
Любіў Айчыну, а не толькі дым …
Тры гады прайшло, як пайшоў з жыцця мой сябра, калега і аднадумец Сяргей Гоўша. Яму ішоў 73 год. Ён мог пражыць і даўжэй, але такім было яго рашэнне ў страшны для беларусаў сваімі рэпрэсіямі час 2021.
Наша знаёмства і сяброўства пачалося з пачатку 2000-х на праваабарончай ніве. Упершыню сустрэліся на канференцыі ў Менску, якую праводзіла наша праваабарончая арганізацыя «Вясна». Пазнаёміліся, разгаварыліся, нам стала цікава, бо мэта нашай дзейнасці, як кажуць, была адзін у адзін. Дапамагала агульнаму вырашэнню праблем з правамі чалавека мая журналісцкая праца ў незалежнай газеце, якая мела дзяржаўную рэгістрацыю, і парушальнікі правоў грамадзян у крэслах чыноўнікаў былі адказнымі і перад незалежнымі журналістамі ў тым ліку. Трэба адзначыць, што і міліцыя тады была значна бліжэй народу і таксама дапамагала, не цуралася незалежнай прэсы, а наадварот.

Час ад часу пры вырашэнні мясцовых праблем Сяргей запрашаў мяне, і мы разам хадзілі да чыноўнікаў, а потым агучвалі ў прэсе вынікі нашай супольнай работы. Мы былі аднолькава смелымі і настойлівымі ў вырашэнні мясцовых праблем. Упэўненасці дадавалі сябры і аднадумцы Сяргея, якія сталі і маімі сябрамі і аднадумцамі. Гэта быў шчаслівы перыяд майго жыцця. Побач было шмат шчырых людзей, верных і бескарыслівых сяброў, якіх аб’ядноўвала мэта жыць у прававой і свабоднай дзяржаве. Праўда, мы не думалі, што шлях наш так расцягнецца ў часе.

Неўзабаве ўлада ў Баранавіцкім раёне і на Бярозаўшчыне стала асабліва нервова рэагаваць, калі іх шматлікія пралікі агучваліся на ўсю краіну. І рэпрэсіі пасыпаліся найперш на журналістку, якая гэта ўсё агучвала, то-бок на мяне. І вось у 2003 годзе мяне сталі судзіць за выраз «судзімыя судом» на адрас выбарчай камісіі з Белаазёрску. Калі пасля дзікага выпадку прызначэння дэпутатам намесніка старшыні Белаазёрскага гарсавета па аднамандатнай акрузе насуперак волі людзей праз тры дні пасля выбараў. Людзі ўзняліся, я гэта ўсё агучыла праз прэсу. Прызначэнне было скасавана, а старшыня камісіі і сакратар пакараны Бярозаўскім судом штрафам. І якое здзіўленне было для ўсіх, калі ў другім туры выбараў і старшыня камісіі, і сакратар засталіся тыя самыя. Людзі абураліся. Я прыехала на ўчастак з шведскім журналістам, там былі і трое незалежных дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў. Да замежнага журналіста і дэпутатаў выскачылі старшыня і сакратарка з запрашэннем на ўчастак, а я ўслых сказала, што гэтыя дамы нядаўна судзімыя судом за фальсіфікацыі, пакараны за гэта, але на здзіўленне засталіся пры сваіх крэслах. Праз тры дні на мяне была заведзена адміністрацыйная справа за «клевету».
Прыезд на суд майго калегі па «Вясне» і сябра Сяргея Гоўшы быў для мяне нечаканым, але прыемным. І так было не раз. Улада карала мяне, чапляючыся за што магла і не магла. Чыноўнікі і рознага роду начальнікі моцна чапляліся за сваю фактычную недатыкальнасць. Бо застрашаны шматгадовымі рэпрэсіямі людзі цешылі іх вока сваёй пакорлівасцю і баязлівасцю, а тут вось з’явіліся занадта смелыя. Памятаю, як да мяне на судовае паседжанне не пусцілі людзей з каманды маёй падтрымкі без пашпартоў, і Сяргей Гоўша напісаў пра незаконнае патрабаванне ў кнігу скаргаў. І тады мы дамагліся, каб пусцілі ўсіх прыйшоўшых.

