Працяг беларускіх традыцый і звычаяў у замежжы даволі складаная задача і праца для беларусаў. У Вільні гэтым займаецца этнацэнтр “Світанак” на чале з Марынай Струнеўскай. Гэтыя энтузіясты праводзяць абрады “Багач”,“Дзяды”, “Каляды”, “Беларускае вяселле”, якое зладзілі не так даўно ў сталіцы Літвы, ды іншае. А дапамагае ёй у гэтым наша Госця Рацыі – яе дачка – этнакультуролаг Дана Струнеўская. З ёй мы і паразмаўлялі.

Дана Струнеўская: Мне 27 гадоў. Я спецыяліст па фальклору. У маім дыпломе так і напісана: спецыяліст па фальклору, выкладчык. І я дачка Марыны Фёдараўны Струнеўскай. Разам мы ладзім абрады беларусаў.
РР: Цудоўна, што вы дапамагаеце маці. Як вы прыйшлі да гэтага?
Дана Струнеўская: Мой шлях у гэтую традыцыю пачаўся з чатырох маіх год. Мяне мама завяла да вельмі цудоўнага выкладчыка па фальклору. Зараз яе ўжо няма ў жывых, на жаль, гэта Марыя Васільеўна Снітко, гэта была першая жанчына, якая мне паказала, як спяваць, што такое беларускае традыцыя. Я хадзіла ў гэты калектыў 19 год. То бок, я з 4-х год спяваю і не спыняюся ў гэтым. І калі паўстала пытанне куды мне паступаць, бо мама мая вельмі хацела, каб я была перакладчыкам з французскай мовы, а я французскую мову страшна не любіла, а любіла фальклор і танцы. Мой уласны выбар быў такі: або пайду на харэаграфію, або пайду на фальклор. Я выбрала фальклор. Першы год майго навучання маці, сціснуўшы зубы, гэта прымала. А потым яна зразумела, што насамрэч гэта быў вельмі добры, класны выбар. Але вось ад мамы ўсё гэта пайшло.
РР: І вы пераехалі разам у Вільню і працуеце разам?
Дана Струнеўская: Не. Так сталася, што я магу галоўным чынам кансультаваць і дапамагаць, калі ў мяне ёсць час, таму што ўсе мы, хто апыўнуся ў эміграцыі, а ў нас з мамай вымушаная эміграцыя, мусім неяк уладкоўвацца. Ніколі ў палітыцы мы з мамай не былі, але калі пабачылі ўсе жорсткасці, якія адбываліся на вуліцы, то не маглі застацца ў баку.
Мы з мамай працавалі як настаўніцы ў школе, я пашырала беларускую культуру, бо я скончыла інстытут культуры, у мяне было сваё бачанне. У мамы было іншае бачанне. Але працавалі разам ужо ў Беларусі. То бок, з маіх 17-ці год я педагог побач з ёй. Я з новымі ідэямі. Яна, канешне, успрымала іх спачатку вельмі эмацыйна, але са мной усё ж пагадзілася. Проста я яе нібыта перацягнула на гэты фальклорны бок. І яна зразумела, што ў адрозненні ад гэтай філарманічнай культуры, якую мы звыкліся бачыць у нашай філармоніі, у нас ёсць альтэрнатыва, якой у нікога не было.
І калі адбыліся страшныя рэчы ў нашым краі, нам прыйшлося з’ехаць. І тут мама абрала шлях далей працягваць быць настаўніцай і перадаваць веды з пакалення ў пакалення. А мне трэба было неяк паставіць сябе “на ногі”, атрымаць нейкую працу, якая была б стабільнай. Таму што ў эміграцыі складана займацца культурай, калі яе не падтрымліваюць людзі, або нейкія сур’ёзныя ўстановы. Усё што вы тут бачыце, гэта зроблена на ўласным жаданні далей паказваць традыцыі. Гэта ніяк не прафінансавана.
І калі ў мяне ёсць магчымасць, я прыязджаю з Польшчы, таму што я жыву ў Польшчы, а мама жыве ў Літве. Я магу галоўным чынам кансультаваць, а мама тут робіць практычную справу. Я вырашыла, што таксама буду адкрываць сваю фундацыю ў Варшаве, але гэта справа не вельмі простая. Таму да мамы ў справе нейкіх арганізацыйных і юрыдычных спраў мне яшчэ далёка, але было б здорава, каб і ў Варшаве ў беларусаў была такая магчымасць пазнаваць і пашыраць свае традыцыі.
Цалкам размова:




Беларускае Радыё Рацыя




