BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чым займаецца Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку?

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку афіцыйна пачаў сваю дзейнасць толькі ў пачатку бягучага года, але ўжо мае чым пахваліцца і будуе вялікія планы на будучыню. Чым займаецца цэнтр, з якімі ідэямі выходзіць да беларусаў Падляшша, і чым парадуе бліжэйшым часам. Пра гэта ды іншае паразмаўлялі з “Госцяй Рацыі” – намесніцай дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілонай Карпюк:

РР: Пахваліцеся тым, што ўжо зроблена і ў чым паўдзельнічалі?

– Калі сказаць пра гэтае паўгоддзе, калі працуе цэнтр, то напэўна б сабралася некалькі важных для нас ідэй. Яны ставяцца маленькімі крокамі, але пачыналі думаю гучна яшчэ зімой. Адзначалі Дзень роднай мовы, былі суарганізатарам дэкламатарскага конкурсу, які прайшоў у Беластоку. Пасля пачалі такую ідэю – цыкл лекцый, якія праводзіў спадар Уладзімір Арлоў наконт жанчын і ролі жанчын у беларускай гісторыі, у тым ліку пра жанчын з Беласточчыны, які мелі ўплыў на беларускую гісторыю.

Пасля было святкаванне 100-годдзя Васіля Быкава. Вырашылі, што паколькі не было ідэй, каб у Беластоку ці на Беласточчыне больш значна адзначыць гэтую гадавіну, то было варта. Госці сустрэчы, а таксама прысутныя, згадвалі пра гэтую важную постаць для нашай літаратуры і гісторыі. Прыгадвалі, як спадар Быкаў прыязджаў на Беласточчыну ў афіцыйнай дэлегацыі з пачатку 90-х гадоў. Прэзентавалі ў Беластоку пераклад на беларускую мову біяграфіі Быкава, які ў мінулым годзе стаў даступны чытачам. Яшчэ варта адзначыць, што фонд Kamunikat.org прэзентаваў новае выданне двух апавяданняў Быкава. Былі нагоды для таго, каб сустрэцца і не толькі згадаць пісьменніка, што выдатна зрабіў спадар Арлоў.

За гэтыя паўгода таксама распрацавалі новыя ідэі, паколькі на мапу Беластока вярнуўся фестываль SlowFest. Гэта фестываль, які можа непасрэдна не датычны беларусаў, але думаю яго таксама важна ўлічваць. Улічваць беларускае грамадства, якое стварае культуру на Беласточчыне. Фестываль SlowFest накіраваны на знешняга гледача, але важна заахвочваць людзей якаснай праграмай. У гэтым годзе, калі фестываль вяртаўся, вырашылі што таксама варта пазначыць гэтыя моманты беларускай культуры, беларускай культурнай вытворчасці. Таму запрасілі арганізатараў у Нараўку. Фестываль Podlasie SlowFest накіраваны на знешняга гледача, важна заахвоціць цікавай, якаснай праграмай. Знешні глядач, у тым ліку турыст прыязджае на Беласточчыну.

Вядома, што ў кантэксце памежнага крызісу даволі важна падкрэсліць, што тут надалей цікава, тут бяспечна, тут варта пабываць, сюды варта прыязджаць, паглядзець не толькі прыроду, але і пабываць на культурніцкіх мерапрыемствах. Нам удалося зладзіць сустрэчу з Міхалам Андрасюком, бо цэнтр рыхтуе да выдання яго новую кнігу ў перакладзе на польскую мову. Паралельна з фестывалем быў заснаваны музычна-паэтычны праект “Пан лес”. Адным з ініцыятараў праекту з’яўляецца Юрка Асеннік, вядомы на Падляшшы беларус.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя