
У 1960-1990 гадах Уладзімір Урбановіч (1921-1999) з Наваградчыны быў самым вядомым у Беларусі краязнаўцам, педагогам, вандроўнікам, калекцыянерам, музейшчыкам. А яшчэ – шчырым беларусам, дэлегатам Устаноўчага з’езда Таварыства беларускай мовы ў Менску. Пра такіх людзей, якім быў Уладзімір Урбановіч, мы сёння пачалі забываць, мала прыгадваць іх, пісаць і ўшаноўваць іх памяць.

Няпроста жылося і працавалася Уладзіміру Урбановічу ў вёсцы Валеўка Наваградскага раёна. За вочы яго называліся нацыяналістам, асабліва пасля выхаду ў свет дзвюх ягоных кніг па краязнаўстве. Такое кляймо яму прычапілі ці то ад зайздрасці, ці то ад таго, што гэты чалавек быў значна адукаванейшым за іншых, ад Бога таленавітым і шчырым. Ён, ці не адзін з першых, у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу “Па дарагіх мясцінах” (Мн., 1964), дзе дзяліўся вопытам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе.

Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на веласіпедах і пяшком абышоў, аб’ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, літаратурныя Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Наваградчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, якія тады яшчэ жылі, але і збіраючы вусную народную творчасць.

На Свіцязі з настаўнікамі і школьнікамі. Крайні справа Уладзімір Урбановіч. 1970-я гады.
У 1955 годзе ў Валеўскай сярэдняй школе быў створаны краязнаўчы музей. Спачатку ў ім было тры аддзелы: гісторыка-этнаграфічны і прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей чацвёртым аддзелам – літаратурным. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 – арыгінальных. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты, асабліва ў свой літаратурны аддзел. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з “Хронікай Быхаўца”, з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца”, друкарнямі Марціна Кухты і “Нашай нівы”. Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура кнігамі Браніслава Тарашкевіча, Ігната Дварчаніна, Гальяша Леўчыка, Канстанцыі Буйлы, Валянціна Таўлая, Максіма Танка, Міхася Васілька, Ніны Тарас, газетамі і часопісамі той пары, фотаздымкамі беларускіх літаратараў.
У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдаў сваю новую кнігу “Шляхамі паэтаў і герояў”. Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым вопытам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры.

Калі першай кнігі наклад быў 2700 асобнікаў, то “Шляхамі паэтаў і герояў” – ажно 10 тысяч. І першая, і другая кнігі Урбановіча былі даволі папулярнымі, найперш сярод настаўнікаў. Іх раскуплялі імгненна. У беларускім друку з’явілася шэраг станоўчых рэцэнзій на іх. Пра кнігі настаўніка з Валеўкі пісалі не абы хто, а Аляксей Пяткевіч, Рыгор Шкраба, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Вера Ляшук, Сцяпан Александровіч і многія іншыя вядомыя асобы. Напрыклад, Сцяпан Александровіч ў часопісе “Полымя” у ліпені 1971 года паведамляў: “Самае цікавае і патрэбнае ў кнізе “Шляхамі паэтаў і герояў” – гэта той багаты фактычны матэрыял, які могуць шырока выкарыстоўваць настаўнікі Беларусі і ў першую чаргу Гарадзеншчыны”.

У паходзе са школьнікамі, 1970-я гады
Але гэтыя добрыя і карысныя кнігі прынеслі Уладзіміру Урбановічу і шмат клопатаў. У пісьме да свайго лепшага сябра і былога калегі па Валеўскай сярэдняй школе, а пазней – заснавальніка і дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Міхася Петрыкевіча (1913-1999), які апошнія гады жыцця жыў у Вільні, пісаў, што яго абвінавачваюць у нацыяналізме і не раз выклікалі ў КДБ. У адказ Міхась Петрыкевіч 27 красавіка 1987 года пісаў: «… Чытаў твае кніжкі, маю іх з сабою цяпер і магу смела сказаць, што ніякага нацыяналізму там няма. Ёсць пачуццё любові да роднага краю, да роднай культуры, традыцый, прыроды, пашаны да людзей нашага краю. Дык хіба ж гэта дрэнна? Добра ведаю, што краязнаўства цяпер развіваецца, падтрымліваецца Міністэрствам асветы, культуры і другімі органамі ўлады. Гэта ярка відаць у Літоўскай рэспубліцы. Любоў да роднага краю дапамагае вырашыць важную дзяржаўную праблему – замацаванне кадраў, рабочых рук у сельскай гаспадарцы. Не менш важныя і другія аспекты краязнаўчай работы… Не ведаю, праз якія акуляры тыя твае субяседнікі разглядалі твае кнігі. А можа яны і не чыталі, а хто-небудзь з зайздрасці даў ім адмоўную рэцэнзію. І гэта можа быць. Разумеецца, з гэтай закваскі, як кажуць, піва не зварыш, але нервы папсаваць можна. Спачуваю табе, ведаю, як цяжка ўсё гэта перажыць. Тут можна сказаць словамі Янкі Купалы: “Чаго вам хочацца, панове, які вас выклікаў прымус?..».

