
Настаўнік, грамадска-культурны дзеяч, краязнавец, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Сокал (1921-2002) нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў вёсцы Зубелевічы Ляхавіцкага раёна на Берасцейшчыне. Яго лёс быў шмат у чым тыповы: жыў пад Польшчай, адчуў нямецкую акупацыю, пайшоў на фронт, ваяваў, пасля вайны вучыўся, працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам у вясковых школах, быў выдатнікам народнай асветы.

З вайны Васіль Сокал вярнуўся ў 1946 годзе. Вярнуўся ў родную вёску і пачаў працаваць камсоргам у Падлескай школе на Ляхавіччыне. Пасля паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. І ўсё жыццё настаўнічаў. А ў вольны час пісаў артыкулы па-беларуску, даследаваў родны край і свае матэрыялы дасылаў у раённы і рэспубліканскі друк.
З 1985 года Васіль Сокал быў сябрам камісіі па напісанні кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”, дзе надрукавана і яго шмат матэрыялаў па гісторыі Ляхавіцкай зямлі. Як і многія беларусы ў той час ён верыў у “ідэалы” камунізму, быў “партактывістам”. Але з гадамі ўсё больш і больш разумеў, куды вядзе “светлы шлях”, і, як мог далей бараніў праўду. А ў 1987 годзе беларус выйшаў з радоў КПСС па ідэалагічных матывах.
Васіль Сокал напісаў выдатны даследчы артыкул пра Клецкую беларускую гімназію. Ён паспеў яго апу блікаваць у “Беларускім гістарычным часопісе” ў 2002 годзе.
Пісаў Васіль Міхайлавіч артыкулы пра настаўнікаў, школьныя справы, пра парадоксы і метамарфозы Івана Шамякіна, пра любоў да роднай мовы і матэрыялы на іншыя тэмы.
Але самай вялікай заслугай для краязнаўцы ёсць тое, што ён напісаў і пакінуў кнігу ўспамінаў “На хвалях часу”. Гэта кніга – галоўная праца жыцця Васіля Сокала. “Тут занатаваны мае аб’ектыўныя назіранні за падзеямі, што адбываліся ў вёсцы Зубелевічы, у навакольных вёсках, у мястэчку Ляхавічы і ў Ляхавіцкім раёне ў 1926-1986 гадах. Усё заснавана на канкрэтных фактах, сведкам якіх я быў, нават часам актыўным удзельнікам, а таксама на дэталёва правераных аповедах маіх аднавяскоўцаў і некаторых жыхароў раёна”, – напісаў Васіль Сокал у сваёй невялікай прадмове да кнігі.
Такой метадычнай і дакладна зафіксаванай гісторыі свайго роднага кутка, да таго ж напісанай жыва і дынамічна, нам не хапае сёння ў сучаснай айчыннай мемуарыстыцы. Дый зямля, на якой нарадзіўся аўтар успамінаў “На хвалях часу”, па словах журналіста Вацлава Арэшкі, вартае ўвагі і любові. На Ляхавіччыне, напрыклад, нарадзіліся Хведар Еўлашэўскі, Анатоль Бярозка, Напалеон Чарноцкі, Фларыян Бохвіц, Тадэвуш Рэйтан, браты Касакоўскія, Сяргей Пясецкі і іншыя вядомыя асобы.

Кніга ўспамінаў аўтарства Васіля Сокала – сапраўдны летапіс ляхавіцкай вёскі Зубелевічы, які пакінуў аўтар сваім нашчадкам. І каб пра кожную вёску ў Беларусі быў напісаны падобны летапіс, то мы мелі б сапраўдную і праўдзівую гісторыю сваёй краіны. Магчыма некаторыя даследчыкі знойдуць сёння і пазней у кнізе “На хвалях часу” нейкія недакладнасці і супярэчнасці. Але каштоўнасць выдання Васіля Сокала ад гэтага не мялее. Такі ўжо жанр – гісторыя вачыма яе жывога сведкі. І з публікацыяй гэтага выдання ў мазаіку беларускіх гісторыі і краязнаўства ўкладзены яшчэ адзін непазбыўны кавалак. І да сённяшніх дзён амаль кожны жыхар Ляхавіччыны знаходзіць у выданні знаёмыя назвы, імёны і важныя для яго згадкі. А для нас усіх беларусаў, гэта яшчэ адзін крок у пошуках адказаў на адвечныя пытанні: хто мы, адкуль і куды ідзем?..
Кніга ўспамінаў Васіля Сокала пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара і стала выкананнем яго запавету. На вялікі жаль, аўтар яе не патрымаў у руках. Ён памёр 21 верасня 2002 года. І пахаваны ў роднай вёсцы Зубелевічы.
Станіслава Ражноўская, Беларускае Радыё Рацыя






