
Развітацца з педагогам, краязнаўцам, грамадска-культурным актывістам Валерыям Петрыкевічам (1946-2025) у Дзятлаве прыйшло і прыехала шмат людзей не толькі з Дзятлаўшчыны, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Праводзілі Валерыя Міхайлавіча ў апошні шлях 17 лютага. Пасля доўгай хваробы ён памёр на 79-м годзе жыцця.
Валерый Петрыкевіч вельмі моцна любіў Беларусь, сваю Наваградчыну і Дзятлаўшчыну, пісаў пра іх у вольны час, наладжваў дзесяткі розных мерапрыемстваў, сустрэч, прэзентацый. А таксама ўмеў сябраваць, дапамагаць і проста цікава жыць.

Валеры Петрыкевіч з сястрой Святланай, 1955 г.
Валеры Петрыкевіч нарадзіўся 6 верасня 1946 года ў вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям’і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як сябра зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны настаўнікам фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў – у Валейскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградку. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе ён скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.

Валеры Петрыкевіч у 7 класе, 1959 г.
Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыў і працаваў у Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах №1 і №3. З 2006 года быў на пенсіі.
Цягам усяго жыцця Валерый Міхайлавіч вельмі любіў падарожнічаць. З вучнямі СШ №1 не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гарадзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым падарожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.

Марак Балтыйскага флоту Валеры Петрыкевіч з жонкай Наталляй, 1972 г.
Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет “Піянер Беларусі”, “Зорька”. Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету “Перамога”. Падчас вайсковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацаваў з газетай “Страж Балтыкі”. На старонках “Настаўніцкай газеты” распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ №1 г. Дзятлава і г.д.

Каманда СШ № 3 Дзятлава з сваім трэнерам В. Петрыкевічам – лепшая каманда ў раёне, 1996 г.
У 2022 годзе Валерый Петрыкевіч напісаў і выдаў кнігу краязнаўчых сустрэч і вандровак “Там, дзе цячэ Маўчадка”. Яе склалі артыкулы пра Канстанціна Астрожскага, пра дзятлаўскую тапаніміку, успамін пра бацьку Міхаіла Фёдаравіча, пра радзіму Адама Міцкевіча, пра Моўчадзь і вёску маленства Валеўку Наваградскага раёна і шэраг іншых матэрыялаў. Ён быў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса.

Апошнія гады Валерый Петрыкевіч актыўна займаўся гісторыка-краязнаўчымі справамі, даследаваў і ўшаноўваў сваіх знакамітых землякоў.
Дзякуючы клопатам Валерыя Міхайлавіча на Дзятлаўшчыне ўшанаваны пісьменнікі-землякі Гарасім Прамень, Васіль Струмень і Пятрусь Граніт. У вёсцы Зачэпічы грамадскі актывіст разам з сябрамі ўсталяваў мемарыяльны камень. Пэўны час там праводзілася Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі.

Валеры Петрыкевіч (трэці злева) з краязнаўцамі і гісторыкамі Гарадзеншчыны на семінары ў Шчэціне, 1990-я гады
Энтузіястам Валерыем Петрыкевічам у вёсцы Погіры ўстаноўлены мемарыяльны камень, прысвечаны Ігнату Дварчаніну (1895-1937). А ў вёсцы Труханавічы, на доме, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба (1898-1991), адкрыта шыльда.
На пачатку 2013 года намаганнямі мясцовых актывістаў і супрацоўнікаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея адзначылі 100-гадовы юбілей бацькі Валерыя – заснавальніка музея Петрыкевіча Міхаіла Фёдаравіча. Паклапаціўся вядома ж нямала і сам сын. А праз некалькі дзён у раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя яго кнігі “Народжаны вечнасць тварыць”, куды ўвайшлі артыкулы бацькі Валерыя Міхайлавіча Міхася Петрыкевіча.

Фёдар Красюк, Валеры Петрыкевіч, Уладзімір Хільмановіч
Побач з Дзятлавам у вёсцы Жыбартоўшчына знаходзіцца сядзіба славутага земляка, філамата, блізкага сябра Адама Міцкевіча, сусветна вядомага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Тут ён, па волі лёсу, некалькі гадоў жыў і працаваў, хадзіў па вуліцах мястэчка, бываў на кірмашы, маліўся ў касцёле. Сядзібай і яе дапаможнымі пабудовамі доўгі час карысталася Дзятлаўская раённая бальніца.

Дзятлўскія краязнаўцы Фёдар Красюк і Валеры Петрыкевіч, 2021 г.
Валеры Петрыкевіч вельмі жадаў, каб Дзятлаўшчына заўсёды прыцягвала турыстаў. Ён таксама марыў з землякамі ўстанавіць мемарыяльныя шыльды нараджэнцам Дзятлава і раёна Тамашу Жаброўскаму, Вікенці Дмахоўскаму, Сяргею Хмару і іншым землякам. А таксама марыў убачыць у Дзятлаве помнік Канстанціну Астрожскаму – заснавальніку Дзятлава. Не паспеў, смерць не дала яму ажыццявіць усе свае планы і задумкі.

Зьміцер Бартосік і Валеры Петрыкевіч, сакавік, 2018 г.
Валерыя Петрыкевіча пахавалі побач з жонкай Наталляй, якая памерла ад каранавіруса некалькі гадоў таму. Усе радасці, праблемы і клопаты яны дзялілі разам. У канцы 2005 года на галаву яго жонкі звалілася нечаканая бяда. Неспадзяваная траўма прыкавала Валерыя Міхайлавіча на доўгія 9 месяцаў да ложка. Быў пастаўлены цяжкі, невылечны дыягназ. Яго жыццё праходзіла па больніцах Гародні і Дзятлава. Спосаб перамяшчэння – толькі на насілках. Колькі фізічных сіл і вытрымкі, нервовай напругі спатрэбілася яго Наталлі, колькі трэба было праявіць ласкі, пяшчоты і дабрыні, выходжваючы яго, выконваючы капрызы хворага. Дзякуючы жонцы, дактарам і малітвам Валеры Міхайлавіча, яму пашчасціла спачатку перасесці ў інвалідны вазок, а затым і ўвогуле падняцца на мыліцы, з якімі ён не раставаўся да апошніх дзён жыцця. І хоць цяжка было, але ён працаваў, ён да апошніх дзён заставаўся шчырым, мужным, пунктуальным і цярпялівым чалавекам. Такім ён і застанецца ў памяці тых, хто яго ведаў. А тое, што ён зрабіў на сваёй Дзятлаўшчыне па ўшанаванні сваіх знакамітых землякоў – прыклад усім краязнаўцам і грамадскім актывістам Беларусі.
Таццяна Крок, Беларускае Радыё Рацыя






