У Познані ладзіцца выстава Аляксандра Адамава “Гіперрэалістычная Маці”. Куратарка – Лізавета Сцяцко. У падзеі мастак развівае тэорыю біяпалітычнага інтэрфэйсу – сістэмы кругласутачнай падтрымкі, табліц дазіровак і мяккіх кутоў. Гэтая атмасфера апекі далікатна ахутвае, не маючы жорсткай іерархіі, не здзяйсняючы ўлады наўпрост, але ствараючы механізмы добраахвотнага самападпарадкавання. Візуальная камунікацыя – Даша Абібок.

У аўторак Цэнтр Новых Ідэй прэзентуе анлайн вынікі даследавання “Мэпінг беларускай прапаганды: як працуе праўладны Telegram у 2025 годзе?” Пасля пратэстаў 2020 года праўладныя тэлеграм-каналы сталі адным з ключавых інструментаў беларускай прапаганды. Сёння дзясяткі лаяльных рэсурсаў штодзень выпрацоўваюць тысячы пастоў – але пра што яны пішуць? Як рэагуе аўдыторыя? І як беларускі праўладны сегмент звязаны з расейскімі прапагандысцкімі пляцоўкамі? На прэзентацыі прадставяць вынікі мэпінгу ўплывовых праўладных Telegram-каналаў у 2025 годзе. Гэта “зрэз” пачатку года, але даследаванне будзе рэгулярна абнаўляцца, каб адсочваць дынаміку і змены ў інфармацыйнай прасторы. Даследаванне прэзентуе Леся Руднік, дырэктарка ЦНІ, доктарка паліталагічных навук. Мадэратар – Паўлюк Быкоўскі, палітычны аналітык і медыяэксперт.
У аўторак моладзевая арганізацыя “LICHTAR” ладзіць анлайн-сустрэчу з беларускай дэпутаткай Гарадской Рады Осла ад Ліберальнай партыі “Venstre” Дарʼяй Шут. Спікерка раскажа пра свой шлях і досвед у нарвежскай палітыцы, а таксама пра тое, як беларусы могуць удзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці ў эміграцыі.
Па аўторках у Вільні ладзяць калядныя спеўкі. Тут гавораць пра традыцыі беларускіх Калядаў і вучацца, як можна адсвяткаваць Каляды ў гарадской прасторы. А таксама шмат вучаць і спяваюць тэматычных песень. А там і выправяцца разам калядаваць у Вільні! Вядоўца – Святлана Чакушка, этнаспявачка, лідарка гурта традыцыйных спеваў “Беларускі цуд”, выкладчыца традыцыйнага спеву.
У сераду ў Беластоку граюць спектакль «Дарога ў Віфлеем». Галоўны герой – Вослік, што вельмі стаміўся ад працы і дрэннага абыходжання з боку гаспадара. Ён сустракае Віфлеемскую Зорку, што вызначае яму шлях у Віфлеем да Бога. На шляху Вослік сустракае розных жывёл, якіх хоча ўзяць з сабой. Аднак кожная з іх занята сваімі справамі… Падчас спектакля прагучаць традыцыйныя праваслаўныя калядкі ў суправаджэнні цымбалаў, скрыпкі, акардэона. Спектакль ідзе на беларускай мове.
У сераду кніжны клуб Таварыства беларускай мовы ладзіць анлайн-сустрэчу. Гэтым разам абмяркуюць кнігу Змітра Дзядзенкі “Гісторыі ў прыцемках”. Творы ў кнізе вострасюжэтныя, з загадкамі, містыкай і нечаканымі паваротамі. І, вядома, са зваротам да гісторыі – куды без яе?
Беларускае Радыё Рацыя






