BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Даследчык беларускай мовы

25 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Леаніда Падгайскага (1934-1980).

Леанід Падгайскі даследаваў сінтаксіс беларускай мовы і методыку яе выкладання ў пачатковых класах. За час працы на кафедры Менскага педінстытута Леанід Падгайскі ў суаўтарстве з метадыстамі-практыкамі напісаў і апублікаваў у 1969–1971 гадах тры падручнікі для вучняў 1–3 класаў, якія перавыдаваліся звыш дзесяці разоў. Для таго, каб палегчыць настаўніку падрыхтоўку да ўрокаў, а самі заняткі зрабіць змястоўнымі і цікавымі, Леанід Падгайскі самастойна і ў суаўтарстве падрыхтаваў шэраг метадычных дапаможнікаў: “Беларуская мова ў першым класе” (1970, 1973), “Беларуская мова ў другім класе” (1971, 1974), “Беларуская мова ў трэцім класе” (1971, 1975).
Былі сярод работ Леаніда Падгайскага і калектыўныя дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў: “Зборнік дыктантаў па беларускай мове” (1973), “Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія” (1975) і іншыя.

Па матэрыялах працяглай эксперыментальнай працы, праведзенай пераважна ў вясковых школах Беларусі, Леанід Падгайскі падрыхтаваў і надрукаваў у 1975 годзе манаграфію “Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: граматыка, правапіс і развіццё мовы”. Манаграфія стала асновай доктарскай дысертацыі Леаніда Падгайскага “Сістэма навучання роднай мове ў пачатковых класах беларускіх школ (граматыка, правапіс, развіццё мовы)”, якую ён паспяхова абараніў у 1980 годзе. У ёй упершыню ў Беларусі былі распрацаваны тэарэтычныя асновы методыкі навучання роднай мове.

Беларускае Радыё Рацыя