8 студзеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вучонага-гісторыка, археолага, краязнаўца, фалькларыста, літаратуразнаўца, аўтара шэрагу літаратурна-краязнаўчых нарысаў, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі Генадзя Каханоўскага (1936-1994).

Генадзь Каханоўскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1945 годзе ён стаў вучнем Насілаўскай сямігодкі, потым вучыўся ў Лебедзеўскай сярэдняй школе, пасля заканчэння якой спрабаваў паступіць у Рыжскае рачное вучылішча, але не прайшоў па конкурсе і ў 1955 годзе быў прызваны ў армію. Служыў у войсках сувязі, спачатку на Гомельшчыне, затым у пасёлку Стуніцы Маскоўскай вобласці. Пасля арміі Генадзь Каханоўскі паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута. У перыяд навучання шмат працаваў у маскоўскіх архівах і музеях з мэтай знайсці як мага больш матэрыялу на карысць роднай Бацькаўшчыны. Менавіта ў Маскве ён адчуў сябе беларусам. Беларусам не па пашпарце, не па паходжанні, а па думках і справах. З лёгкай рукі Генадзя Каханоўскага ў Маскве ўзнік беларускі студэнцкі гурток. У ім чыталі даклады па гісторыі і культуры Беларусі, арганізоўвалі вандроўкі па мясцінах, звязаных з жыццём выдатных людзей, наладжвалі кантакты з дзеячамі беларускай культуры.
Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, беларус выкладаў гісторыю ў Ленкаўскай васьмігадовай школе. А з 1964 года ён пачаў працаваць у Менскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладэчне, дзе прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара. Дзякуючы яму фонды музея ўзбагаціліся шматлікімі экспанатамі, сярод якіх ёсць выключна рэдкія: 15 старадрукаваных кніг, а таксама “Уніяцкі служэбнік” 1740 года выдання, “Вопіс на карысць Хоўхлаўскай царквы”, зроблены на старабеларускай мове князем Станіславам Кішкам у 1607 годзе, “Тлумачэнні да твораў Цыцэрона”, выдадзеныя ў 1762 годзе Нясвіжскай друкарняй Радзівілаў і іншыя.

У 1979 годзе Генадзь Каханоўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму”, а праз тры гады быў запрошаны на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1991 па 1994 гады ён працаваў у Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны, дзе займаўся пытаннямі краязнаўства, музеязнаўства і бібліятэказнаўства. У 1992 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.

Навуковая спадчына Генадзя Каханоўскага – гэта шматлікія публікацыі ў перыядычным друку, артыкулы ў энцыклапедычных выданнях і каля двух дзясяткаў кніг. Ён аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Міхася Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў “Маладэчна”, “Вілейка” і іншых. Вучоны даследаваў развіццё гісторыка-літаратурнага працэсу XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, асобныя перыяды жыцця і дзейнасці вядомых беларускіх пісьменнікаў, уводзіў у навуковы ўжытак імёны малавядомых літаратараў. Многія з гэтых даследаванняў увайшлі ў кнігу гісторыка-літаратурных нарысаў “Адчыніся, таямніца часу” (1984).

Беларускае Радыё Рацыя






