20-га кастрычніка віленскія могілкі Росы сталі месцам незвычайнага ўрока гісторыі і прэзентацыі адрамантаваных надмагільных помнікаў. Мерапрыемства, арганізаванае Грамадскім камітэтам аховы Старой Росы (SKOnSR), сабрала шматлікіх жыхароў Вільні і ваколіц, гасцей з Кентшына і гімнастычнае таварыства «Сокул» з Салечнікаў.

Штогадовую восеньскую экскурсію па Росах ўзначаліў прэзідэнт Камітэта Дарыюш Жыбарт, які і распавёў пра дзейнасць Камітэта на могілках, сувязі з актывістамі Польшчы і Беларусі, ды чыёй спадчынай з’яўляюцца самыя вядомыя могілкі Літвы – могілкі Росы ў Вільні:
– Грамадскі камітэт аховы Старой Росы паўстаў 34 гады таму. У наступным годзе будзем адзначаць невялікі юбілей. Асноўнай задачай Камітэту з’яўляецца захаванне могілкаў на віленскіх Росах. Зразумела, што мы таксама яшчэ даглядаем бернардынскія могілкі, так званыя Старыя могілкі ў Вільні. Нашая дзейнасць палягае на захаванні і аднаўленні помнікаў, клопаце пра могілкі, арганізацыі акцый па ўпарадкаванні могілак. Да Дня 1-га лістапада арганізуем запальванне знічоў. Кожны год збіраем больш за 10 тысяч знічоў. 1-га лістапада харцэры, валанцёры, віленцы прыходзяць на могілкі і запальваюць іх. Таксама адным з кірункаў дзейнасці з’яўляецца збор сродкаў на аднаўленне помнікаў.
РР: Таксама ў вас запланаваны шэраг акцый да Дня ўсіх Святых 1-га лістапада.
Дарыюш Жыбарт: У гэтым годзе таксама праходзіць нашая акцыя па ўпарадкаванні могілак з 7 кастрычніка па 26 кастрычніка ўключна. Праходзіць таксама збор знічаў. Таксама 1-га лістапада адбудзецца акцыя “„Światełko dla Rossy”. Знічы прывязуць на могілкі Росы і Бернардынскія, і а 14-й гадзіне запрашаем усіх, каб дапамаглі запаліць гэтыя знічы.
РР: Хочацца спытаць пра супрацу вашага Камітэту з беларускімі актывістамі ці арганізацыямі, якія таксама апякуюцца асобнымі магіламі.
Дарыюш Жыбарт: Мы супрацоўнічалі з беларусамі Літвы, якія далучаліся да нашых акцый па ўпарадкаванні могілак, таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці прыходзяць на Росы наведаць магілы беларусаў, пахаваных тут. Не так шмат ёсць гэтых магіл.
РР: На Вашую думку, чыёй спадчынай з’яўляюцца могілкі Росы?
Дарыюш Жыбарт: Калі казаць пра надмагіллі, то на 99% іх напісана па-польску. Але я заўсёды гавару і падкрэсліваю, што гэта наша супольная спадчына польска-літоўская, але ёсць і пахаванні кіраўнікоў паўстання Каліноўскага, пахаваных у капліцы, вядома, што надпісы на іх па-беларуску. Я мяркую, што гэта супольная спадчына абодвух народаў, але і ўсіх тых, нават меншасцяў, якія жывуць у Літве. Гэта агульная спадчына жыхароў Вільні.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:















Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Камітэта аховы Старой Росы






