31 жніўня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння скульптара, аднаго з арганізатараў і старшыні Усебеларускага аб’яднання мастакоў, Народнага мастака Беларусі Аляксандра Грубэ (1894-1980).

Аляксандр Грубэ нарадзіўся ва Уфімскай губерні (цяпер Башкортастан) у сям’і агранома. Вучыўся ў Пензенскай мужчынскай гімназіі. У 1914 годзе паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта. У канцы 1915 года быў прызваны ў армію. У складзе Сібірскага палка прымаў удзел у ваенных дзеяннях каля Баранавічаў. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у мястэчка Краснаполле Магілёўская вобласць. З 1918 па 1922 гады выкладаў прыродазнаўства і маляванне ў мясцовай школе і займаўся творчасцю: выканаў у гліне партрэты Пірагова, Маркса і Леніна. У гэты час рыхтавалася першая Усерасійская сельскагаспадарчая і культурна-прамысловая выстаўка, у якой Аляксандр Грубэ прымаў удзел. Ён адвёз у Маскву на біржу працы фотаздымкі сваіх работ і некалькіх малюнкаў. Атрымаўшы кваліфікацыю скульптара 4-га рабочага разраду, быў накіраваны камісіяй у брыгаду Шадра, які выконваў для выстаўкі кампазіцыю «Барацьба чалавека з зямлёй». Работа ў знакамітага майстра стала для Аляксандра Грубэ сапраўднай школай прафесіянальнага майстэрства. Пасля вяртання ў Краснаполле працаваў над праектамі розных помнікаў.
У пачатку 1920-х гадоў Аляксандр Грубэ прыехаў у Менск. Працаваў у розных відах і жанрах скульптуры, з 1925 годзе ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У станковых і манументальных кампазіцыях імкнуўся да пошуку аўтарскіх рашэнняў, выкарыстоўваў прыёмы стылізацыі, заснаваныя на традыцыях беларускай народнай драўлянай скульптуры. Асабліва ярка гэта праявілася ў работах «Лірнік» (1925) і «Чырвонаармеец» (1929), дзе абагульнена трактаваныя формы перадаюць значнасць вобразаў, ствараюць уражанне эпічнасці. Наступныя творы – «Раб» і «Тачачнік» («Паднявольная праца», 1929 г.) – адметныя экспрэсіўнасцю формы, выразнай дынамікай. Знойдзеныя майстрам прыёмы атрымалі далейшае развіццё ў работах 1930-40-х гадоў, сярод якіх – «Трактарыстка» (1935) і «Беларус-касец» (1940). У гэты перыяд былі створаны барэльефы «Кастрычнік» для польскага тэатра (у будынку Чырвонага касцёла), дэкаратыўныя рэльефы «Авіямадэліст» і «Фанфарыстка» для Палаца піянераў і школьнікаў у Менску. У даваенны час Аляксандр Грубэ выканаў шэраг партрэтаў, у якіх праявілася здольнасць скульптара да тонкіх псіхалагічна-вобразных характарыстык, уменне пластычнымі сродкамі перадаць падабенства мадэлі. Сярод лепшых партрэтных работ – «Кастусь Каліноўскі» (1926), «Максім Багдановіч» (1927). Творы Аляксандра Грубэ вылучаюцца выразнасцю пластычнай формы, эмацыйнацю, глыбокім пранікненнем у народныя традыцыі, уважлівым вывучэннем дасягненняў наватарскіх ідэй у скульптуры.
З 1941 да 1944 года скульптар знаходзіўся ў Маскве. Ён арганізоўваў выстаўкі беларускіх жывапісцаў у Дзяржаўным гістарычным музеі і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, прымаў удзел у падрыхтоўцы Усесаюзнай выстаўкі «Вялікая Айчынная вайна» (лістапад 1942 г.), дзе экспанаваліся творы і беларускіх мастакоў, якія змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, а таксама тых, хто знаходзіўся ў эвакуацыі.
Творчую работу Аляксандр Грубэ сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. У 1926 годзе ён уваходзіў у Камісію па гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры. У гэтым жа годзе стаў членам Усебеларускага таварыства бібліяфілаў, займаўся стварэннем кніжных знакаў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сёння экслібрыс мастака можна ўбачыць на выданнях Інстытута беларускай культуры. З 1927 па 1929 год Аляксандр Грубэ з’яўляўся адным з арганізатараў і старшынём Усебеларускага аб’яднання мастакоў. Пасля заканчэння яго дзейнасці стаў членам Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі (1929–1932). У 1940 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР, з 1942 па 1944 гады А. Грубэ з’яўляўся яго старшынём. У 1944 годзе атрымаў званне Народнага мастака БССР і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Творы Аляксандра Грубэ знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Трэццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным музеі гарадской скульптуры ў Санкт-Пецярбургу, у Днепрапятроўскім мастацкім музеі.


Беларускае Радыё Рацыя






