Беларускі паэт і педагог Вячаслаў Міхасёнак (1941-2002) быў вельмі сціплым і шчырым чалавекам. Ён не імкнуўся ў вялікія паэты і заслужаныя педагогі. Жыў проста, працаваў, як звычайны беларус, які любіць свой народ і мову, культуру, гісторыю, сваю Радзіму, даражыў дружбаю сяброў, за што яны яго вельмі паважалі.
Вячаслаў Міхасёнак скончыў Гарадзенскае музычна-педагагічнае вучылішча і філфак Менскага педінстытута. Працаваў настаўнікам спеваў і беларускай мовы і літаратуры ў Дубраўскай сярэдняй школе на Маладзечаншчыне (1962 – 1988). Меў унікальную хатнюю бібліятэку і архіў. З’яўляўся сябрам літаратурнага аб’яднання “Купалінка”, якое працуе пры “Маладзечанскай газеце”.
На Маладзечаншчыне Вячаслаў Міхасёнак жыў з жонкай у вёсцы Дубрава. Яны разам працавалі ў школе. Настаўнік шчыра сябраваў з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. Захаваліся фотаздымкі Караткевіча ў Дубравах, нават з жонкай Валянцінай ён туды прыязджаў. Прыязджаў і з Адамам Мальдзісам. Той дом, дзе гасцяваў Уладзімір Караткевіч, на жаль, згарэў у 2019 годзе, захаваўся толькі здымак, які зрабіў Караткевіч, а на зваротным баку ён падпісаў, маўляў, і дом яшчэ добры, і гаспадары добрыя. Караткевіч нават сам хацеў у дубраўскіх ваколіцах набыць лецішча. Калі нешта падпісваў Міхасёнку, там заўсёды прысутнічала слова «сябар». Яны шмат перапісваліся, сустракаліся, гутарылі. Калі доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша рыхтаваў першае выданне паэтычнага слоўніка, з падачы Уладзіміра Караткевіча праілюстраваў артыкул пра адну з паэтычных форм вершам Вячаслава Міхасёнка «Хутары». Вось радкі з гэтага верша:
Толькі, калі заскуголіць, завые завея –
“Жэняцца чэрці”, як кажуць сяляне парой.
Ой, неспакойна, трывожна і прыкра на сэрцы
Стане ў дзядзькоў-грамадоўцаў Заходняй былой…
Кураць цыгаркі тады грамадоўцы і крочаць
З покуця ў покуць маўкліва ўсю ноч напралёт,
Нібы прамову вялікую ўзяць яны хочуць
Пра парцэляцыю Крэсаў, як прыйдуць на сход…
На вялікі жаль, у энцыклапедыі Ўладзіміра Караткевіча нават і не прыгадалі пра Вячаслава Міхасёнка.
З 1988 года Вячаслаў Міхасёнак жыў у Слуцку – на радзіме жонкі. Працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў Прошчыцкай васьмігадовай школе, а таксама ў гарадскіх школах Слуцка. Арганізаваў і кіраваў працай грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы” ў Слуцку.
У вольны час настаўнік пісаў вершы і гісторыка-краязнаўчыя артыкулы. Цікавыя матэрыялы Вячаслаў Міхасёнак напісаў і апублікаваў у друку пра сваю родную пастаўскую вёску Міськія. Сярод якіх – “Добры дзень, Міськія!” і “Калгасны лад у вёсцы Міськія”, якія друкаваліся ў “Звяздзе”.
Свае паэтычныя радкі Вячаслаў Міхасёнак выносіў на суд чытачоў у часопісах “Маладосць”, “Родная прырода”, у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, у абласных і раённых выданнях.
У 1997 годзе ў Слуцку выходзіць з друку яго першы і апошні зборнік вершаў “Сіняе рэха”:
Сіняе рэха, даверлівым словам
У мілай, адзінай маёй старане,
Ты адгукніся ўсім мне знаёмым
Нават тады, як не стане мяне…
Не стала беларуса Вячаслава Міхасёнка 13 лістапада 2002 года. Пахаваны ён на Случчыне.
Ганна Ганькоўская, Беларускае Радыё Рацыя