
Заслужаны работнік культуры Беларусі, тэатральны рэжысёр і стваральнік ці ўзнаўляльнік пяці самадзейных народных тэатраў Беларусі Валянцін Ермаловіч (1925-2004) меў багацейшы акцёрскі багаж, а яшчэ 29 гадоў настаўніцкага стажу ў Магілёўскім вучылішчы культуры. Да апошняга дня свайго жыцця ён кіраваў народным тэатрам Магілёўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, а яшчэ чытаў у моладзевых аўдыторыях лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Пра Валянціна Ермаловіча як акцёра і рэжысёра багата сказана і напісана ў газетах і часопісах. А ён жа яшчэ быў выдатным майстрам жывога мастацкага слова і меў талент літаратара (на жаль, апошні дар яго не паспеў поўнасцю раскрыцца).
Стаць чытальнікам беларускага прыгожага пісьменства, роднага паэтычнага слова Валянціна Ермаловіча падахвоціў паэт Аляксей Пысін. Іх знаёмства, якое потым перарасло ў шчырае сяброўства, адбылося ў 1963 годзе, калі тэатральны самадзейны калектыў Магілёўскай шоўкавай фабрыкі даваў спектакль «Хто смяецца апошнім» па п’есе Кандрата Крапівы. У гутарцы пра спектакль (Пысін рабіў водгук для газеты) яны паразумеліся як франтавікі, і дамоў у той вечар першай сустрэчы крочылі ўжо разам як даўнія сябры, дзелячыся ўспамінамі пра перажытае на вайне.

Валянцін Ермаловіч у спісе тых, хто загінуў у гады Другой сусветнай вайны
Валянцін Ермаловіч стаў запрашаць паэта-франтавіка Аляксея Пысіна на свае літаратурна-музычныя вечары, якія ладзіў з навучэнцамі тэатральнага аддзялення вучылішча. Аляксей Пысін таксама прымаў удзел у тых вечарах і ў справаздачах, а ў часопісе «Беларусь» як сакратар Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў пісаў: «Магілёўскія пісьменнікі наладзілі добрае супрацоўніцтва з абласным аддзяленнем таварыства аматараў кнігі і Магілёўскім культасветвучылішчам (раней так называлася). I літаратурныя вечары, і святы кнігі яны праводзілі сумесна».
Аляксей Пысін і Валянцін Ермаловіч былі не толькі блізкімі сябрамі, яны былі духоўна роднымі людзьмі. Аляксей Васілевіч глядзеў кожную прэм’еру Краснапольскага народнага тэатра. I верш пра тэатр склаў – «Прэм’ера ў гарадскім пасёлку Краснаполле». Паэт і ў Менск выязджаў для запісу на тэлебачанні землякоў-краснапольцаў, перад спектаклем рабіў уступнае слова на ўсю Беларусь. А калі прыйшоў чарод ягонага юбілею – 60-годдзе з дня нараджэння, то адмовіўся ад менскіх акцёраў-прафесіяналаў і папрасіў, каб на сталічнай сцэне дазволілі паказаць спектакль яго роднага Краснапольскага народнага тэатра, рэжысёрам якога быў Валянцін Ермаловіч.

У Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі (злева направа) заслужаны мастак Беларусі Антон Бархаткоў, пісьменнік Віктар Карамазаў, Валянцін Ермаловіч.
Валянцін Іванавіч меў у сваім рэпертуары чытальніка творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Ніла Гілевіча, Аляксея Пысіна і іншых беларускіх пісьменнікаў.
Валянцін Іванавіч Ермаловіч, каб вывесці ў людзі Краснапольскі самадзейны тэатр, дзесяць гадоў запар ездзіў туды з Магілёва. Апошнім часам ён рабіў нялёгкія вандроўкі ў Бялынічы, каб данесці маладой змене прыгажосць мастацкага слова (паспеў і паэму Купалаву «На куццю» прачытаць). Калі ў савецкі час праца артыста аплочвалася, хай сабе і невялікімі грашыма, то апошнія гады Валянцін Ермаловіч нёс мастацкае слова ў народ бясплатна. Запрашалі, і ён ішоў. Не адмаўляў нікому.
Валянцін Іванавіч усё стараўся зрабіць сам: і на працы, і дома. Варыў абед, мыў бялізну разам з жонкай Геняй Міхайлаўнай, па-майстэрску валодаў прасам, швейнай машынай, фотоапаратам… Увогуле, у доме быў незаменны гаспадар. Ён быў узорным сем’янінам, мужным, светлым, інтэлігентным чалавекам.
Валянцін Ермаловіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1950, курс Канстанціна Саннікава). Быў акцёрам Пінскага (1950-1954) і Магілёўскага (1954-1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчыкам Магілёўскага вучылішча культуры (1956-1985). Адначасна з гэтым кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна (1961-1969), тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971-1977), Краснапольскім народным тэатрам (1978-1992), рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993-1998), з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. А яшчэ Валянцін Ермаловіч быў родным братам беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча.
Валянцін Іванавіч быў грамадска актыўным чалавекам. У 1990-я гады ён неаднаразова прымаў удзел у гарадскім шэсці “Чарнобыльскі шлях”, што ўжо стала не падабацца начальсту, бо ў другой палове дзевяностых ужо адкрыта пачалі згортвацца дэмакратычныя пачынанні, праведзеныя былі псеўдарэферэндумы, супраць якіх адкрыта выступаў Валянцін Іванавіч. І п’есы для спектакляў ён стараўся падбіраць з яўна выражанай адраджэнскай скіраванасцю. Быў пастаўлены спектакль па камедыі Францішка Аляхновіча “Пан Міністр”, у якім высмейваліся прыстасаванцы да беларускай нацыянальнай ідэі напачатку ХХ стагоддзя, што, на жаль, было актуальным і пры яго завяршэнні. Але найбольшы рэзананс атрымаў спектакль па сацыяльна-палітычнай камедыі Міколы Матукоўскага “Калізей”, бо Ермаловіч аформіў спектакль так, што ў ім выразна праглядваліся беларускія рэаліі. І наступствы адразу праявіліся: артыста Буркіна, выканаўцу галоўнай ролі, папярэдзілі, што калі ён яшчэ хоць раз прыме ўдзел у гэтым спектаклі, то будзе звольнены з працы. Валянціна Іванавіча змушалі надалей узгадняць рэпертуар з аддзелам культуры, а пазней з ідэалагічным аддзелам, але ён ухітраўся абыходзіць гэтыя «рагаткі».

дэпутацкае пасведчанне
Валянцін Іванавіч гаварыў, што на станаўленне яго нацыянальнай самасвядомасці моцны ўплыў аказаў старэйшы брат Мікола, вядомы крытык, літаратуразнаўца і гісторык. І калі ён быў збіты машынай на пераходзе, то Валянцін Іванавіч гаварыў, што яго забілі, бо даволі часта яму пагражалі. Несумненна, на ўліку быў і сам рэжысёр, але адкрытых нападак з боку органаў на яго не было.
Тэатр у Магілёве рыхтаваўся шэрагам спектакляў шырока адзначыць 80-гадовы юбілей свайго рэжысёра, але раптоўна Валянцін Іванавіч адышоў у іншы свет. Але спектаклі ў яго гонар былі паказаны гледачам.

Валянцін Ермаловіч з унукамі
Усё ж роля асобы ў грамадстве і гісторыі – вялікая рэч. Быў Валянцін Іванавіч Ермаловіч, былі беларускамоўныя народныя тэатры, розгалас пра іх ішоў далёка. А вось яго не стала – знік, па сутнасці, і тэатр-студыя “Валянцін”, бо новае кіраўніцтва зрабіла яго расейскамоўным і грамадства страціла да яго цікавасць.
У застойныя часы на адрас Валянціна Ермаловіча з боку некаторых начальнікаў, ад якіх залежыла яго творчасць, ляцелі кпіны, маўляў, “копаешься в каком-то старье”. Валянцін Іванавіч прайшоў праз гэтыя калючкі і, бясспрэчна, пакінуў даволі прыкметны след у беларускім народным тэатральным мастацтве. Гэта, можна сказаць без перабольшання, быў і застаўся рупліўцам Галубкоўскага складу.

У 2014 годзе ў Менску выйшла з друку кніга ўспамінаў пра Валянціна Ермаловіча “Ачышчэнне душы”.
Валянціна Кузьменка. Беларускае Радыё Рацыя






