BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Валянціна Ададурава, Ірына Данік

На Зэльвеншчыне зусім нядаўна жылі дзве таленавітыя жанчыны. Адна з іх была настаўніцай роднай мовы і пісала вершы. Гэта – Валянціна Ададурава (1941-1995). Другая працавала культработнікам і таксама пісала вершы. Гэта – Ірына Данік (1949-2018). Пры жыцці вясковыя жанчыны выдалі толькі па адным зборніку паэзіі. У якіх адлюстравана любоў да роднай зямлі, да сваёй мовы, да беларускага працавітага народа.

Пра паэтку і настаўніцу Елкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Валянціну Ададураву нагадвае сёння адзіны зборнічак яе вершаў “Глыбінка”, які выйшаў з друку за год да смерці паэткі — у 1994 годзе.

Па сваіх светаадчуваннях, светаразуменнях, манеры думаць і гаварыць Валянціна Ададурава была найперш вясковай, сялянскай паэткай. Яе любоў да роднага краю была настолькі магутнай, усеабдуманай, што, правёўшы дзяцінства, юнацтва ў вёсцы паэтка зрабіла яе галоўным героем у сваіх паэтычных радках. Свае вершы яна прысвяціла зэльвенскім вёскам Шавулічы, Манцякі, Ялуцавічы, Елка, Крамяніца, родным краявідам і землякам. Уся істота паэткі была ахоплена такой нястрымнай любоўю да маленькай радзімы, што нічога, апроч яе, яна проста не магла ўспрымаць:

Гайдае рэчка тут ваду

Знаёмымі ўсплёскамі.

А я сцяжынкаю іду,

А я прыспешваю хаду —

Спаткацца з роднай вёскаю.

Валянціна Ададурава скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працуючы настаўніцай на Зэльвеншчыне, яны пісала вершы і дасылала іх у розныя выданні, якія з вялікай радасцю іх друкавалі. Настаўніцу і паэтку вельмі хваляваў лёс роднай зямлі, мовы і народа, прыгажосць беларускай прыроды, пытанні маралі і міру. Пра гэта яна таксама пісала.

Неспатольная прага любові да ўсяго блізкага, да гарадзенскага краю, Бацькаўшчыны, шчырых і добрых людзей гучалі ў яе мілых, адкрытых паэтычных радках. Вельмі часта перачытваю яе “Глыбінку” — зборнічак жаночых пачуццяў, захапленняў, радасці, дзе хораша апета родная зямля, якая, як магніт прыцягвала яе чуллівае сэрца. Чытаю яе вершы сёння і адчуваю, што без Беларусі ёй не было б спакою, не было б натхнення і святасці. Паэзія, землякі і родная зямля яе лячылі, суцяшалі, а паэтка іх апявала ў сваіх вершах. Гэтыя вершы Валянціна Ададурава пакінулам нам, як напамін пра яе, як наказ, як трэба любіць бацькоўскі кут, захапляцца ім, берагчы і шанаваць яго.

А яшчэ Валянціна Ададурава марыла пра музей Ларысы Геніюш у Зэльве. Яна магла б смела яго ўзначаліць, арганізаваць, быць там дырэктаркай і бясконца распавядаць пра Ларысу Геніюш. Шмат сваіх радкоў паэтка прысвяціла гэтай мужнай і таленавітай сваёй зямлячцы. Валянціна Ададурава вельмі перажывала смерць Ларысы Антонаўны:

Час веснавы, а Зэльвеншчына ў скрусе…

Над Зэльвай цёплы красавіцкі дзень.

Ідзем да Вас – ідзем да Беларусі,

І верым – з вамі да яе дайдзем…

Яе зямлячка Ірына Данік нарадзілася ў вёсцы Дзергілі на Зэльвеншчыне. У 1967 годзе скончыла Міжэрыцкую сярэднюю школу Зэльвенскага раёна. З 1968 года працавала токарам на Жданаўскім рамонтна-механічным заводзе Данецкай вобласці, вучылася на вячэрнім аддзяленні Жданоўскага індустрыяльнага тэхнікума.

З дзяцінства дзяўчына марыла стаць мастаком і мару ажыццявіла: у 1969 годзе паступіла ў Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт выяўленчага мастацтва. Адначасна пісала прозу – апавяданні, эсэ. Вершы пачала пісаць у 1975 годзе. Першы верш надрукавала ў 1977 годзе ў зэльвенскай раённай газеце “Праца”, дзе пэўны час жанчына працавала карэктарам, лінатыпістам, селькарам.

У 1974 годзе Ірына Данік разам з сям’ёй вярнулася ў родныя мясціны, на Зэльвеншчыну. Працавала загадчыцай Дзергілеўскага сельскага клуба. Завочна скончыла Гарадзенскае культасветвучылішча. А з 1986 года Ірына Данік жыла ў вёсцы Стральцы Мастоўскага раёна, дзе працавала дыспетчарам калгаса “Рассвет”, а потым мастацкім кіраўніком Стралецкага сельскага дома культуры, які потым і ўзначаліла.

Вершы Ірыны Данік друкаваліся ў агульнабеларускім друку, калектыўных зборніках. Выдала адзіны зборнік вершаў “Мой светлы дзень” (2006 г.). А ў 2002 годзе Гарадзенскае тэлебачанне паказала дакументальны фільм пра яе творчасць, як паэткі і як мастачкі. У 2014 годзе яна заняла першае месца ў літаратурным конкурсе “Гародня – культурная сталіца Беларусі 2014”. Вось дзве страфы з розных вершаў Ірыны Данік:

Што месяц ззяе гузікам,

І не адчуеш дна.

Адна на сэрцы музыка,

І Беларусь адна.

***

Скланецца пушча,

Грозна зашуміць.

Мове не памерці!

Мове вечна жыць!

Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя