BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ціхія адраджэнцы»: Васіль Гадулька

У 2016 годзе ў Беластоку выйшла з друку ўнікальная кніга «Па-над сцежкай лёсу». Яна з’явілася ў бібліятэцы беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Выданне было прымеркаванае да 70-годдзя берасцейскага паэта з-пад Жабінкі Васіля Гадулькі (1946-1993).

Гэта літаратурная і жыццёвая спадчына паэта, які жыў у правінцыі і які меў вялікі талент да літаратурнай творчасці і перакладчыцкай дзейнасці. На вялікі жаль, мы часам не заўважаем творчых людзей з-за будзённасці дзён і розных клопатаў. А гэтыя людзі жывуць з намі побач, пішуць добрыя творы, мараць мець свае ўласныя кнігі, прэзентацыі, сустрэчы. Але многім сёння гэта адолець ў Беларусі не пад сілу.

А колькі мы за апошнія 20 гадоў страцілі маладых і таленавітых асобаў? Дзесяткі! Адны па ўласным жаданні пайшлі з жыцця ад розных дэпрэсій і праблемаў, іншыя – памерлі ад хваробаў.

Васіль Гадулька пражыў толькі 47 гадоў. Пры жыцці ён так і не дачакаўся свайго зборніка вершаў. Ён быў сціплым чалавекам і жыў сціпла. У пачатку 1990-х гадоў паэт даслаў у менскі часопіс кнігу сваіх вершаў і чакаў, што з’явіцца зборнічак у бібліятэчцы “Маладосці”, якая тады існавала, але зборнік так і не пабачыў свет. Рукапіс ужо пасля смерці адшукалі ў “Маладосці” на самым пыльным дне рэдакцыйнай шафы – яго нават ніхто і не прачытаў. А калі б тады, пры жыцці, уважліва паставіліся б да рукапісаў паэта з Берасцейшчыны, і калі б зборнік быў выдадзены – магчыма лёс Васіля Гадулькі склаўся б інакш. Тым больш, што ён ведаў некалькі моў, а на нямецкай і ангельскай нават спрабаваў пісаць вершы. І краіна пачула б голас паэта, які жыў у вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна. Але такога шчасця не адбылося.

Таленавіты вясковы беларус працаваў у калгасе, штодня хадзіў на палявыя работы. Ён выкідваў гной з кароўнікаў, буртаваў буракі, вазіў і скірдаваў салому – сумленна адпрацоўваў свае “выхады”. Ён жыў адзін, ён жыў сярод вяскоўцаў, якім да лямпачкі былі замежныя мовы і паэзія. Ён жыў самотна і пісаў, як сказаў паэт Леанід Галубовіч, “самотна-сонечныя вершы”. Ён пісаў пра разумную кабылу, пра ранак у лесе, пра маці і могілкі, пра чаромху і пра навальніцу. Пісаў пра тое, што бачыў, чуў, ведаў, сустракаў, пра тое, што было побач. Пісаў і… піў віно:

Чырвоным вермутам зара

Пральецца на фіранкі…

Што ж, па апошняй, і – пара…

Няхай прасухнуць шклянкі.

Сумная біяграфія была ў Васіля Гадулькі. Яна завяршаецца радкамі: “Рыхтаваў зборнік вершаў і баек, але надрукаваць яго не паспеў: зімой 1992 года, у страшэннай галечы і без сродкаў для існавання, незразумелы, расчараваны і пакінуты ўсімі трагічна памёр і пахаваны на могілках вёскі Федзькавічы Жабінкаўскага раёна”. Гэтая біяграфія была напісана асабістай рукой Васіля. Памыліўся паэт усяго на паўгады. Насамрэч ён памёр 15 чэрвеня 1993 года.

Толькі пасля смерці Васіля Гадулькі, у 2004 годзе паэт і публіцыст Леанід Галубовіч сабраў і выдаў яго першую кнігу “Голас”, куды ўвайшлі ўспаміны сяброў, знаёмых і калег па пяры. А таксама выбранае з яго паэтычнай спадчыны. А потым была яшчэ падборка вершаў у калектыўным зборніку “Незабыўныя галасы” (Мн., 2008).

У беластоцкае выданне Васіля Гадулькі ўвайшлі вершы, байкі, паэма і вянок санетаў, публіцыстыка аўтара. А яшчэ – ліставанне. Лісты Васіля Гадулькі да гарадзенскай паэткі Галіны Самойлы. Гэта тактоўныя, шчырыя, чуллівыя і адкрытыя лісты, поўныя суму і надзеі, разважанняў і вершаў. Кожны ліст паэта Галіна Самойла каментуе. Васямнаццаты ліст да Галіны Васіль не адаслаў, ён быў знойдзены ў архіве паэта. Ён пісаў: “У мяне справы яшчэ больш пагоршыліся – на рабоце. За такую дробязь, якую плацяць, пражыць становіцца зусім немагчыма…”. Галіна Самойла каментуе: “Васіль не адаслаў у Гародню свой апошні ліст. Я не напісала яму ў папярэднім, што мой першы сынок, Юрачка, нарадзіўся з парокам сэрца, што ў яго часта бываюць прастуды, што рэаманітолаг настойліва раіць рабіць аперацыю, калі ён крыху падрасце. У жніўні 1991 года я паехала з ім у Кіеў, дзе ў клініцы Амосава яго аперыравалі, пасляаперацыйны перыяд быў вельмі цяжкім. Не пісала я таксама пра тое, што мой брат і муж маюць вялікія праблемы з алкаголем. З гэтай прычыны мяне мала хто разумеў, але усё ж у студзені 1991 года я нарадзіла другога сына. У хуткім часе “згарэлі” усе мае і бацькоўскія зберажэнні, і мне было вельмі цяжка матэрыяльна. Але сёння менавіта малодшы сын – мая апора…”.

Лёс творчых людзей цяпер на Беларусі не дужа спакойны і добры. Ён няпростым быў заўсёды і ва ўсе стагоддзі, а сёння, відаць, найцяжэйшы, найперш з матэрыяльнага і маральнага бакоў. І не ўсе гэта вытрымліваюць і не ўсім удаецца знайсці выйсце, выкараскацца, выжыць, пераадолець час і сябе. Калі мужная і таленавітая паэтка Галіна Самойла змагла пераадолець жыццёвыя цяжкасці і праблемы, то Васіль Гадулька – не змог:

Пахіснуўся мой дух,

І абрыдла жыццё,

У якім нават двух

Родных сэрцаў зліццё

Не ратуе ад здрад,

Ад знаходак і страт,

Ад уласнай віны…

Васіль Гадулька быў шчырым беларусам і таленавітым ад Бога чалавекам. Вершы яго магутныя ва ўсіх сэнсах. Яны не толькі “прыгожа ўспыхваюць і згараюць феерверкам асляпляльных промняў”, а яны і сэрца саграваюць, і запамінаюцца.

У першым зборніку, укладзеным Леанідам Галубовічам, які называўся “Голас”, мне спадабалася згадка пра Гадульку паэта Міколы Купрэева. Яна называецца “У хаце паэта”. Невялікая згадка. Але – жывая, канкрэтная. Мікола Купрэеў прыгадвае, як першы раз зімой завітаў у хату Васіля. Пазнаёміліся. Выпілі бутэльку “чарніла”, а потым… чатыры флаконы адэкалону. Былі яшчэ там цыбуліны, цёмна-жоўтае сала, прапахлае драўлянскай старажытнасцю, і хлеб. Купрэеў убачыў яго самотныя вочы, самотнай была і паэзія: “У ёй – душа ці не ўсяго гадулькаўскага пакалення – пакалення выстылага на халодных раздарожжах…”, – сказаў Мікола Купрэеў. Але самым самотным у гэтай невялікай згадцы быў апошні абзац: “Мы развіталіся з ім на заснежаным падворку. Зноў трэба было пратоптваць сабе дарогу… І я паціху-памалу, намацваючы ў сумётах сцежку, пачаў выбірацца адтуль. А ён – застаўся…”.

Так, Васіль Гадулька назаўсёды застаўся ў роднай вёсцы, побач з маці і з бацькам. А нам засталася яго паэзія, яго радкі:

Прахапіўся. Падумаў з палёгкай:

Дзякуй Богу, прымроіўся крык…

Ты, жыццё, мяне ў снах не палохай –

Я ж ад явы яшчэ не адвык”.

І такія радкі:

І назаўжды разлучыць далячынь

Два берагі адной ракі – дзве долі.

І кане ў вечнасць нашых жыццяў плынь,

І болей мы не ўбачымся ніколі.

Аксана Пятроўская, Беларускае Радыё Рацыя