7 ліпеня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзеяча беларускага харавога мастацтва, кампазітара і дырыжора Генадзя Цітовіча (1910-1986).

Творчая дзейнасць Генадзя Цітовіча, заснавальніка беларускага этнамузыказнаўства – адна з самых яркіх старонак фальклорна-музычнага жыцця Беларусі.
Нарадзіўся Генадзь Цітовіч у вёсцы Новы Пагост Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і сельскіх настаўнікаў. Пасля заканчэння праваслаўнай духоўнай семінарыі паступіў у Віленскі ўніверсітэт, а пазней у кансерваторыю, якую закончыў у 1939 годзе.
Свой першы фальклорны запіс Генадзь Цітовіч зрабіў у дваццацідвухгадовым узросце падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. Гэта была вясновая песня “Ды што ў садзе лялеіцца”. Нястомныя пошукі мелодый, народных песень пачаліся з жадання запісаць у першую чаргу бабуліны песні. Потым быў зафіксаваны песенны фальклор родных мясцін. У пошуках народнага фальклору Генадзь Цітовіч пабываў у многіх кутках Беларусі. Ён стаў руплівым, шчырым і высокакваліфікаваным збіральнікам і даследчыкам беларускіх народных песень, іх інтэрпрэтатарам спачатку ў ансамблі “Баян”, з 1939 года – у самадзейным Падлескім народным хоры (Ляхавіцкі раён), а потым з 1952 да 1974 гады – у Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь.

Генадзь Цітовіч аўтар прац “Беларускія народныя песні” (двухгалосыя, 1948), “Песні шчасця” (1950), “Песні беларускага народа” (1959), “Сучасная беларуская песня” (1961), “Польскія народныя песні” (выбраныя, 1962), “Новыя стылявыя рысы традыцыйнай беларускай народнай песні” (1964) і іншых. З-пад яго пяра выйшлі энцыклапедычная “Анталогія беларускай народнай песні” і грунтоўнае даследаванне “Аб беларускім песенным фальклоры”. За гэтыя працы ў 1978 годзе Генадзь Цітовіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Збіральніцкая дзейнасць для яго была не калекцыяніраваннем, а даследаваннем прынцыпаў народнай песні, яе інтанацыйнага і рытмічнага складу, меладычнай самабытнасці і перанясення ўсіх гэтых якасцей на прафесійную сцэну ў натуральным выглядзе без змены гукаўтварэння. Генадзь Цітовіч захоўваў першародную чысціню і хараство народных мелодый, даваў іх на сцэне ў сінкрэтычным адзінстве з музыкай, рухам, танцам. Нястомны прапагандыст беларускай музычнай культуры, ён глыбока раскрыў жывую трапяткую душу народнай песні і вывеў яе на шырокія прасторы сусветнага мастацтва.

Генадзь Цітовіч запісаў больш за 3000 узораў песеннага і інструментальнага фальклору, зрабіў больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый. Такія песні, як “Рэчанька”, “Вяне рута”, “Да ў зялёнай дуброве”, “Ой, рана на Йвана”, “Жавароначкі, прыляціце”, “Хацела ж мяне маці замуж аддаці”, “Чаму ж мне не пець?” і іншыя, увайшлі ў залаты фонд нацыянальнага музычнага мастацтва.

Беларускае Радыё Рацыя






