BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Да юбілею Тадэвуша Касцюшкі

Вось такую паштоўку выпусцілі філакартысты Беларусі, прысвечаную Тадэвушу Касцюшку (1746-1817), якому 4 лютага спаўняецца 280 гадоў з дня нараджэння.

Беларускі, польскі і амерыканскі нацыянальны герой, непахісны змагар за незалежнасць Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў Мерачоўшчыне на Берасцейшчыне. У 1776 годзе ён пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе прыняў удзел у вайне за незалежнасць ЗША ў званні палкоўніка Кантынентальнай арміі. Будучы дасведчаным вайсковым інжынерам, ён распрацоўваў і камандаваў будаўніцтвам самых сучасных умацаванняў, у тым ліку форта ў Вест-Пойнце і Нью-Ёрк, будаваў лагеры амерыканскай арміі. У 1783 годзе, за адвагу падчас аблогі Саратогі, Тадэвушу Касцюшку было прысвоенае званне брыгаднага генерала. Ён карыстаўся пашанай галоўнакамандуючага  амерыканскай арміяй Джорджа Вашынгтона, а за сваю працу і адвагу атрымаў амерыканскае грамадзянства і зямлю.

У 1784 годзе Тадэвуш Касцюшка вярнуўся ў Польшчу і далучыўся да польскай арміі і ўдзельнічаў у польска-расейскай вайне ў 1792 года, у якой вызначыўся ў некалькіх бітвах, у тым ліку пад Зяленцамі.

У 1794 годзе, пасля другога падзелу Польшчы, Тадэвуш Касцюшка арганізаваў і кіраваў паўстаннем, якое цяпер гісторыкі называюць паўстаннем Касцюшкі. Пад Рацлавіцамі разбіў расейскія войскі. Паранены пад Мацеявіцамі, трапіў у палон. Касцюшка быў памілаваны імператарам Паўлам І і эміграваў у ЗША, а пазней у Швейцарыю, дзе памёр у 1817 годзе. Прах генерала пакоіцца ў крыпце св. Леанарда на Вавелі, а яго сэрца – у Каралеўскім замку ў Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя