
Пра беларускага пісьменніка, даследчыка нашай гісторыі і перакладчыка Уладзіміра Сакалоўскага (1930-2013) прафесар Адам Мальдзіс неяк сказаў: “Я не ўяўляю сабе беларуска-нямецкія грамадска-культурныя, асабліва літаратурныя сувязі без прац Уладзіміра Сакалоўскага. Ён адкрыў многія іх факты, сістэматызаваў і абагульніў”. Да гэтых слоў я хачу яшчэ дадаць, што асоба Уладзіміра Сакалоўскага даволі значная не толькі ў маштабах сваёй маленькай радзімы, але і ў маштабах усёй Бацькаўшчыны.
Пазнаёмілася я з Уладзімірам Лявонцевічам Сакалоўскім дзесьці ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Тады якраз з друку выйшлі дзве яго арыгінальныя кнігі, якія адразу зрабілі даследчыка літаратуры вядомым і кампетэнтным знаўцам у галіне перакладу і нямецка-беларускіх сувязяў. Гэта былі кнігі “Пара станаўлення” і “Беларуская літаратура ў ГДР”.

Родам Уладзімір Сакалоўскі са слонімскай вёскі Мяльканавічы. Бацька яго Лявонцій Аляксеевіч на вёсцы быў даволі адукаваным чалавекам. Ён у свой час скончыў гімназію і некалькі курсаў Варшаўскага ўніверсітэта. Добра валодаў беларускай, польскай, расейскай і нямецкай мовамі, ведаў таксама лацінскую і старажытна-грэцкую мовы, прымаў актыўны ўдзел у мясцовай філіі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Так што прыклад Уладзіміру было з каго браць. Таму юнак з далёкай вёскі таксама пайшоў у навуку, бо меў талент да замежных моў, да вучобы.
Пасля заканчэння факультэта замежных моў Гарадзенскага ўніверсітэта, Уладзімір Сакалоўскі працаваў перакладчыкам ва Усходняй Германіі, потым выкладаў нямецкую мову ў Латвіі, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, пасля – у Бонскім універсітэце. Побач з беларускай мовай у яго заўсёды была нямецкая. А асноўнай тэматыкай даследаванняў стала гісторыя развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур.
Ведаў даўно, што ў 1961 годзе ў Боне на нямецкай мове выйшла кніга Анджэя Цеханавецкага “Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim”. Кніга гэта ўнікальная, яна ёсць адным з першых спецыяльных даследаванняў па гісторыі прыдворнага тэатра Беларусі, да таго ж напісаная аўтарам на невядомых раней архіўных матэрыялах. Доўгі час гэтае выданне было недаступным беларускім даследчыкам і простым чытачам. І толькі дзякуючы Уладзіміру Сакалоўскаму кніга Анджэя Цеханавецкага пабачыла свет і ў Беларусі. Першае выданне па-беларуску выйшла ў 1993 годзе і адразу хутка разышлося. Другое выданне з больш дапоўненымі каментарыямі ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага з’явілася ў 2006 годзе.

Уладзімір Сакалоўскі з жонкай Галінай і ўнучкай, 2010 г.
Апошнім часам беларускі вучоны і перакладчык вялікую ўвагу аддаваў даследаванню Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны, а таксама Надзвычайнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Нямеччыне. Рэч у тым, што адну з важных роляў у знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла Надзвычайная місія рэспублікі ў Берліне, якая цягам амаль сямі гадоў (1919-1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзентавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час была адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Вось гэты перыяд актыўна і грунтоўна даследаваў Уладзімір Сакалоўскі. Вялікі артыкул на гэту тэму ён апублікаваў у часопісе “Arche”.
Усе кнігі, артыкулы, выступленні Уладзіміра Сакалоўскага немагчыма пералічыць. Ды й няма сэнсу. Усё зробленае ім трэба чытаць, даследаваць, аналізаваць. Працы яго – сур’ёзны ўклад у нашу айчынную гісторыю і літаратуразнаўства. Дарэчы, у апошнія гады жыцця даследчык і перакладчык пісаў і вершы. У 2011 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў яго зборнік паэзіі “Я перажыў свае жаданні”. Тэма яго твораў была і застался ў гэтых радках:
Мы шчасця вечнага шукаем,
Ды шлях аблудны выбіраем.
Мы просім: дайце нам спакою

Памёр Уладзімір Сакалоўскі ў Менску, дзе і пахаваны.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя






