BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Даследчык гісторыі беларускай мовы

20 ліпеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага мовазнаўца Уладзіміра Анічэнкі (1924-2001).

Уладзімір Анічэнка нарадзіўся ў вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і.

У 1931 годзе ён паступіў вучыцца ў Янаўскую трохгадовую пачатковую школу, чацвёрты клас якой скончыў у суседняй вёсцы Камуна ў 1935 годзе. У 1935–1941 гадах Уладзімір Анічэнка вучыўся ў Хоцімскай сярэдняй школе.

У чэрвені 1941 годзе дапамагаў эвакуіраваць калгасных коней у Курскую вобласць. Пасля вяртання дадому зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі: трапіў у Магілёўскі канцлагер, адкуль у хуткім часе ўцёк. Затым быў вывезены фашыстамі на прымусовыя работы ў Судэты (г. Мост, Чэхія), дзе яму разам з іншымі вязнямі пашанцавала вырвацца з няволі і стварыць у Арліцкіх гарах партызанскі атрад “Эда”, у складзе якога змагаўся з 12 верасня 1943 г. па 9 мая 1945 года.

У 1945–1946 гадах беларус служыў у Чырвонай Арміі. Быў супрацоўнікам армейскай газеты “Гвардзеец”, пасля дэмабілізацыі працаваў карэспандэнтам ваўкавыскай гарадской газеты “Зара”.
На працягу 1947–1952 гадах Уладзімір Анічэнка быў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў з адзнакай, і стаў аспірантам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

У 1955 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю “Гісторыя форм прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV-XVI ст.ст.” . Працаваў малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР. Займаўся ўкамплектаваннем інстытуцкай бібліятэкі рэдкімі рукапіснымі і друкаванымі помнікамі старабеларускага пісьменства.
У 1970 годзе Уладзімір Анічэнка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі”. З гэтага часу Уладзімір  Анічэнка быў загадчыкам кафедрай беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”).

У 1991–2001 гадах Уладзімір Анічэнка – прафесар кафедры беларускай мовы і загадчык лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары ўніверсітэта. Узначальваў савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці “Беларуская мова”. Выхаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук мовазнаўства.

У апошнія гады свайго жыцця Уладзімір Анічэнка займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу “Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка”, які не быў апублікаваны.
Уладзімір Анічэнка даследаваў гісторыю беларускай мовы. Вывучаў (1960-я гады) беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі старажытнай пары.
На рахунку вучонага больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 18 асобных выданняў, апублікаваных за мяжой.

Па ініцыятыве Уладзіміра Анічэнкі з 1973 года ў выдавецтве БДУ (з 1996 г. у ГДУ) стаў выходзіць міжведамасны зборнік навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (1973–1976), перайменаваны ў зборнік “Беларуская мова” (1977–1999). Усяго пад рэдакцыяй Уладзіміра Анічэнкі выйшлі 24 выпускі зборніка, у якіх апублікавалі свае артыкулы выкладчыкі і аспіранты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, Мазырскага, Віцебскага, Гарадзенскага, Магілёўскага, Берасцейкага ўніверсітэтаў.
За комплекс работ “Скарынiяна” (1966–1988) быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У 1993 годзе ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзякуючы намаганням Уладзіміра Анічэнкі, быў адкрыты музей-лабараторыя Францыска Скарыны.

Важнае месца ў даследаваннях Уладзіміра Анічэнкі апошніх дзесяцігоддзяў занялі пытанні рэгіянальнай лексікалогіі і лексікаграфіі, якія  асвятляліся ў  асобных лексікаграфічных выданнях: “Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры” (у сааўтарстве) (Менск, 1983). “Народныя прыкметы” (Менск, 1992, у сааўтарстве); “Вопыт літаратурна-дыялектнага  слоўніка беларускай мовы” (Гомель, 1999).

Актуальныя пытанні культуры маўлення і стылістыкі таксама хвалявалі Уладзіміра Анічэнку. Ён з’явіўся адным з аўтараў і навуковым рэдактарам вучэбнага дапаможніка з грыфам Міністэрства адукацыі “Асновы культуры маўлення і стылістыкі” (Менск, 1992), сааўтарам хрэстаматый і слоўнікаў крылатых выслоўяў, афарызмаў, выказванняў вядомых паэтаў і пісьменнікаў: “Пісьменнік і мова” (Менск, 1962), “Каласы роднай мовы” (Менск, 1990), “Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач” (Гомель, 1997). Мове фальклорных твораў прысвечаны зборнікі “Беларускі казачны эпас” (Менск, 1976), “Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы” (Менск, 1995) і іншыя.

Вялікае месца ў лінгвістычнай дзейнасці Уладзіміра Анічэнкі заняла падрыхтоўка васьмітомнага “Слоўніка мовы Янкі Купалы” (СМЯК, 1997 – 2012 гг.), якую пад кіраўніцтвам прафесара ажыццявіў калектыў лексіколагаў – прафесарска-выкладчыцкі састаў кафедры беларускай мовы і супрацоўнікі лінгвістычнай лабараторыі Гомельскага ўніверсітэта.

Беларускае Радыё Рацыя