BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Цікавыя беларускія культурныя падзеі гэтага тыдня

У панядзелак у Познані фундацыя КУТ запрашае на святочную імпрэзу па выніках года мясцовай беларускай супольнасці.

Познань
Познань

Тут чакаецца святочны вечар для ўсіх і канцэрт гурта TRAVA; узнагарода для пераможцаў конкурсу на найлепшую ініцыятыву і іншыя атрыбуты.

У панядзелак у Варшаве – вечарына “Music. Animation. Drinks”. Вас чакае ўтульны вечар з праглядам анімацыйных фільмаў на вялікім экране, музыкай і напоямі, які ладзіць рэжысёр-аніматар Іван Гапіенка з нагоды свайго 30-га дня народзінаў і завяршэння сонечнага цыклу для ўсіх нас. Прыблізны план вечара такі. Спачатку ўсіх запросяць на музычную імправізацыю ў жанры alternative ambient. Далей – на паказ найлепшых анімацыйных фільмаў ever, а на завяршэнне – на мастацкі поўны метр для сапраўдных фанатаў анімацыі. Меню напояў і закусак будзе, але можаце дадаткова прыносіць варыянты для сябе. Усё цалкам нефармальна – прыходзьце адпачыць, пагутарыць і паглядзець кіно.

У сераду і чацвер спартыўны клуб «Волат» запрашае пачаць новы год са спорту. 31 снежня тут будзе турнір па настольным тэнісе. Дзве катэгорыі: дзеці да 13 гадоў, а таксама моладзь і дарослыя 14+. А ў чацвер ладзяць турнір па ёркі-боле (мікрафутболе). Без узроставых абмежаванняў, без стартавага ўнёску, прызы камандам-пераможцам.

У сераду беларусы Варшавы сустракаюць Новы год. У 23:34 па беларускім часе, у 21:34 па Варшаве. У праграме: спевы; танцы; жывая музыка; конкурсы; падарункі. Павіншаваць нас прыйдуць  ганаровыя госці, у тым ліку Лукашолкі. «Калі вы баіцеся паказаць свой твар,  калядная маска – найлепшае выйсце! Сцяг на плячах сагрэе не толькі душу, але і цела!» – дадаюць арганізатары.

У сераду ў Варшаве stand up lokal запрашае на галоўнае шоў года. Тэатральная імпрэза і гумарыстычнае шоў ад найлепшых беларускіх комікаў.

У сераду ў Вільні рыхтуемся да провадаў старога году на імпрэзе HAPPY NEW YEAR’S JAZZ. Абяцаюць шоў з музыкай, гумарам і сюрпрызамі з удзелам Паўла Аракеляна (піяніна, саксафон), Габіі Баўжайтэ (вакал), Джузэпэ Ланца (кантрабас) і Джузэпэ дэ Нізі (бубны). Хост, вядоўца і рэжысёр падзеі – шырока вядомы ў вузкіх колах Алесь Ч.

У навагодні вечар, 31 снежня, у Сопаце адбудзецца калядная вечарына беларускіх і розных іншых танцаў. Імпрэза разлічаная на тых, хто ўжо мае танцавальны досвед ці гатовы вучыцца па хадзе – “з нагі”. Спецыяльных танцавальных майстар-класаў не будзе, але ў вас усё атрымаецца! Прыносьце свае ўлюбёныя салаты і напоі на агульны стол!

Беларускае Радыё Рацыя