Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Беларуская хатка” у Менску 6 красавіка запрашае на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея “Беларуская хатка” – класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.
Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй ён пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой.
Наведвальнікаў чакае цікавае падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба менскай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры. Можна будзе больш даведацца пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка і актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Менску.
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай – заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.