
Беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук Валерый Шаблюк (1953-1997) трагічна загінуў 2 траўня 1997 года пад коламі службовай машыны генеральнага пракурора Беларусі, кіроўца якога катаўся па горадзе з прыяцелькамі. Яму было толькі 44 гады.
Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў у сваіх “Імёнах Свабоды” шчыра прыгадвае Валерыя Шаблюка: “Ён быў маім аднакурснікам і сябрам, з якім мы гаварылі на адной мове. Ён нярэдка станавіўся першым чытачом маіх тэкстаў. Нас збліжала і агульная прага вандраванняў. Мы разам блукалі па вуліцах Полацку і Рыгі, сядзелі за гасцінным сталом у зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш, палохаючы свіцязянак, плавалі ў таямнічай начной Свіцязі і сустракаліся на берагах Гарыні з мядзведзем, што кіраваўся на бліжні пчальнік, а таму паставіўся да нас амаль па-сяброўску… Ён быў з ліку тых гісторыкаў, якія не хаваліся ад сучаснасці ў сваіх кабінетах ці ў раскопках. Не радзей, чым у сяброўскім коле, мы сустракаліся з ім у сярэдзіне 1990-х на дэмакратычных акцыях. Ён балюча перажываў рэферэндум 1995-га, але адрозна ад некаторых калегаў не кідаўся ў роспач і не лічыў, што ўсё страчана…”.
Родам Валерый Шаблюк быў з Узды. Скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Даследаванні навуковай дзейнасці гісторыка былі – археалогія сярэднявечных сельскіх паселішчаў і мястэчак (у той час новы накірунак у беларускай археалогіі). У 1991 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: «Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV—XVIII ст.ст.», у 1996 годзе апублікаваную як манаграфія. Яна прысвечана гісторыі сельскіх паселішчаў (вёсак, засценкаў, двароў феадалаў) Верхняга Панямоння XIV—XVIII стст.

Кнiга Валеры Шаблюка тады стала значнай падзеяй канца 1990-х гадоў. Не адзiн год карпатлiвай працы быў укладзены ў манаграфiю. Шматлiкiя археалагiчныя раскопкi, росшукi ў беларускiх i замежных архiвах прынеслi аўтару добры плён.
Кнiга звяртала ўвагу ўжо сваёй тэмай — гэта была адзiная манаграфiя, прысвечаная беларускай вёсцы перыяду Сярэднявечча. Мiж iншага, як слушна заўважаў аўтар, галоўнай формай феадальнай эканомiкi была сельская гаспадарка, а самым шматлiкiм класам грамадства — сяляне.
Даследаванне ахоплiвае амаль усе сферы тагачаснага сельскага жыцця. Даўшы кароткую характарыстыку геаграфiчных умоваў, этнiчнага складу насельнiцтва, аўтар пераходзiць да выкладання асноўнага матэрыялу: тыпы, памеры i планiроўка сельскiх паселiшчаў XIV-XVIII стагоддзяў, жылыя i гаспадарчыя пабудовы, рэчы хатняга ўжытку, касцюм, гаспадарчая дзейнасць. Насельнiцтва сярэднявечнай вёскi не было аднародным, што выдатна паказана ў манаграфii. Аўтар у кнізе асобна аналiзуе матэрыяльную культуру феадальнай сядзiбы i сялянскага двара, з аднолькавай увагай ставiцца да вывучэння i невялiкiх гаспадарчых, i значных культавых пабудоў і г.д.
У 1995 годзе выйшла кніга Валерыя Шаблюка “Двор у Туганавічах”. Двор у Туганавічах (былы Наваградскі павет), ва ўяўленні кожнага, хто захапляецца творчасцю Адама Міцкевіча, непарыўна звязаны з імем паэта і з вобразам яго чароўнай музы – Марылі Верашчакі. У кнізе прасочваецца развіццё гэтага ўладання на працягу XV стагоддзя – 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Аўтар апісаў ролю маёнтка і яго жыхароў у лёсе славутага паэта.

Акрамя дзвюх кніг, Валер Шаблюк апублікаваў па гісторыі і археалогіі Беларусі каля 100 артыкулаў у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Ён даследаваў таксама гістарычную тапаграфію, забудовы прынёманскіх мястэчак у XVI-XVIII стагоддзях…
Валерый Шаблюк быў старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі педагогаў Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Беларускага свабоднага прафсаюза, кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па Усходняй выбарчай акрузе № 246 г. Менска.
Шмат мог зрабіць Валерый Шаблюк на ніве гістарычнай навукі і, магчыма, палітыкі, але лёс яму даў кароткае жыццё.