Злева направа Ян Скрыган, Уладзімір Урбановіч, Васіль Бондар, Міхась Петрыкевіч і Фёдар Янкоўскі на Свіслачы, 1960-я гады
Сапраўды, пасля выхаду другой кнігі, Уладзіміру Урбановічу выдаць больш кніг да самай смерці так і не ўдалося. Хаця ён напісаў сотні артыкулаў, нарысаў, даследаванняў, рэцэнзій і апублікаваў у газетах і часопісах, навуковых і папулярных выданнях. Пісаў пра мясціны і лёсы пісьменнікаў, выкладанне беларускай літаратуры ў школе, арганізацыю ў ёй навучальнага працэсу, пра друк Беларусі, беларускі фальклор, людзей культуры. З 1958 года Уладзімір Урбановіч чытаў лекцыі па методыцы літаратурнага краязнаўства на абласных і рэспубліканскіх курсах падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Ён быў сябрам рэспубліканскага журы па ацэнцы школьных падручнікаў, рэцэнзаваў падручнікі па беларускай літаратуры, быў дэлегатам Устаноўчага з’езда Таварыства беларускай мовы. У прыватных архівах землякоў захоўваецца шмат публікацый, артыкулаў, рукапісаў педагога і краязнаўцы з Наваградчыны. А гэта даволі сур’ёзныя даследаванні, якія не састарэлі і сёння, а нават захоўваюць шмат гістарычных і літаратурных адкрыццяў. Гэта грунтоўныя даследаванні пра Адама Міцкевіча і Беларусь, у тым ліку і Наваградчыну, пра старажытнае пісьменства і кнігадрукаванне на Наваградчыне, пра Ігната Дамейку і сувязь Якуба Колася і Янкі Купалы з Наваградчынай і Лідчынай, пра Янку Нёманскага і Марылю Верашчаку, пра паўстанне 1863 года на Лідчыне і г.д. Назбірваюцца дзесяткі артыкулаў-даследаванняў, якія сёння склалі б не адну дыхтоўную гісторыка-краязнаўчую і літаратуразнаўчую кнігу Уладзіміра Урбановіча, а таксама асобнае выданне пра Адама Міцкевіча, пра якога ён ведаў шмат.

Наваградчына. Злева направа Уладзімір Урбановіч, Васіль Бондар і пісьменнік Ян Скрыган, 1960-я гады
Ёсць невялікая згадка пра Уладзіміра Урбановіча ў “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” (Мн., 1987. Т.5. С.364), дзе напісана, што ён з’яўляецца і аўтарам шэрагу артыкулаў па методыцы выкладання беларускай літаратуры, арганізацыі навучальнага працэсу, спалучэння школьных і пазашкольных заняткаў. На тэму краязнаўства ў выкладанні беларускай літаратуры ў старэйшых класах, ролі краязнаўчага матэрыялу ў патрыятычным выхаванні вучняў, краязнаўства на службе у настаўнікаў рускай і беларускай мовах, эстэтычнае выхаванне ў паходах па роднаму краю – і дзясяткі іншых распрацаваных настаўнікам-краязнаўцам Урбановічам таксама не састарэлі і сёння, бо іх смела можна прымяняць у школах, гімназіях і ліцэях. У 1965 годзе Міністэрства адукацыі БССР зацвердзіла праграму настаўніка з Валеўкі, якая называлася “Праграма літаратурна-краязнаўчых гурткоў для васьмігадовых і сярэдніх школ і пазашкольных дзіцячых устаноў”. Праўда, гэта далёка не ўсё, што ім зроблена, напісана, апублікавана і знаходзіцца ў рукапісах. Чалавек, жывучы ў глыбінцы, дзеля беларускай справы працаваў даволі сур’ёзна і актыўна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Уладзімір Урбановіч вёў вялікую перапіску, тысячы лістоў ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і вядома ж завозіў іх на Свіцязь, дзе частаваў, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…

Уладзімір Урбановіч з пісьменнікамі на Свіцязі, 1973 г.
Уладзімір Урбановіч нарадзіўся 2 жніўня 1921 года ў вёсцы Пудзіна на Лідчыне ў сялянскай сям’і. У 1932 годзе скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельскагаспадарчую гімназію Слонімскага павета. Пры “саветах” зноў здаваў экзамены за 7 класаў і паступіў у Мінскі палітэхнікум. Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку, пасля якіх працаваў настаўнікам у пачатковых класах у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскую педагагічную вучэльню і літаратурны факультэт Гарадзенскага педінстытута. А калі скончыў педінстытут, то ўладкаваўся настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года – працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна.

За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў унагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком “Выдатнік народнай асветы”. Ён так пры жыцці і не атрымаў звання заслужаны работнік культуры ці заслужаны настаўнік Беларусі. І толькі пасля смерці (памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны), яго пасмяротна запісалі ў Кнігу Славы Наваградскага раёна.
Ганна Ганькоўская, Беларускае Радыё Рацыя