У сераду, 9 красавіка, у Батумі – творчая сустрэча з пісьменнікам Севярынам Квяткоўскім.

Аўтар запрашае на кароткія іранічныя, а часам проста смешныя гісторыі з жыцця беларусаў у Польшчы, Грузіі і ўласна Беларусі. Севярын анансуе і выхад новай кнігі «Мы ідзём на Марш!»
У чацвер, 10 красавіка, у Варшаве – лекцыя Віталя Сідаровіча «Культурны кантэкст скарбаў IV-V стагоддзяў з паўночна-заходняй Беларусі. Уплыў ці пашырэнне насельніцтва вяльбарскай культуры?». Лекцыя будзе на польскай мове.

У чацвер у Варшаўскім універсітэце – сустрэча з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец). Гаворка пойдзе пра кнігу «Па што ідзеш, воўча?», якая сёлета выйшла ў перакладзе на польскую мову.
У чацвер у Берліне адбудзецца вечар салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Нас чакае выступ былых палітзняволеных музыкаў гурта «Irdorath» Уладзіміра і Надзеі Калач, а таксама напісанне лістоў беларускім палітвязням.
У чацвер у Беластоку адбудуцца заняткі па беларускіх традыцыйных спевах. Тут чакае сустрэча з Вольгай Барышнікавай, даследчыцай-этнамузыкалагіняй, выкладчыцай традыцыйнага спеву, інструменталісткай, лаўрэаткай міжнародных конкурсаў. Цудоўная магчымасць занурыцца ў свет традыцыйнай культуры, паглыбыць свае веды пра песенны фальклор і проста душэўна правесці вечар у прыемнай кампаніі.
У чацвер Fem*Hub запрашае на «Моўныя кавярні» ў Берліне. Тут можна практыкавацца ў беларускай мове і абмяркаваць розныя тэмы з гендарнай перспектывы.

Гэтым разам паразмаўляюць пра кіно — беларускае і сусветнае. Пакажуць кароткую стужку-сюрпрыз, а пасля пагавораць пра тыя думкі, пачуцці і ўспаміны, якія ў вас выклікаюць фільмы.
У чацвер у Празе – паэтычная сустрэча з Ігарам Куліковым. Праграма будзе ўрбаністычнай: спадар Ігар пачытае найноўшыя вершы пра Менск, Вільню і Варшаву — гарады, дзе паспеў пажыць за апошнія два гады.
У чацвер у Варшаве беларускі хор «Concordia» пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай дае канцэрт-перформанс «Immersion». Тут няма межаў і бар’ераў паміж выканаўцамі і слухачамі: можна мяняць месцы, набліжацца да харыстаў, апынуцца ўнутры гучання або нават стаць часткай хору.
У чацвер віцебская спявачка, кампазітарка і прадзюсарка Галіна Азеран, вядомая як Chikiss, прыбывае ў Батумі з прэзентацыяй альбома «Between Time and Laziness». Напісаны ў Санкт-Пецярбургу, Берліне і Афінах, створаны пры ўдзеле фінскага мультыінструменталіста Jaakko Eino Kalevi і выпушчаны на нямецкім лэйбле Bureau B, гэты альбом увасабляе ў сабе экзістэнцыйныя, псіхалагічныя і філасофскія разважанні ў фармаце песень.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя