BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Даследчык антыбальшавіцкіх паўстанняў

15 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі Юркі Віцьбіча (1905-1975).

Юрка Віцьбіч (сапраўднае прозвішча Серафім Шчарбакоў, на эміграцыі Юры Стукаліч) нарадзіўся ў г. Веліж Віцебскай губерні (цяпер Расея, Смаленская вобласць) у сям’і святара Мікалаеўскай царквы. Вучыўся ў 5-й Веліжскай школе. У родным горадзе скончыў педагагічны тэхнікум. Працаваць настаўнікам Юрку Віцьбічу не дазволілі – меў варожае савецкай уладзе сацыяльнае паходжанне. Таму год служыў у войску, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты.

У 1922 – 1932 гадах беларус працаваў у Маскве: спачатку на будоўлі, потым – на хімічным заводзе. Атруціўшыся фасгенам, стаў інвалідам працы. Вярнуўся ў Віцебск. У 1939 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1939 годзе Юрка Віцьбіч удзельнічаў у Віцебскай навуковай экспедыцыі па пашпартызацыі помнікаў гісторыі і мастацтва.

У час нямецкай акупацыі актыўна выступаў у друку з артыкуламі па гісторыі Беларусі ў “Беларускай газеце”, “Беларускім работніку”, “Раніцы”, выдаў два зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы”, “Нацыянальныя сьвятыні”. Быў сябрам Беларускага культурнага згуртавання, рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса “Узвышша” (быў падрыхтаваны адзін нумар).

У 1943 годзе Юрка Віцьбіч перавёз з Віцебска ў Полацк парэшткі Еўфрасінні Полацкай. Летам 1944 года пісьменнік выехаў у Германію, жыў у лагерах для бежанцаў у гарадах Міхельсдорф, Ватэнштэт, Бакнанг, Фогенштраус, Віндзішбергердорф і іншых. У 1946 годзе ў Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне “Шыпшына”, быў яго старшынём. Рэдагаваў часопісы “Шыпшына” (10 асобнікаў, 1946-1950), “Звіняць званы Святой Сафіі” (1946-1947), газету “Беларускае слова” (1948-1949).

У 1949 годзе беларус пераехаў у ЗША, у г. Саўт – Рывер, штат Нью-Джэрсі. Як публіцыст выступаў на старонках беларускіх і расейскіх эмігранцкіх перыядычных выданняў: “Бацькаўшчына” (Мюнхен), “Беларус” (Нью-Ёрк), “Божым шляхам” (Парыж-Лондан), “Новое русское слово” (Нью-Ёрк). Выступаў на Радыё “Свабода”, быў пазаштатным карэспандэнтам.

Памёр Юрка Віцьбіч 4 студзеня 1975 года, пахаваны ў Саўт-Рыверы на могілках царквы Св. Еўфрасінні Полацкай.

Як пісьменнік Юрка Віцьбіч (іншы псеўданім Алесь Крыжаніч) дэбютаваў апавяданнем “Млынарова рука” у 1929 г. у часопісе “Узвышша”. Аўтар кніг прозы “Смерць Ірмы Лаймінг” (1932), “Формула супраціўлення касцей” (1937). Выдаў кнігу гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” (Мюнхен, 1956), зборнік артыкулаў на расейскай мове “Мы дойдём” (Нью-Ёрк, 1975). У 1996 годзе ў Нью-Ёрку была выдадзена яго праца “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі” (перавыданне – Смаленск, 2007).

Беларускае Радыё Рацыя