З жонкай Ларысай
У Баранавічах я стала сваёй таксама, і мяне запрашалі на ўсе суды супраць апазіцыі і ўсе святочныя мерапрыемствы, якія ладзіла шматлікая апазіцыя. Заўсёды радавалі вока Сяргей з жонкай Ларысай. Яны, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, прыгожыя, дружныя, пазітыўныя, актыўныя, шчырыя ў сваіх дзеяннях і памкненнях былі якраз той парай, якая была прыкладам для ўсіх. А колькі спраў было перароблена: гэта і змаганне за беларускую мову, за права чалавека на працу, на свабоднае мысленне і выказванне сваіх думак, за свабодную прэсу, за памяць рэпрэсаваных, за сапраўдныя гістарычныя сімвалы і шмат ўсяго, што магло зрабіць дзяржаву ўтульнай для чалавека. Але, на жаль, чалавек, які прысмактаўся да кіраўніцтва краінай у 1994 годзе, не думаў пра дэмакратыю і правы грамадзян, бо ведаў, што яму патрэбна для вечнага праўлення як раз адваротнае. Незалежных журналістаў і праваабаронцаў сталі біць яшчэ мацней. Але мы не здаваліся. Толькі гэта каштавала жыцця і здароўя. Пошукі праўды майму калегу па праваабароне і сябру Сяргею каштавалі хваробы сэрца.
Напрыканцы жыцця ён перанёс некалькі аперацый на сэрцы. Мы яго аберагалі як маглі, але ён да апошняга стараўся быць побач.
Гэта быў адданы беларус, сумленны чалавек, добры муж, цудоўны бацька і дзядуля і верны сябар. Вельмі любіў сваю малую радзіму – вёску Востраў. Часта там бываў у бацькоўскім дамку, які застаўся яму у спадчыну. Гэта было яго месца адпачынку, дзе ён мог палавіць рыбку і набраць грыбоў і зарадзіцца новай энергіяй. А рыбак і грыбнік быў заядлы. Яны з Ларысай па-гаспадарску глядзелі за сядзібай. Таму і дом, і сядзіба былі ўтульнымі і дагледжанымі, з агародам, садам і морам кветак.
Сяргей Гоўша аддаў сваё жыццё, не пабаюся гэтага высокага слова, на служэнне Айчыне.

Яго лёс мог скласціся так, як і ва ўсіх тых, каго не хвалюе ні ўлада, ні здрада, што жывуць сабе без турбот і псавання здароўя ў той краіне, якую ім падсунулі так званыя «ўладары гэтага свету» у цяперашняй Беларусі. Жыць без клопату ў сваім мірку, як слімак, карыстацца малым без душэўнага болю за пакрыўджаных. Сяргей – інжынер-тэхнолаг, начальнік тэхналагічнага бюро, вядучы інжынер-канструктар СКБ Баранавіцкага завода гандлёвага машынабудавання. Жонка Ларыса – настаўніца адной са школ у Баранавічах, двое дзяцей, кватэра, аўтамабіль, павага ад навакольных. Усё, як у людзей, жыві і радуйся. Але таму, у каго вялікае сэрца, вольналюбівая душа і жывы розум, было цесна пры савецкай дыктатуры і дыктатуры Лукашэнкі. Такім людзям трэба, каб слова Чалавек гучала сапраўды ганарова. І дзеля гэтага ён стварыў у Баранавічах рэгіянальны праваабарончы цэнтр «Вясна», ТБМ, Экалагічную арганізацыю і аддзяленне партыі БНФ. Паспяваў паўсюль, пакуль хапіла сіл. А цяпер ён, ужо чацвёрты год, «вярнуўся назаўсёды назусім з дарогі дальняй на свой родны Востраў».

Але мы памятаем, дарагі сябра, і будзем памятаць, пакуль будуць біцца нашыя сэрцы. Дзякуй табе за ўсё.
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя