
Археолаг, краязнавец, паэт Васіль Супрун (1926-2007) з сваімі равеснікамі ў 1946 годзе стварыў патрыятычную антысталінскую арганізацыю “Чайка”, удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Баранавічах, Наваградку, Пінску, іншых гарадах, а таксама мястэчках. За гэта ён быў пакараны 25 гадамі зняволення.

Васіль Супрун, 1955 год
Пра “Чайку” беларусы даведаліся толькі ў канцы 1980-х гадоў. Да гэтага часу ён ніколі нічога не казаў пра антысавецкае падполле. Калі выйшаў у 1956 годзе на волю і праз год вярнуўся на родную Слонімшчыну, быў пазбаўлены магчымасці працаваць настаўнікам, хоць меў педагагічную адукацыю: скончыў Слонімскую настаўніцкую семінарыю і Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Настаўнікам працаваць не дазволілі, і Васіль Супрун мяняў заняткі і прафесіі. Працаваў спачатку будаўніком у роднай вёсцы, быў тэхнікам-будаўніком у СПТВ у Слоніме, а потым у пошуках заробку выехаў у Крым, дзе знайшоў працу праекціроўшчыка ў падводным марскім клубе ДТСАФ СССР. Працуючы далёка ад Беларусі, паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які завочна скончыў у 1969 годзе.
Калі вярнуўся з Крыма на Радзіму, то зноў пайшоў працаваць на будоўлю. Адначасна займаўся ў вольны час археалагічнай разведкай і раскопкамі на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне. Пасля пісаў пра гэта ў мясцовым друку, у часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”. Так і дажыў да пенсіі… Але гэта адбывалася пасля вяртання з ГУЛАГу, пасля 1957 года. А да гэтага была “Чайка”.
Напачатку 1946 года ў асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзнікла ідэя арганізаванага супраціву камуністычнаму руху і гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі. З гэтай мэтай у пачатку траўня 1946 года ў Слоніме быў праведзены ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэнне стварыць падпольную беларускую арганізацыю з канспірацыйнай назвай «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць свайго народу, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Арганізацыя не планавала займацца тэрорам, а індывідуальнай працай будзіць свядомасць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасці, асновы канспірацыі і абранае кіраўніцтва. У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі з няяўкай Ніны Карач на пазнейшыя нарады і парушэннем канспірацыі, дзяўчаты былі адхіленыя ад удзелу ў падполлі, змененыя яўкі. Дарэчы, пазней Ніна Карач была засуджана на 10 гадоў. Яе забяруць ужо студэнткай Інстытута народнай гаспадаркі…
З агульнай згоды сяброў Васілю Супруну было загадана заснаваць патрыятычнае падполле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу — у Берасцейскім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Алесю Гардзейку — сярод моладзі Гарадзеншчыны і г. д.
Досыць хутка патрыятычныя групы падполля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытуту), у Берасці, Жыровічах і ў іншых гарадах і мястэчках.

Васіль Супрун (крайні справа), пасярэдзіне яго зямляк Сяргей Ціхан (расстраляны немцамі), крайні — невядомы, пачатак 1944 года
“Чайка” за нейкi месяц дзейнасцi выйшла далёка за межы райцэнтра, што патрабавала паглыбленай распрацоўкi праграмы i схемы ўнутранай будовы арганiзацыi. А праз пэўны час узнiкла i патрэба стварэння так званага Цэнтра Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), якi павiнен быў ажыццяўляць агульнае кiраўнiцтва рухам. Кiраўнiком Цэнтра быў абраны Васіль Супрун, намеснiкам па арганiзацыйна-палiтычнай рабоце стаў Аляксандар Барэйка, а адказным за ваенiзаваны рух — Мiхась Ракевiч.
Цэнтрам была прапанаваная так названая «колавая» схема кiравання. Ад Цэнтра мела адходзiць (акружаць яго) першае кола, гэта значыць, абласныя кiраўнiчыя структуры, вакол якiх павiнны размяркоўвацца раённыя групы — другога кола, а вакол апошнiх — перыферыйныя групы — трэцяе кола. Пры гэтым прапаноўвалася своеасаблiвая схема канспiрацыi i кансервацыi падполля. На пэўным этапе, калi нейкая тэрыторыя будзе арганiзацыяй ахоплена, яна павiнна быць закансерваваная да спрыяльнай палiтычнай сітуацыi, пры якой па камандзе з Цэнтра павінна была быць гатовая да любых дзеянняў…

Васіль Супрун пасля сталінскіх лагераў
Але за беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі пільна сачыла спецгрупа МГБ. І ў чэрвені 1947 года беларускіх патрыётаў пачалі арыштоўваць. Быў арыштаваны і Васіль Супрун. Амаль паўгода знаходзіўся ў баранавіцкай следчай турме «Крывое кола» і менскай «амерыканцы». 21 лістапада 1947 Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі ў Менску паводле артыкулаў 63-1 і 76 КК БССР (здрада радзіме і антысавецкая агітацыя) асудзіў Супруна на 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці. Такім суровым быў прыгавор перш за ўсё за ўпартасць, нязломнасць, адмову нагаворваць на сябе і іншых, карацей — за характар, за тыя яго рысы, якіх берыеўцы не чакалі ад вясковага настаўніка, маладога народнага інтэлігента, маладога беларуса.

Васіль Супрун (стаіць крайні злева) у гасцях у Ларысы і Янкі Геніюшаў у Зэльве, 1950-я гады
Зняволенне Васіль Супрун адбываў у лагерах Інты і Варкуты. У зняволенні падтрымліваў тайную міжлагерную перапіску з беларускай паэткай Ларысай Геніюш:
Бачыш? Вялізныя шрамы па краю —
Лагеры, зоны, драты.
Там ні за што, як і мы, дагараюць
Нашы ў няволі браты.
Вершы з перапіскі Васіля Супруна і Ларысы Геніюш упершыню былі апублікаваныя ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” вясной 1989 года. Іх публікацыя была тады вялікай падзеяй ў беларускім літаратурным жыцці. Выявілася, што Васіль Супрун усё жыццё пісаў вершы, найбольш патрыятычныя. А першы ягоны верш быў надрукаваны ў “Баранавіцкай газеце” яшчэ ў 1943 годзе. І толькі праз 50 гадоў дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала невялікі зборнічак вершаў Васіля Супруна пад назвай “Крык” з прадмовай прафесара Алега Лойкі. Вершы ў ім былі напоўненыя духоўнай сілай і верай, нязломнасцю духа ды бясконцай любоўю да роднага краю:
Так, каб жыць, каб тварыць, каб змагацца, любіць,
Трэба ўмець супроць хваляў і гора
Непакорна плысці, сваё Заўтра знайсці —
Яно лепей, чым нашае ўчора.
Потым свет пабачылі яшчэ некалькі кніг вершаў, краязнаўчых артыкулаў і ўспамінаў Васіля Супруна. Яго прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Васіль Супрун быў вельмі таленавітым чалавекам. Ён умеў добра фатаграфаваць, маляваць, выдатна іграў на скрыпцы, любіў прыроду. Некалькі разоў ён звяртаўся ў вышэйшыя менскія інстанцыі, каб яго рэабілітавалі, але так і не дачакаўся рэабілітацыі. Але для тых, хто ведаў Васіля Рыгоравіча, ён застаўся маральным аўтарытэтам назаўсёды.

Марыя Пятроўская, Беларускае Радыё Рацыя






