BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cяргей Шабадалаў: Жывём беларускай песняй у Літве

У Белавежы 5-га ліпеня адгрымела Купалле — свята, якое ўжо 41-ы раз сабрала аматараў беларускай культуры з розных куткоў Падляшша і замежжа. Арганізавала падзею Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў межах “Беларускага народнага фэсту”. На сцэне — музыка, танцы, купальскія агні і магія старадаўніх традыцый.

Асаблівую ўвагу гледачоў сёлета прыцягнуў ансамбль «Світанак» з Вісагінаса (Літва), які паказаў, што беларускі дух жыве і квітнее нават за межамі Беларусі. Сёння “Госць Рацыі” — кіраўнік калектыву Сяргей Шабадалаў. Пагаворым пра Купалле, беларускую культуру ў Літве і музыку як мову памяці і супольнасці. А таксама — паслухаем фрагменты выступу «Світанка», каб адчуць атмасферу свята на ўласны слых.

РР: Ваш калектыў – гэта толькі грамадзяне Літвы ці ёсць прыезджыя, мігранты з Беларусі?

Сяргей Шабадалаў: Не, нашаму калектыву праз два гады будзе 30 гадоў. Мы заснаваліся ў 1997 годзе. І за 30 гадоў склад амаль што не мяняўся. Гэта людзі, якія прыехалі калісьці ў 80-я гады на Ігналінскую АЭС. І вось згуртаваліся ў калектыў і спяваем ужо столькі гадоў беларускія песні. Мігрантаў сярод нас пакуль што няма.

РР: А ці ёсць сярод вас моладзь, як вы яе далучаеце? Ці пакуль не атрымліваецца?

Сяргей Шабадалаў: Зараз моладзь больш прагматычная: а што я буду мець, а што мне за гэта будзе? Таму мы іх далучаем да сябе на нейкія імпрэзы, яны нам дапамагаюць з інтэрнэтам, з афішамі, але каб спяваць – цяжка. Я сваіх дзяцей далучаў-далучаў, яны добра ведаюць беларускую мову, гавораць са сваімі роднымі, ганарацца сваімі бацькамі, але да гэтага можа трэба прыйсці. Я скончыў Менскі педагагічны інстытут у 1988 годзе, і ўсё жыццё спяваў. Але пакуль не прыехаў у Вісагінас, і пакуль не далучыўся да ансамбля «Світанак», я спяваў рознае – «Песняроў», «Машыну часу», рок нейкі, і толькі прыйшоўшы ў «Світанак» я адчуў вось гэтую прыгажосць нашай беларускай песні.

РР: Ці выступаеце вы ў Беларусі? Ці былі такія часы?

Сяргей Шабадалаў: Раней заўсёды нас запрашалі. Мы чатыры напэўна разы ўдзельнічалі ў фестывалях беларусаў свету, напэўна 10 гадоў ездзілі ў Дуброўна, у Паставы на «Гучаць цымбалы і гармонік», на «Браслаўскія зарніцы». Зараз трошкі час змяніўся, беларусы нас запрашаюць, але нам зараз не вельмі зручна, скажам так.

РР: Як вас вітае Літва, дзе вы выступаеце?

Сяргей Шабадалаў: Мы шмат выступаем. Мы выступаем і ў Вільні, і ў Клайпедзе, і ў Шальчынінкаі. У нас кожны год праходзіць Свята беларускай песні, на якую збіраюцца беларусы з усёй Літвы, якія ўваходзяць у Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. І вось у гэтым годзе 29-е свята будзе праходзіць у Вісагінасе.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і “Світанак”