У пятніцу ў Варшаве Тутэйшы тэатр ладзіць адкрыты нэтворкінг «Пра Кіно». Удзел бярэ Вольга Траўкіна, кастынг-дырэктарка з Беларусі, жыве і працуе ў Нямеччыне, мае 15-гадовы досвед у кінаіндустрыі Еўропы і міжнародных праектах. Абмяркуюць, як выжываць у эміграцыі, будаваць кар’еру, якія цяжкасці і перспектывы ў людзей кіно. Шчыра і адкрыта. Нэтворкінг пасуе для актораў-пачаткоўцаў і ўжо сфармаваных, для рэжысёраў, для людзей з кінаіндустрыі.
У суботу Асацыяцыя беларусаў Амерыкі запрашае на анлайн-сустрэчу з паэтам, музыкам і шоўмэнам Мікітам Найдзёнавым.
У суботу гурт «Relikt» прэзентуе ў Варшаве новы альбом «Ramantyzm». Рэліз азначае адыход ад фолк-натхнення на карысць цалкам арыгінальных, прагрэсіўных кампазіцый. Гэтая музыка шчыльная, эмацыйная і сталая — ідэальная для тых, хто шукае гісторыі пра сучасны свет, эміграцыю і пошук унутранай свабоды ў сваім гучанні.
У суботу беларусы Уроцлава выбіраюцца ў паход, каб гукаць вясну ў гарах разам з гуртом KRIWI. Маршрут нескладаны і доўжыцца каля 8 км.

У суботу ў Беластоку ладзяць гарадскі квэст «Ад Грынявіцкага да Пілсудскага».
Назва невыпадковая — падчас гульні закрануць моманты змагання за беларускую і польскую незалежнасць. Гульня пройдзе ў цэнтры Беластока — недзе паміж касцёлам святога Роха і вуліцай Варшаўскай.
У нядзелю ў Вільні тэатр VARTA грае спектакль «Не магу маўчаць». У аснове пастаноўкі — споведзь маладых людзей, якія вымушаныя шукаць свой жыццёвы шлях удалечыні ад дома. 19 акцёраў з Беларусі і Украіны ва ўзросце ад 13 да 20 гадоў гавораць на самыя патаемныя і балючыя тэмы.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






