвалася аб такім жа сялянскім жыцці, як і наша:
В понедзялэк рано,
Косіл ойцец сяно.
Косіл ойцец, косіл я,
Косілісь мы обыдва…
Або пра пастушка, які прасіў сонейка, каб хутчэй заходзіла, «бо мі нужкі болён за гэнсамі ходзіць». Такое самае было і наша маленства.
Падрос да гадоў шасці – ды ў пастушкі. Пачынае світаць, а маці ўжо будзіць. Спачатку ласкава: «Сынок, сыночак…». А потым і дубца пакажа. Нічога не зробіш, трэба. З пастушка ў барану, з бараны ў граблі, ад грабель да касы і плуга – такі шлях вясковых хлапчукоў заходнебеларускай вёскі майго пакалення».
Пасля заканчэння інстытута Сцяпан Міско шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы. У 1958 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Затым працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва).
У 1962 годзе ў Кіеве пад кіраўніцтвам самога Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатра». Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, шмат пісаў, апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў і доктарскую дысертацыю на тэму «Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя». Дысертацыю абмеркавалі, адобрылі, але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў. У 1974 годзе яго звольнілі з Акадэміі Навук БССР, дзе працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам. «Нас выгналі тады за «неправильные взгляды по национальному вопросу», — расказаў пры жыцці Сцяпан Міхайлавіч:
– Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля прыбіраць смецце і працаваць на Менскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…».
Віна Сцяпана Міско, паводле інфармацыі КДБ, заключалася ў нацыяналістычнай пазіцыі, фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у перыядычным друку і ў публічных выступленнях на з’ездах творчай інтэлігенцыі, Сцяпан Міско адстойваў правы беларускай мовы, казаў пра яе нераўнапраўнае становішча ў БССР.

Іван Цішчанка, Арсень Ліс і Сцяпан Міско (злева направа) у Мінску, 1963 г.
Сцяпан Міско прымаў актыўны ўдзел на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Нёман» у дыскусіях пра лёс нацый і моў, дзе практычна раскрытыкаваў афіцыйную канцэпцыю таталітарнага рэжыму пра зліццё моў як беспадстаўную і псеўданавуковую. Сцяпан Міско крытыкаваў вядучых артыстаў Беларускага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія дрэнна гаварылі па-беларуску на сцэне. Па ўспамінах Сцяпана Міско, самае галоўнае тады для КДБ было арганізаваць нацыяналістычную групоўку.
Сцяпана Міско выклікалі на бюро ЦК КПБ перад пленумам 1974 года. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, казаў Сцяпану Міско пра «адзіны савецкі народ», пра «адну мову» і г.д. А потым пачаў крычаць на яго: «Нашёлся свядомый белорус. Поживёшь два года без работы, вот посмотрим, как ты запоёшь… Ты думаешь, если бы ты стал руководителем республики, так сразу все и заговорили бы на белорусском языке…».
Але Сцяпан Міско працягваў адстойваць свае погляды. Пасля размовы з Машэравым у бюро ЦК КПБ ён не мог на працягу двух гадоў уладкавацца на працу. А пасля ўсё ж узялі яго ў Дзяржаўны музей БССР. А перад пенсіяй працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве «Універсітэцкае».

У 2000 годзе асобным выданнем выйшла з друку кніга Сцяпана Міско «Школьны тэатр Беларусі XVI-XVIII стст.». У ёй аўтар найбольш поўна даследаваў тэатральнае мастацтва Беларусі перыяду сярэднявечча. Кніга складаецца з трох раздзелаў. У першым раздзеле даследчык расказвае пра тое, як узнік школьны тэатр і што сабой уяўляў яго рэпертуар. У другім раздзеле асаблівая ўвага ўдзяляецца аналізу інтэрмедый, якія леглі ў аснову прафесійнай беларускай драматургіі. А ў трэцім раздзеле ў скарочаным выглядзе даецца змест асобных інтэрмедый.
Вядома, Сцяпан Міско гэтым выданнем не пратэндаваў на вырашэнне ўсіх праблем, звязаных з развіццём школьнага тэатра ў Беларусі. Будучым даследчыкам давядзецца яшчэ перакласці на беларускую мову ўсе тэксты драм, якія пісаліся і ставіліся на тэрыторыі Беларусі на лацінскай і польскай мовах, выявіць многіх невядомых да гэтага часу драматургаў школьнага тэатра, даследаваць больш шырока тэорыю і практыку школьнага тэатра. Аднак і тое, што нашаму земляку ўдалося адшукаць у архівах і старых выданнях, вельмі карысна для тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускага тэатра.
Марыя Пятроўская, Беларускае Радыё Рацыя






