10 студзеня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, крытыка і педагога Яраслава Клімуця (1940-2022).
Яраслаў Клімуць быў родам з вёскі Вострава Мастоўскага раёна. Бацька, Іван Ігнатавіч, памёр у 1988 годзе. Маці, Соф’я Іванаўна, была непісьменнай, усё жыццё прысвяціла выхаванню дзяцей, памерла ў 1968 годзе. У іх хаце была невялічкая ўласная бібліятэка з расейскіх, польскіх і беларускіх кніг. У далейшым кніга стала для Яраслава Клімуця патрэбаю жыцця.
Вучыўся ён у Востраўскай пачатковай школе, потым — у Гудзевіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1958 годзе. Працаваў у калгасе, сельмагу,
служыў у Савецкай Арміі, вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. У 1967-1968 гадах настаўнічаў у Дубаўской васьмігадовай школе Ваўкавыскага раёна, потым працаваў ва Ўздзенскай раённай газеце.
Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1972—1976). У 1979 годзе Яраслаў Клімуць абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Якуб Колас і руская савецкая паэзія”.
Пасля аспірантуры Яраслаў Клімуць пераехаў у Магілёў, працаваў старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. А з 1986 года быў дэканам філалагічнага факультэта гэтага інстытута.
Упершыню Яраслаў Клімуць выступіў у друку ў 1967 годзе з рэцэнзіяй на юбілейны зборнік “Дзень паэзіі-67”. У артыкулах і рэцэнзіях даследчык асвятляў стан сучаснай паэзіі і прозы. У манаграфіі “Жыццёвасць традыцый” прааналізаваў узаемасувязі беларускай і расейскай літаратур, пераклады паэзіі Якуба Коласа на расейскую мову, даследаваў уплыў эпічнай паэзіі беларускага класіка на творчасць Ісакоўскага, Твардоўскага, Рыленкава, Сідарэнкі і іншых.
Яраслаў Клімуць узначальваў Магілёўскую абласную арганізацыю Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. З яго ініцыятывы пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова працаваў нядзельны беларускамоўны ліцэй. Таксама Яраслаў Клімуць вёў літаратурную старонку ў абласной газеце “Магілёўская праўда”. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя