5 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, доктара філалагічных навук, прафесара Аркадзя Жураўскага (1924-2009).
Аркадзь Жураўскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Талачынскім раёне. Скончыў Янаўскую пачатковую школу, вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, у — Талачынскай сярэдняй школе № 1.
У гады Другой сусветнай вайны вайны Аркадзь Жураўскі разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам удзельнічаў у партызанскім руху ў атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх важнейшых баявых аперацыях. Падзеі вайны Аркадзь Жураўскі апісаў у кнізе «За родныя хаты» (1974).
У верасні 1945 года Аркадзь Жураўскі паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 годзе і паводле рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук Беларусі. У 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Доктарская дысертацыя на тэму «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» была абароненая ў 1968 годзе.
З 1953 года Аркадзь Жураўскі працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, займаў пасаду вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, загадчыка сектара тэрміналогіі, старшага навуковага супрацоўніка, а затым у 1960—1992 гадах і загадчыка сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адначасова з 1974 года — намеснік дырэктара, у 1983—1988 гадах — дырэктар інстытута, потым – саветнік пры дырэкцыі інстытута, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. У 1985—1990 гадах — старшыня Беларускага камітэта славістаў.
Аркадзь Жураўскі даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і іншых). Вывучаў пытанні нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Аўтар болей за 300 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій і слоўнікаў.
У сааўтарстве і асобна напісаў і выдаў кнігі “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, “Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі”, “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы”, “Гістарычная марфалогія беларускай мовы”, “Мова выданняў Францыска Скарыны” і іншыя.
Аркадзь Жураўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Францыска Скарыны, а таксама ўганараваны ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі”. За цыкл прац “Скарына і беларуская культура” разам з аўтарскім калектывам атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя