“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: мастакамі, рамеснікамі, дызайнерамі, … – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Госцяй праекту стала Ана Мацкевіч – мастачка, музыка, перформерка.
Ана Мацкевіч: “У дзяцінстве я размалявала сваю медкартку”

– Для мяне маляванне – гэта ў першую чаргу рэлакс. Калі я малюю – значыць, нарэшце, у мяне з’явіўся вольны час. Гэта крыху нагадвае маю фартэпіянную імправізацыю. У такія хвіліны я проста саджуся за інструмент, адключаюся ад усяго і граю для сябе, каб крыху вылячыць сваю душу.

– У маляванні я вельмі люблю калажную тэхніку. Мне вельмі падабаецца злучаць, напрыклад, краявід і надпісы. Альбо нешта коміксна-графічнае і арт-дэкорныя лініі.

– Шчыра кажучы, я ўжо не памятаю, што намалявала першым. Але магу шчыра прызнацца, што ў дзяцінстве ў паліклініцы размалявала сваю медкартку. Мне здаецца, што яшчэ і мамін пашпарт, але ў гэтым я не ўпэўненая.
Памятаю, што ўвесь час малявала нейкіх дзяўчынак і кучу крывых ліній. У школе я была рок-н-рольным падлеткам. Мне не падабалася сядзець на занятках, таму падчас іх я апранала навушнікі, хавала іх пад валасамі і малявала.

– Гадоў 5-6 таму я хацела прадаваць арыгіналы сваіх прац. Але ў выніку ніводнага арыгінала не прадала, бо яны мне ўсё вельмі дарагія. Я, канешне, разумею, што гэта ўвогуле не падыход фінансава паспяховага мастака, але так ёсць.

– Самая дарагая для мяне карціна – гэта твор, які я рабіла для свайго мужа, калі мы толькі пазнаёміліся. Яна імпрэсіянісцкая. Там намаляваны вішнёвы сад. Другая дарагая – гэта два падарожнікі і ружовы заход. Яна больш у стылі Рэнэ Магрыта. А трэцяя – гэта партрэт аленя. Там снег ёсць і заход сонца. А сам алень вельмі прыгожы, калядны. Вось глядзіць ён глядзіць на цябе – і неяк прыемна становіцца.

– Музыка мне ў маляванні дапамагае. Я ж нездарма называю сябе мультыдысцыплінарным артыстам. У маёй дзейнасці розныя кірункі творчасці перакрыжоўваюцца, працуюць і спалучаюцца адна з адной. Была ў мяне неяк прыгожая ідэя – стварыць асобны музычны твор і да яго візуальны. Гэта не абавязкова павінна быць намаляваная карціна – гэта можа быць і відэа, і інсталяцыі, і нешта іншае. І вось задача чалавека – сядзець, слухаць гэты музычны твор і глядзець на гэтую мастацкую працу. Атрымліваецца спалучэнне важных эмоцый і пачуццяў, якія я хачу перадаць разам з сабой. Паглядзім. Можа быць, калісьці я гэтую ідэю рэалізую.

– Нядаўна мы з маім мужам і сябрамі адчынілі кавярню ў Варшаве. І вядома, там ёсць мае працы. Яны знаходзяцца ў першым жа памяшканні. Яны калажныя: распавядаюць пра лакацыю, якую адкрылі, пра раён, каву, дэсерты і… жывёл (месца-та ў нас веганскае!). Таму ўсё ў тэму. А яшчэ ў нас вісіць плакат, дзе мы вітаем усіх на польскай, англійскай і беларускай мовах – толькі лацінкай. Плюс у нашай кавярні ёсць мае паштоўкі, якія можна набыць.

– Самае складанае для мяне – гэта маляваць увесь час, і рабіць гэта ў сваім стылі. Вытрымаць свой стыль (прычым не толькі ў маляванні, але і ва ўсіх сферах жыцця) – гэта цяжка.

– Год таму я была на крутым майстар-класе ад Волі Кліп пра пазіцыянаванне свайго мастацтва. На жаль, жыццёвыя абставіны не дазволілі мне скончыць іх. Але я была вельмі натхнёная! Мне вельмі падабалася тое, што нягледзячы на тое, што я не мела фармальнай адукацыі ў напрамку візуальных мастацтваў, мяне ўспрымалі нароўні з усімі. Мне казалі, што маё мастацтва, якім бы эклектычным яно не было, яно мае сэнс. Гэта для мяне вельмi важна!

Беларускае Радыё Рацыя






