24 лютага ў самым сэрцы Беластоку, на сцэне Беластоцкага тэатру лялек, гучала беларускае слова — жывое, хвалюючае, непадробнае. Тут адбыўся дэкламатарскі конкурс, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.

Гэта быў не проста конкурс — гэта была сустрэча пакаленняў, інтанацый і гісторый. На сцэне — дзеці, моладзь і дарослыя. У зале — цішыня, якая слухае. Кожны верш — як асабістае прызнанне ў любові да беларускай мовы.
Пра атмасферу і адметнасці сёлетняга спаборніцтва распавёў адзін з арганізатараў, кіраўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч:
– Міжнародны дзень роднай мовы – гэта важнае свята для кожнай нацыі, але беларусы ў такой сітуацыі, што падаецца, павінна быць ім яшчэ важней, каб не забывацца на родную мову, таму што гэта частка тоеснасці, дзякуючы ёй мы таксама разумеем нашую супольнасць і, магчыма, што нават і супольныя мэты. Перадусім варта захаваць гэтае разуменне, якую супольнасць мы ствараем. А гэта можа адбывацца таксама дзякуючы вось такім конкурсам.
Пра конкурс кажа ваявода Падляшскі Яцэк Бжазоўскі:
– Гэтая падзея адзначаецца ва ўсім свеце ўжо 26 гадоў, але, як я ўжо казаў, у Падляшскім ваяводстве яна адзначаецца ўжо пяць гадоў. Дзякуючы фонду, я вельмі рады, што нашыя беларускія сябры маюць магчымасць звярнуць увагу і паказаць, наколькі важна захоўваць уласную ідэнтычнасць, якую немагчыма пабудаваць без мовы. Мова – гэта носьбіт культуры, і я рады, што мерапрыемства аб’ядноўвае яе самых малодшых, так і крыху старэйшых, і ўсе добра бавяць час. Але, з іншага боку, яно асаблівым чынам паказвае, наколькі важная роля мовы.
У конкурсе ўдзельнічала больш за 70 удзельнікаў з розных краін, частка з іх прыехала на конкурс у Беласток, а сябрамі журы былі вядомыя беларускія журналісты, акторы і пісьменнікі. Яны ацэньвалі не толькі дыкцыю і сцэнічнасць, але і глыбіню, і асабісты тон, і тое самае «нешта», што немагчыма прапісаць у крытэрыях.
Цалкам матэрыял:
У Беластоцкім тэатры лялек адбыўся Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы.




















Беларускае Радыё Рацыя






