Вера Кунцэвіч, Васілёва дачка (1954-2022), прафесійны дырыжор, мастацкі кіраўнік хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», хору «УЗВышша».
Вера Кунцэвіч нарадзілася 22 траўня 1954 года. Яна прафесійны музыка, выкладала ў педагагічным каледжы (цяпер — Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я. Купалы) дырыжыраванне і фальклор. Пры гэтай установе вяла таксама беларускамоўны гурток для дзетак, куды вадзілі сваіх дзяцей гарадзенскія беларусы.
Як вакалістка мела шырокі гукавы дыяпазон, але спявала звычайна альтам. Мастацкі кіраўнік хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына». Звязала з ім 20 гадоў жыцця. Хор не набыў статус народнага, па прынцыповых прычынах, і ўвесь час заставаўся аматарскім. Але быў нефармальнай выспай беларускай нацыянальнай культуры, вельмі актыўнай групай аднадумцаў, часта яго можна было пачуць на беларускіх фэстах, рэлігійных службах і нацыянальных каляндарна-абрадавых святах – Дзядоў, Калядаў, Купалля. Але таксама і на грамадска значных, і палітычных падзеях: Дня Беларускай Вайсковай Славы, Грунвальдскай перамогі, Дня Волі, Дня герояў.
Для Веры Кунцэвіч развіццё хоравага калектыву, яго рэпертуар, ушчыльную звязанае з яе місіяй. Метафізічныя ператварэнні, натхненне, якое ішло звыш, кіравала ёй. Пра гэта згадвала яна, у інтэрв“ю аднаму гарадзенскаму медыю.
– Адказ на пытанне, куды я ішла, я знайшла ў першым творы, які мы вучылі, гэта быў самы магутны, самы любімы і першы твор хору Беларускай Духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» менавіта гімн «Магутны Божа», Міколы Равенскага, на верш Натальлі Арсеньневай. Дарэчы, гэты гімн пасля таго гучаў завяршэннем кожнага канцэрта «Бацькаўшчыны».
Ня толькі у роднай Беларусі: Магілёў, Ліда, Маладэчна, Гудзевічы, Мір, Парэчча, Гародня, Берасце, Полацак ды шмат дзе яшчэ выступаў хор. Але і замежжа таксама пазнала лірыку і гімнаграфію вялікалітоўскага-беларускага народу. Дзякуючы фундатарам удавалася пабываць харыстам са сваім кіраўніком, Верай Додзік (Кунцэвіч) ў Польшчы, Украіне, Літве, Даніі, Нямеччыне, Францыі. А пасля ўжо фактычнага супынку рэпетыцыйнай дзейнасці былыя удзельнікі хору «Бацькаўшчына» падрыхтаваліся і правялі свой канцэрт «лебядзіная песня» ў 2017 годзе, у гонар свайго чвэрць стагоддзя. За сваё існаванне хор даў тры сотні канцэртаў. Супрацаваў з творчымі калектывамі: «Гасцінец», «Нёман», хорам «Глос з-над Немна».
Вера Кунцэвіч была вельмі энергічным, гарачым і эмацыйным чалавекам. З вялікай харызмай. Што й прыцягвала ў калектыў людзей розных прафесійных інтарэсаў і ўзростаў. Рэпертуар хору Бацькаўшчына быў вельмі багаты. Дзякуючы пошукам годных твораў, вярнуліся ва ўжытак імёны кампазітараў, адрынутых камуністычнымі чыноўнікамі: Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Алесь Туранкоў. Звярнуліся і да творчасці Антона Валынчыка – гарадзенскага музыкі і кампазітара. На жаль, з часам, запрашэнні хору на афіцыйныя імпрэзы пачалі ўсё змяншацца, бо чыноўнікі, дырэктары медычных, адукацыйных установаў, відаць, атрымалі «рэкамендацыі» ад КДБ, каб блакаваць кантакт харыстаў з публікай. Бо хор быў вялікай маральнай сілай: нёс беларускі дух, нязломнасць, высокую культуру, зацікаўленасць да нацыянальнага, што не ўваходзіла ў планы маскоўскіх імперцаў, якія апанавалі краем. У іх задачах стаяла іншае: паказаць недаразвітасць беларускай нацыянальнай культуры. Даводзілася нават чуць ад некаторых чыноўнікаў пасля канцэртаў, калі падыходзілі да Веры і раілі выконваць больш па-расейску музычныя творы. Магчыма намякалі, што была б прэферэнцыя ў даходах і падтрымка ў канцэртах. Але Вера Кунцэвіч ведала, што гэта не ўхваляць харысты, ды й яна сама не была каньюнктуршчыцай, а чалавекам вышэйшага духоўнага парадку. Усё ж у рэпертуары «Бацькаўшчыны», апрача беларускіх твораў, было колькі твораў па-царкоўна-славянску, па-польску, па-ангельску, па-нямецку.
Адной з апошніх улюбёных пляцовак для хору, для папулярызацыі беларускай духоўнай музыкі была лютэранская царква. А перад тым, Вера Кунцэвіч займалася і да канца распрацавала і аднавіла беларускую літургію (музычную частку) Уніяцкае Царквы. Яе пяюць цяпер па ўсёй Беларусі. Калі толькі пачала адраджацца лацінская служба па-беларуску ў гарадзенскай катэдры, то хор «Бацькаўшчына» штонядзелю быў на хорах , разам з мясцовым арганістым Бруна, які суправаджаў на аргане хаду імшы. Супрацаваў хор і з праваслаўнымі цэрквамі, настаяцелі якіх імкнуліся да беларушчыны.
Калектыў, якому значную частку жыцця прысвяціла спадарыня Вера, быў сапраўды рознаўзроставы. І вось што зацеміла, калісьці яна: «Калі у хор прыходзяць маладыя людзі, то ў іх настолькі абуджаецца свядомасць… Нешта чароўнае ёсць у гэтых гуках. Яны чалавечую душу ачышчаюць так, што нават непявучаму хочацца спяваць. Але я лічу – гэта правільна, калі Бог даў чалавеку слых і голас, то гэты дар павінен недзе рэалізавацца. Гэта як немаўля: дзіцятка ад пачатку павінна нарадзіцца, каб вырасці ў чалавека. Так і дар, як зярнятка, ён расце, расце, і ён мусіць недзе рэалізавацца. І вось, калі людзі далучаюцца да нашага калектыву, то гэты дар і раскрываецца».
Вера Кунцэвіч усцешана была бязмерна, ад таго, што столькі людзей, а гэта ці ня сотня харыстаў, далучылася да гэтага незямнога і глыбокага матэрыялу, якім ёсць беларуская духоўная музыка. Яна да таго часу амаль не гучала. Таму “Бацькаўшчына” быў адным з першых калектываў, які распачынаў гэтую справу.
Вера Кунцэвіч вельмі ганарылася, што яна, як мастацкі кіраўнік, спрычынілася да вялікай і метафізічнай справы – перагарнула праз сваё сэрца колькі старонак агромністага фаліянта беларускай духоўнай музыкі і данесла іх да сваіх харыстаў. А харысты – да людзей, і да ўсяго Нашага Краю. Ад таго – людзі хочуць ведаць сваю гісторыю.
Вера Кунцэвіч была вялікім чалавекам, якая стварала вялікую гісторыю нацыянальнага Адраджэньня. 22 траўня бягучага года ёй магло споўніцца 70 гадоў. Але век адраджэнкі быў нядоўгім. Спадарыня Вера памерла 27 ліпеня 2022 году, пахавана на могілках вёскі Парэчча, што ў Гарадзенскім раёне.
Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Папярэднія выпускі: